Аляксей Казлоў, 24 гады. Нарадзіўся ў вёсцы Мармавічы Сьветлагорскага раёну. Асьпірант Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту па эканамічнай тэорыі, бакалаўр Варшаўскага ўнівэрсытэту (абараніў там навуковую працу як дасьледчык беларускага рынку працы). Менавіта ў Польшчы пазнаёміўся з будучай жонкай – таксама беларускай. Цяпер жыве ў Менску, гадуе 6-месячнага сына Кастуся. Аляксей цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, але зь юнацтва ўлюбёным яго творам застаецца раман “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіча.
(Казлоў: ) “У нас не было думкі нават заставацца альбо кудысьці зьяжджаць за мяжу: мы, вядома, зьбіраліся вяртацца на Беларусь – проста таму, што мы кахаем яе... Я, напрыклад – сваю вёску, лес, рачулку, людзей, якія навокал. Мы вельмі любім адпачываць на азёрах – у прыватнасьці, на берасьцейскіх азёрах...
Паколькі я чалавек ужо жанаты, і жонка мая таксама асьпірантка (была выключаная з Акадэміі Навук у сувязі з нараджэньнем дзіцяці), мы жывем толькі на стыпэндыю і дапамогу на дзіця: стыпэндыя – 106 тысячаў апошняя, і 50 тысячаў на дзіця... Проста сапраўды хацелася б знайсьці нармальную працу, за якую атрымліваў бы дастойную ўзнагароду і якой бы аддаваў цалкам увесь свой патэнцыял інтэлектуальны, фізычны і г.д. Але, на жаль, нават па сканчэньні асьпірантуры ня ведаю, ці буду працаваць нармальна ва ўнівэрсытэце сваім...
Вельмі шмат сустракаў людзей, якія сапраўды шукаюць нейкія шляхі выезду адсюль: як уцячы ў Амэрыку ці нават у Маскву на заробкі. Людзей адпужвае жабрацкае існаваньне тут. Думаю, што гэта першая прычына. Для звычайных людзей няма магчымасьцяў рэалізацыі: яны павінныя пісаць у навуковых працах тое, што “патрэбна”, казаць тое, што “патрэбна” камусьці, а ня тое, чаго б хацелі яны... Я думаю, што трэба проста працаваць і верыць, што нас чакае нармальнае, чалавечае жыцьцё тут, у Беларусі”.