Хрысьціяне і тэлебачаньне

Сяргей Абламейка, Прага

Вядомы каталіцкі тэоляг і сацыёляг з Канады Маршал Мак Луган, былы член папскай камісіі ў справе сродкаў масавай інфармацыі, выпусьціў нядаўна кнігу “Галяктыка Гутэнбэрга”. У кнізе ён падзяліў гісторыю чалавецтва на дзьве эпохі. Першай была эпоха славеснай камунікацыі. Тады выкарыстоўваліся славесныя, пісьмовыя і друкаваныя сродкі камунікацыі. Другой стала эпоха мадэрновых сродкаў камунікацыі – яе Мак Луган назваў векам электронікі. Гэтая эпоха спарадзіла велізарныя зьмены ў чалавечым пазнаньні. І вось у сувязі з гэтым Мак Луган піша пра нараджэньне новага пакаленьня людзей, так званага пасьля-алфавітнага.

Адна з галоўных высноваў кнігі Мак Лугана такая: электроннае асяродзьдзе пасьля-алфавітанага чалавека ператварае наш сьвет у адну вёску. Усё паведамляецца ўсім, кожны даведваецца пра здарэньне і бярэ ў ім удзел у той самы момант, калі падзея адбываецца. У старую кніжную эпоху чалавек успрымаў інфармацыю паступова, пачародна, зараз яго атакуюць з усіх бакоў адначасна, і так ён і ўспрымае інфармацыю – і праз зрок, і праз слых. Адно з наступстваў гэтага – цяжкасьць дыфэрэнцаваць паток інфармацыі. Тэлевізія, такім чынам, можа ня толькі дапамагаць жыць, але і шкодзіць.

Як цэрквы ставяцца да сучасных сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасьці, да тэлевізіі? Што раяць сваім вернікам? Ці трэба абмяжоўваць доступ дзяцей да тэлевізіі? Найперш я пазваніў сталаму ўдзельніку нашай перадачы, настаяцелю праваслаўнай Калоскай царквы ў Горадні айцу Аляксандру Велісейчыку.

(Велісейчык: ) “Тэлебачаньне можна параўнаць з нажом – усё залежыць ад таго, як мы ім карыстаемся, і як ён нам служыць. Па тэлевізары можна паказаць перадачу “Сымбаль веры”, як гэта робіць наша абласное гарадзенскае тэлебачаньне, або на беларускім тэлебачаньні праграма “Існасьць”. Можна глядзець навіны, нармальныя фільмы, а можна і самі ведаеце што – распусту і гэтак далей. Таму гэта ўсё будзе залежаць ад таго, як чалавецтва карыстаецца тэлебачаньнем. Асобныя людзі могуць ставіцца па-рознаму да тэлевізіі. Манах можа наогул адмовіцца ад тэлебачаньня, калі яму будзе такое блаславеньне для ўратаваньня яго душы”.

(Абламейка: ) “Ну а калі б вернік вашай парафіі спытаўся ў вас, абмяжоўваць сваім дзецям тэлебачаньне ці могуць днямі глядзець?”

(Велісейчык: ) “Абмежаваньне, вядома, павінна быць. Чалавек можа трапіць у залежнасьць. “Усё мне можна, але ня ўсё мне карысна” – кажа апостал Павал”.

Такім чынам, айцец Аляксандар Велісейчык параўнаў тэлевізію з нажом, які можна выкарыстаць як на дабро, так і на шкоду. Ён нават працытаваў апостала Паўла, які сказаў: “Усё мне можна, але ня ўсё мне карысна”. Галоўнае, паводле айца Аляксандра Велісейчыка, ня трапіць у залежнасьць ад тэлевізіі. А калі ідзе пра дзяцей, дык ён адназначна выступае за сэлекцыю праграмаў для іх і разумнае абмежаваньне іх доступу да тэлевізіі.

А як да тэлевізіі ставяцца беларускія пратэстанты? Вось мая гутарка з эвангельскім прапаведнікам зь Менску Андрэем Дылюком.

(Дылюк: ) “Да тэлебачаньня пратэстанцкія вернікі ў Беларусі ставяцца па-рознаму. Цэрквы традыцыйныя –тыя, што існуюць з пачатку мінулага стагодзьдзя, ставяцца да тэлебачаньня крытычна. Я маю на ўвазе баптыстаў, пяцідзесятнікаў і адвэнтыстаў. Гэта зьвязана з тым, што атэісты выкарыстоўвалі тэлебачаньне для атэістычнай прапаганды.
Нават няверуючыя людзі ў нашым грамадзтве – сацыёлягі, псыхолягі – занепакоеныя тым, што за год па тэлевізары можна убачыць каля 400 тысяч сцэнаў гвалту – гэта ж уплывае на псыхіку дзяцей і падлеткаў.
Ёсьць і новыя эвангельскія дэнамінацыі, для якіх тэлебачаньне і інтэрнэт – проста тэхнічныя сродкі. Той жа малаток ці нож можна выкарыстаць для таго, каб зрабіць нешта новае, а можна неналежным чынам выкарыстаць”.

(Абламейка: ) “Што вы скажаце наконт дзяцей? Ці трэба ім абмяжоўваць час сядзеньня ля экранаў тэлевізараў?”

(Дылюк: ) “Трэба. Трэба дзяцей ад нядобрых праграмаў засьцерагаць”.

Як бачым, паводле прапаведніка Андрэя Дылюка, самыя масавыя пратэстанцкія цэрквы Беларусі – баптысты, пяцідзесятнікі і адвэнтысты – адмоўна ставяцца да тэлевізіі. Асабліва перакананыя іх вернікі могуць і ня мець дома тэлевізіі. Ёсьць і іншыя пратэстанцкія плыні, якія разглядаюць тэлевізію і інтэрнэт як звычайныя тэхнічныя сродкі камунікацыі і нармальна іх выкарыстоўваюць. Аднак жа і прапаведнік Андрэй Дылюк параўнаў тэлевізію з нажом, які можа дапамагчы, а можа і пашкодзіць, і выступіў за абмежаваньне доступу дзяцей да тэлевізіі.

Вядома, што каталіцкія псыхолягі нават распрацавалі цэлы комплек рэкамэндацыяў бацькам, якія хочуць выгадаваць добрых дзяцей. Агульны іх матыў просты: не забараняць дзецям бавіцца ля тэлевізара, калі гэта зручны час і нармальная праграма, і забараняць ім глядзець усё, што непрыдадтнае для іх узросту, і што кожны дарослы можа ацаніць, як шкоднае з маральнага пункту гледжаньня. Шкодзіць ня сама экран, але тое, што ён паказвае.

Я пазваніў таксама Апостальскаму візытатару для беларусаў замежжа айцу Аляксандру Надсану, і папытаўся яго пра пазыцыю Каталіцкай царквы ў дачыненьні да тэлевізіі.

(Надсан: ) “Як усе людзкія вынаходніцтвы – тэлевізія з маральнага пункту гледжаньня ня ёсьць добраю ці дрэннаю. Гэта дар божы, адкрыцьцё людзкога розуму. Справа ў іншым – як мы ёй карыстаемся. Я памятаю, калі быў студэнтам, тэлебачаньня яшчэ не было. А было толькі кіно, і некаторыя шмат часу там праседжвалі і нічога іншага не рабілі. Тое самае і з тэлебачаньнем. Яно мае адну вялікую небясьпеку – яно ёсьць у кожнай хаце. Праграмы ёсьць добрыя і дрэнныя. І вось тут трэба мець маральны падыход, маральны крытэр. Асабліва ў выпадку дзяцей. Тэлевізар можа быць карысным, а можа быць і шкодным, калі мы будзем карыстацца ім неразважліва”.

Айцец Аляксандар Надсан, як вы чулі, назваў тэлевізію і ня добрай, і ня дрэннай рэччу. Сама па сабе яна – толькі тэхнічнае вынаходніцтва. Небясьпека яе ў тым, паводле яго, што тэлевізар ёсьць у кожным доме, і што ўсе маюць доступ да яго. Тэлевізію нельга выкарыстоўваць неразважліва, – сказаў айцец Аляксандар Надсан. Гэтыя яго словы пераклікаюцца з высновамі каталіцкага тэоляга і сацыёляга з Чэхіі, прафэсара Міласлава Пэтрушка, які назваў тэлевізію добрым слугой, але кепскім панам.

Каталіцкі сацыёляг з Канады Мршал Мак Луган сьцьвярджае, што ўсе вынаходніцтвы чалавека былі працягам яго цела. Малаток, напрыклад, ёсьць працягам рукі, а кола – працягам нагі. Кніга была працягам вока. А вось электронныя прылады пачынаюць ставацца працягам нашай нэрвовай сыстэмы, прынамсі тэлевізія ёсьць працяг ужо ня вока, але ўсяго зроку і ўсяго слыху. І таму яна мяняе нас і нашае стаўленьне да сьвету, зь ёй мы набываем новы спосаб бачыць і чуць. Але разам з тым, мы трапляем у залежнасьць ад яе.

Гэтыя думкі Мак Лугана дапаўняе чэскі прафэсар Міласлаў Пэтрушэк. Ён кажа, што прапанова тэлевізіі такая багатая, што ў нас узьнікае ўражаньне, што кожны можа выбраць сабе праграму на свой густ і патрэбу. Гэта, паводле, Пэтрушка, фікцыя, ілюзія і падман, які выцякае з таго, што сучасны чалавек вельмі недысцыплінаваны і лічыць сябе “індывідуальна свабодным” і “аўтаномным”. Абаротны бок гэтага мэдаля – псыхалягічныя праблемы дзяцей і падлеткаў, недахоп маралі ў дарослых і цэлы шэраг адмоўных зьяваў сучаснага жыць ця. Прафэсар Міласлаў Пэтрушэк, які назваў тэлевізію добрым слугой, але кепскім панам, кажа што панам тэлевізія стаецца менавіта з-за неахвоты сучаснага чалавека прымаць самастойныя рашэньні ў згодзе са сваімі ўласнымі каштоўнасьцямі.

Як прыклад, Міласлаў Пэтрушэк, прыводзіць уласнага дзеда. Той даўно памёр. Ён быў простым рабочым на адной з чэскіх гутаў. У свабодны час любіў маляваць. І вось прафэсар Пэтрушэк кажа, што любімы дзед жыве зь ім і дагэтуль, бо па ўсім прафэсарскім доме разьваешаны дзедавы малюнкі. Уявіце, кажа Пэтрушэк, каб дзед у 30-я гады мінулага стагодзьдзя не маляваў вечарамі, а праседжваў ля тэлевізара...

Ну і апошняе. Калі б нехта спытаўся пра тэлевізію асабіста мяне, дык я б сказаў, што шкадую з прычыны папулярнасьці тэлевізіі ў дзяцей, таму што яна адымае ў іх кнігу. Нішто так не разьвівае чалавека, як чытаньне.