Вольга Колас


Вольга Колас, 23 гады. Скончыла Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт. Захацела вучыцца далей і набыць веды ў галіне турызму. Па студэнцкай праграме AUPAIR выехала ў Францыю. Каб здабыць сродкі на адукацыю, даглядала дзяцей. Паступіла ва ўнівэрсытэт і пасьля працы хадзіла на заняткі. Цяпер вучыцца і працуе ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Вольга хоча быць незалежнай, дабіваецца сваёй мэты толькі ўласнымі сіламі й лічыць, што жыцьцё на чужыне дасьць ёй карысны жыцьцёвы вопыт.

(Колас: ) “Каб атрымаць адукацыю ў галіне турызму, я павінна была паступаць ва ўнівэрсытэт і вучыцца тры гады. У Францыі я гэта магу зрабіць за год, ёсьць такая спэцыялізацыя – замежныя мовы плюс турызм. Мне вельмі падабаецца гэтая спэцыялізацыя, я вывучаю тут ангельскую, італьянскую мову і плюс француская. Я спазнаю базы турызму і зараз буду праходзіць практыку ў мэрыі. Я буду займацца падрыхтоўкай да культурнага мерапрыемства, якое робіцца для турыстаў. Пасьля я буду ў турыстычным офісе таксама сустракацца з рознымі турыстамі. Мне гэта вельмі цікава.

Францускія студэнты ўсе маюць аўтамабілі й на заняткі прыяжджаюць на ўласных машынах. У францускіх студэнтаў прынята вучыцца два гады ў адным месцы, пасьля працягваць адукацыю ужо ў іншым горадзе, чацьверты курс – ізноў у іншым месцы, так яны прывыклі вандраваць. Многія студэнты праходзяць практыку па-за межамі Францыі. Але для гэтага таксама трэба мець магчымасьці, бо практыка не аплачваецца.

У маёй групе студэнты з розных куткоў Францыі. Хлопцы, іх усяго толькі двое, а група складаецца з 30 чалавек. Французы – яны больш зважаюць на тых, хто прыехаў з замежжа. Да мяне ёсьць увага, я выдзяляюся, бо ў мяне сьветлыя вочы й даўгія сьветлыя валасы. Хутчэй не на факультэце, а на вуліцы, скажам, ці ў транспарце. Я стараюся, каб да мяне не чапляліся. Камплімэнты яны кажуць часам на вуліцы, гэта прыемна”.