Вольга Бяляева


Вольга Бяляева, 18 гадоў. Нарадзілася й да апошняга часу жыла ў мястэчку Горкі Магілёўскае вобласьці. Цяпер жыве ў Менску й вучыцца на першым курсе факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Любіць сучаснае выяўленчае мастацтва, сучаснае кіно й кнігі Міларада Павіча.

(Бяляева:) “Я зьдзейсьніла сваю мару: я паступіла на журфак... Але, напэўна, зараз гэта ўжо не дасягненьне. Як аказалася, гэта зусім ня тое, чаго я чакала: я ня бачу, што мяне вучаць журналістыцы. Нейкі такі падыход – саветчынай вельмі пахне...

Шчыра кажучы, у ідэале я б хацела працаваць не на тэлевізіі, не на радыё, а ў невялікай газэце. Дарэчы, у нас ёсьць адна такая ў Горках: гэтая газэта камэрцыйная, недзяржаўная, называецца “Рэгіянальныя ведамасьці”. Там людзі сапраўды працуюць, усе робяць адную справу, і мне вельмі падабаецца такая атмасфэра. А ёсьць у маім горадзе другая газэта (у нас іх усяго дзьве – камэрцыйная й дзяржаўная): дык вось у дзяржаўнай працуе толькі адна жанчына-энтузіястка: яна й вёрстку робіць, і зьбірае матэрыялы, і піша, і ўсё... А іншыя толькі атрымліваюць сваю зарплату й нічога ня робяць. Яна называецца “Ленінскі шлях”.

Нягледзячы на тое, што я – журналіст (зьбіраюся быць), перамены я вельмі цяжка перажываю ў душы. І мне здаецца, што я не змагу недзе ў іншым месцы жыць, зь іншымі людзімі – не... Думаю, што ў Беларусі таксама ёсьць шчасьлівыя людзі й могуць быць шчасьлівыя. І я буду шчасьлівай. Канечне, зараз кожны дзень у цябе адбываецца нейкі маленькі стрэс. Хтосьці цябе піхнуў, аблаяў, нешта яшчэ... Зараз у мяне вельмі балюча гэта ўсё адбываецца. І вось калі я змагу пабудаваць нейкі такі панцыр, то, я думаю, што змагу быць шчасьлівай і змагу жыць як бы “ў сабе”. Калі я стану дарослай, я стану, як і ўсе яны – непрабіваемай нейкай... Думаю, што так лягчэй”.