Андрусю Сухаверхаму зь Пінску 23 гады. Ён студэнт-завочнік Украінскай акадэміі банкаўскай справы. Кажа, што размаўляе па-беларуску нават за межамі радзімы, а найлепшае ўражаньне ад вандровак у замежжа атрымлівае па вяртаньні ў Беларусь. Марыць пра ўласную справу й стварэньне традыцыі нацыянальнай кухні. Сёньня ён выказвае сваё бачаньне далейшага разьвіцьця Беларусі.
(Сухаверхі: ) “Сытуацыя склалася так, што мне як чалавеку нацыяналістычных поглядаў, цяжка вучыцца ў беларускіх ВНУ. Акрамя таго, мне ня выпала паступіць на бясплатнае навучаньне, а платнае каштуе вельмі дорага. Таму вырашыў павучыцца ва Ўкраіне. Адукацыя там таньнейшая, у мяне там шмат сяброў. Але ня хочацца там застацца. Ведаеце, што найлепш мне падабаецца ў маіх паездках за мяжу? Вось мне давялося пабываць у Расеі, Польшчы, Літве, Украіне й іншых. Самае цікавае й самае лепшае – калі ты вяртаесься на радзіму. Спачатку замежныя памежнікі цябе сустракаюць, а пасьля нашыя, родныя, грубыя, некалькі разоў правераць твой пашпарт, аблаюць. А пасьля з камфартабэльных цягнікоў ты перасаджваесься ў нашыя электравікі, дзе едзе народ, які ўжывае сьпіртовыя напоі ня вельмі добрай якасьці. Але адчуваеш радасьць ад таго, што ты вярнуўся на радзіму й што нешта ў гэтай краіне можаш зьмяніць толькі ты.
Зьмяняць трэба шмат, пачынаючы ад элемэнтарных маральных нормаў і заканчваючы глябальнымі. Канечне, дэмакратычныя зьмены ў Канстытуцыі павінныя быць, сыстэму адукацыі трэба зьмяняць і шмат што яшчэ. Я лічу, што беларускі народ – такі працавіты, што, параўноўваючы з тымі ж самымі расейцамі, мы можам жыць шмат лепей.
Мараў вельмі шмат: хацелася бы зарабляць шмат грошай, каб укладваць іх у беларускія справы. Хацелася бы празь некалькі гадоў бачыць нешта кшталту Макдональдзу, але зь беларускім харчаваньнем. Хацелася бы ўкладваць грошы ў гэта. Я чытаў, што калісьці ў Беларусі рабілі вядомае ў Эўропе зялёнае піва. Хацелася бы адрадзіць нешта падобнае й стварыць такія кавярні, як у Эўропе, дзе падаваліся бы нацыянальныя напоі й стравы.
Слухачам Свабоды што пажадаць? Не губляць аптымізму. Шмат цяжкіх момантаў сустракаецца ў жыцьці, але трэба верыць у сябе. Я веру ў беларускі народ, які бы ён ні быў. Я веру, што з гэтымі людзьмі можна будаваць будучыню – свабодную незалежную Беларусь”.