Андрэй Чырун


Андрэй Чырун, 23 гады. Жыве ў Кобрыні (Берасьцейская вобласьць). Працуе ў Доме творчасьці юнацтва. Адказы на жыцьцёвыя пытаньні шукае ў Бібліі.

(Чырун: ) “Скажам так: задаволены сваім жыцьцём я часткова. Быццам маю працу, больш-менш перабіваюся, займаюся тым, што мне цікава. Не задавальняе тое, што гэтая праца малааплачваная. Прыходзіцца дзесьці яшчэ шукаць іншага заробку, каб больш-менш нармалёва існаваць.

Я хацеў бы стаць больш сур’ёзным, больш адказным. Не хапае дысцыплінаванасьці. Гэта сур’ёная рэч, якая патрэбная для нармалёвай працы.

Ідзе цяпер пераасэнсаваньне свайго жыцьця, сваіх мэтаў, маральных прынцыпаў. Мяркую, што кожны чалавек марыць, каб Кобрынь стала такім цудоўным горадам, дзе было б шмат дыскатэкаў, увесь сьвяціўся бы горад, была б разьвітая менавіта моладзевая інфраструктура. Але з усім гэтым да моладзі прыйдуць і наркотыкі, і шмат чаго разбуральнага. Гэта можна зрабіць, але патрэбна таксама падводзіць моладзь маральна й духоўна да такога. Без духоўнасьці гэтага немагчыма тут рабіць. І тут, натуральна, мы прыходзім да веры ў Бога.

Цяпер чытаю Біблію. Даволі шмат сэнсу там закладзена. І папросту пазіраю на гэта ўсё нанова, разумею, чаму мы жывем у такім грамадзтве, чаму мы жывем у такой краіне, ад чаго гэта ідзе, што трэба зрабіць для таго, каб нашая краіна зьмянілася, каб мы сталі лепш жыць.

Шчасьлівым у Беларусі можна быць таксама часткова. З аднаго боку, я патрыёт сваёй Радзімы, я шчасьлівы, што ў ёй жыву, тое, што я жыву ў такі час, калі можна штосьці зьмяніць. Быць духоўна шчасьлівым можна. У матэрыяльным сэнсе — гэта практычна немагчыма.

Чаго баюся? Баюся, мабыць, таго, што гэтая краіна застанецца ў цемры, у якой яна цяпер знаходзіцца, і яшчэ болей паглынецца гэтай цемрай. Цяперашнія ўлады — гэта складаная рэч. Хацелася, каб гэтыя людзі ня толькі думалі пра сябе, пра тое, як утрымаць свае месцы, а проста былі нармалёвымі людзьмі. І каб думалі пра іншых людзей. Думалі пра тое, што ў гэтай краіне жыць усім нам разам.

Каб пазьбегнуць памылак, трэба глядзець на досьвед іншых людзей. Усё адно, чалавек будзе спатыкацца. Будзе памыляцца. Галоўнае, каб двойчы альбо тройчы не наступаць на тыя ж самыя граблі. Каб дасягнуць посьпеху ў сваім жыцьці, трэба паставіць мэту й быць нармалёвым чалавекам.

Сярод вядомых асобаў, якія для мяне зьяўляюцца маральнымі аўтарытэтымі, хацеў бы назваць Васіля Быкава. Ісуса Хрыста — бо сваім жыцьцём ён сапраўды паказаў, наколькі можна быць духоўным чалавекам нават у самых складаных сытуацыях. Сярод палітыкаў я такіх ня ведаю, якія б для мяне былі прывабнымі, бо палітыкі заўжды хлусяць і не да канца гавораць праўду”.