Галіна Кацуба – ураджэнка Гомельшчыны. Ёй 26 гадоў, мае вышэйшую адукацыю. Цяпер жыве ў Менску й працуе ў грамадзкім цэнтры “Супольнасьць”, але марыць пра навуковую кар’еру. Любіць падарожнічаць, чытаць Рэмарка й Караткевіча. Прыхільніца большага радыкалізму ў грамадзтве. Сёньня Галіна Кацуба гаворыць пра сваё бачаньне зьменаў у грамадзкім і палітычным жыцьці краіны.
(Кацуба:) “Хочацца пераменаў і пераменаў, магчыма, радыкальных. Таму, што палітыка пагадненьняў – яна ў нечым правільная, але, мне здаецца, павінныя быць два шляхі: больш лагодны, міратворчы й больш радыкальны. Мне здаецца, што калі ісьці толькі міратворчым шляхам, то пераменаў у гэтай краіне ня ўбачым ні пры сваім жыцьці, ні пры жыцьці нашых дзяцей і ўнукаў. Павінны быць больш актыўны супраціў, як моладзі, так і людзей сталага веку.
Будучае жыцьцё я бачу наступным чынам: цяпер я працую ў грамадзкай арганізацыі, але надалей хацела бы навучацца ў асьпірантуры па спэцыялізацыі гісторыя й сваё далейшае жыцьцё зьвязаць з гэтай навукай. Хацелася бы больш падарожнічаць, бачыць сьвет, знаёміцца зь людзьмі й мець на твары ўсьмешку, а ня думаць што заўтра есьці, у што апрануцца, што рабіць і куды ісьці. Працую я ў грамадзкай арганізацыі й ад гэтага таксама праблемы: я не магу заявіць, што я належу да такой-та арганізацыі, ня маю дастаткова сродкаў, каб увасабляць свае мары.
Таксама не заўсёды людзям беларускамоўным даводзіцца лёгка ў нашым грамадзтве: могуць не абслужыць на чыгунцы, могуць нахаміць у краіне, могуць не адказаць у нейкай дзяржаўнай установе толькі таму, што ты носьбіт гэтай мовы.
Безумоўна хацелася бы, каб дзяржава зьмянялася й эканамічна, і палітычна. Хацелася бы больш рэальнай і сьветлай будучыні. Маладому пакаленьню хацелася бы пажадаць, каб яны адкрывалі нераскрытыя таямніцы, што мы ня горшыя ні за Польшчу, ні за іншыя краіны. Пажадала бы, каб людзі набывалі веды і ня толькі ў нашай краіне, але й за яе межамі й потым каб вярталіся назад. Бо я сама маю ўжо колькі сяброў, якія зьехалі ў эміграцыю й наўрад ці вернуцца сюды. Яны гэта абгрунтоўваюць тым, што калі тут будзе лепей, то яны вернуцца сюды. Але бяз нас, калі мы ня будзем гэтае “лепей” ствараць, то, безумоўна, нічога й ня будзе”.