Васіль Крывавяз, 27 гадоў. Дырэктар СШ №1 г. Заслаўе. Дырэктарствуе першы сэзон. Выкладчык матэматыкі, выкладае матэматыку на беларускай мове.
(Крывавяз: ) “Цяжка, канечне, выкладаць матэматыку на беларускай мове ў тым пляне, што ёсьць у розных слоўніках розныя пераклады. Напрыклад, у адным “раўнаньне”, а ў другім — “ураўненьне”. І дзецям цяжка ў гэтым пляне, і настаўнікам цяжка. Няма такога згоднага перакладу гэтых матэматычных тэрмінаў.
Вось, напрыклад, мне выкладалі ў інстытуце “раўнаньне”. “Раўнаньне” мне больш падабаецца. Бо “ўраўненьне” неяк гучыць па-расейску. Але ж у падручніках — “ураўненьне”. “Назоўнік” — гэта ж па-расейску “знаменатель”. І таму дзеці блытаюць. Там ідзе гэта як часьціна мовы, а тут — таксама “назоўнік”. Чаму так, ніхто ня ведае. Можа трэба “знаменатель” перакладаць інакш.
Цяжка дзецям успрымаць на беларускай мове гэты матэрыял. Некаторыя прасілі, каб выкладаў па-расейску. На адным уроку я сказаў, што вось, дзеці, гэта мы зробім вось так. І адразу перакладаем на расейскую мову, каб яны разумелі, аб чым ідзе гаворка.
Чаму цяжка? Таму што і бацькі гавораць па-расейску, і ў жыцьці чуюць яны расейскую мову. Атрымліваецца, што яны нібыта нейкія ізгоі. І атрымліваецца, што ў школе на беларускай, а ў жыцьці на расейскай. Трэба ўжо ва ўсім асяродзьдзі, дзе яны знаходзяцца, каб яны гаварылі на беларускай мове, тады б ім было прасьцей. А так дома па-расейску, а ў школе па-беларуску.
Ну і, канечне, цяжка тое, што тут яны вывучаюць матэматыку на беларускай мове. Потым дзесьці яны ўжо пайшлі далей, там на расейскай мове. Я маю на ўвазе, што калі яны пойдуць у інстытут, у тэхнікум ці яшчэ куды-небудзь, ім трэба зноў перавучвацца зь беларускай мовы на расейскую. Хістацца туды-сюды.
Я не лічу, што гэта абавязак. Я калі прыйшоў у інстытут, то ў мяне выкладаньне амаль усіх прадметаў у пэдінстытуце было на беларускай мове. Мне спачатку было цяжка, але потым я прывык. І зараз я можа матэматыку лепей ведаю па-беларуску, чымсьці па-расейску. Таму мне няцяжка выкладаць матэматыку на беларускай мове. Мне падабаецца. Здаецца, у нейкім сэнсе гэтая мова можа больш ляканічная, чымсьці расейская мова”.