Сяргей Сахараў


Менчуку Сяргею Сахараву 24 гады. Ён – асьпірант пэдунівэрсытэту, катэдры тэорыі й гісторыі культуры. Любіць чытаць і мяркуе прысьвяціць сябе разьвіцьцю беларускай навукі. Мае шырокае кола знаёмых і сяброў, актыўна ўдзельнічае ў грамадзкіх ініцыятывах, а таксама зьяўляецца папулярным вядучым канцэртаў вядомых беларускіх гуртоў. Сёньня ён кажа пра сваё бачаньне жыцьця ў Беларусі.

(Сахараў: ) “У мяне ёсьць ідэальны вобраз мяне самога, да якога я імкнуся. Я найперш хачу зьмяніць нешта ў сабе. Калі ты зьмяняеш нешта ў сабе на добры лад, то, адпаведна, мяняецца й сьвет вакол цябе. Мне падабаецца, што вакол мяне сапраўды вельмі прыгожыя, вельмі разумныя людзі. І я ўпэўнены, што людзі, якія жывуць у нашай краіне, маюць вельмі вялікі патэнцыял, які трэба рэалізоўваць.

Прынамсі, я зьяўляюся адным з рэдактараў моладзевага часопісу “Студэнцкая думка”. Мне хочацца, каб ён стаў нашмат лепшым, каб яго чытала большая колькасьць людзей. У сваю чаргу, у сваім часопісе мы стараемся праводзіць ідэю, што і ў гэтай краіне можна й трэба жыць. І гэтую краіну можна і трэба будаваць. І якой мы яе зараз будзем спрабаваць рабіць, такой яна насамрэч і будзе.

Я пажадаў бы маладым слухачам Радыё Свабода ставіцца да жыцьця вельмі пазытыўна, ва ўсім бачыць найперш добрае. Трэба зразумець, што сьвет ня чорна-белы, што сьвет цалкам можа быць і шэрым. І ў гэтай шэрасьці трэба знаходзіць станоўчыя моманты. Стаўцеся адзін да аднаго па-сяброўску, разумейце адзін аднаго, і ўсё ў нас атрымаецца”.