Усевалад Сіняк


Усевалад Сіняк мае 28 гадоў, але кажа, што адчувае сябе не старэйшым за 20-гадовага юнака. Займаецца дробным прадпрымальніцтвам, але марыць распачаць буйную справу ў сфэры паслугаў для турыстычнага бізнэсу. Шкадуе, што дзяржава не стварае для гэтага ўмоваў, але перакананы, што ў моладзі такая пэрспэктыва будзе, калі яна праявіць ініцыятыву й ужо сёньня распачне нешта рабіць.

(Сіняк: ) “Жыцьцё маё за апошнія некалькі гадоў стала больш цікавым, бо ўсё ж з узростам шмат што разумееш, больш спакойна ўспрымаеш нашую рэчаіснасьць і спрабуеш нешта зрабіць і для іншых, і для сябе.

Год таму я афіцыйна стаў прыватным прадпрымальнікам. Спрабую распачаць сваю справу, але легальна, відаць, нічога не атрымаецца, бо нашая дзяржава не спрыяе гэтаму. Даводзіцца яшэ падпрацоўваць: займацца прыватным возьніцтвам на сваім аўтамабілі, продажам сувэнірнай прадукцыі, якую вырабляюць нашыя майстры. Гэта вялікага прыбытку не прыносіць, а больш маральнае задавальненьне — на дадзены момант. Але ў будучыні, спадзяюся, гэта будзе прыносіць нейкія матэрыяльныя выгоды: я зараблю грошы, а таксама тры-чатыры чалавекі, якія мне гэтыя тавары вырабяць.

Я лічу, што цяпер нашыя турыстычныя цэнтры — Мір, Нясьвіж, Наваградак, на жаль, маюць нуль раскруткі. І гэтая ніша не запоўненая. Ідэя ёсьць завесьці сваю справу — у тым жа Міры паставіць шапік, каб прадаваць народныя вырабы. Але спрабаваў я заняцца — Карэліцкі райвыканкам нічога ня ведае, пасылае ў Горадню. Вось такія праблемы — для нармалёвай краіны ўвогуле не зразумела, што адбываецца, а ў нас — тое, што ёсьць. Нават у Менску ў некаторых музэях нічога не прадаецца, кажуць, што ліцэнзіі нямай і гэтак далей.

Ну, дык я лічу, што нам самім трэба пачынаць займацца й ня толькі гэтым бізнэсам, але й іншым, каб стваралася свая, у найлепшым сэнсе беларуская “мафія” — людзей заможных, якія затым сфармуюць сваю беларускую дзяржаву.

Што б я хацеў пажадаць сваім равесьнікам, якія цяпер не ў Беларусі, але ўсё ж вернуцца: разам мы будзем будаваць нашую краіну. Тым, хто знаходзіцца дома — не зьяжджаць, набрацца аптымізму, адукавацца й рабіць самім, каб было лепей. Не спадзявацца на іншых і не забывацца, што мы жывем яшчэ ў постсавецкай дзяржаве”.