Велікодныя сьвяты ў розных канфэсіях

Кастусь Бандарук, Прага

(Бандарук: ) “Больш за мільярд хрысьціянаў па ўсім сьвеце: каталікі, пратэстанты, частка грэка-каталікоў, а таксама праваслаўныя фіны зноў адзначаюць Вялікдзень – Пасху Хрыстовую. Эвангелісты аднадумна адзначылі гэтую надзвычайную падзею разам з ранейшымі пакутамі і сьмерцю на крыжы. Яны апісалі няверу апосталаў, гарачую любоў жанчынаў-міраносіцаў і першае зьяўленьне Ўваскрэслага Хрыста. Хаця ўваскрэсеньне было прадказанае ў Старым Запавеце, хаця сам Хрыстос некалькі разоў гаварыў, што “будзе забіты і на трэці дзень ўваскрэсьне, (Мацьв. 16,21, 17, 9), гэта зь вялікай цяжкасьцю даходзіла да сьвядомасьці вучняў. Толькі пасьля таго, як уваскрэслы паказаўся Марыі Магдаліне (Ян.20,14-17) і затым апосталам (Ян.10,19-22), у сэрцах вучняў наступіла перамена. Для хрысьціянаў усіх часоў, цуд ўваскрасеньня стаўся ўмярцьвеньнем сьмерці, разбурэньнем пекла, пачаткам іншага, новага жыцьця”. Уваскрасеньне Хрыстовае пацьвердзіла Ягоную боскасьць, праўдзівасьць Ягонай навукі, збавіцельнасьць Ягонай сьмерці, а таксама значэньне і моц дараваных Царкве ласкаў. Пра гэта сьпяваецца ў адной са сьвяточных песьняў.

Сьвята ў гонар Ўваскрасеньня Хрыстовага было ўстаноўленае ўжо ў апостальскія часы. Хаця і сьвяткуецца яно не ў адзін час, аднак сталася агульнахрысьціянскім сьвятам. Вось як разумее ягоны сэнс царкоўны публіцыст, старшыня хрысьціянскай камісіі за зьбліжэньне народаў Анатоль Красікаў.

(Красікаў: ) “Сярод усіх нашых хрысьціянскіх сьвятаў, Пасха Хрыстова – самае радаснае сьвята і “ўрачастасьць з урачыстасьцяў”. Людзі былі створаныя несьмяротнымі, аднак сьмерць увайшла ў чалавечую гісторыю у выніку граху. Дык вось, адкупіцельнай ахвярай Хрыста сьмерць абрынутая і перамагае жыцьцё. Як гаварыў адзін са старажытных айцоў Царквы: “Бог стаўся чалавекам, каб мы сталіся багамі”.

(Бандарук: ) “Гэта быў Анатоль Красікаў з Масквы. Вялікдзень у розных цэрквах ня толькі адзначаецца не ў адзін час, але і неаднолькава ўрачыста. Назіраецца, хаця і ў нюансах, некаторая перастаноўка акцэнтаў. Напрыклад, для пратэстантаў сьмерць Хрыста на Крыжы важнейшая за ўваскрэсеньне. Гаворыць каталіцкі прафэсар экумэнічнай тэалёгіі з Варшавы а. Міхал Чайкоўскі.

(Чайкоўскі: ) “Сапраўды, нашы браты і сёстры з эвангельскіх цэркваў падкрэсьліваюць сьмерць Хрыстову, і адсюль вялікая пятніца ў іх – галоўнае сьвята. Што тычыцца праваслаўных, дык нас зь імі адрозьнівае толькі каляндар. Розьніцы палягаюць менавіта ў нюансах. Уваскрасеньне Хрыстова – гэта цэнтральная падзея для нашай веры, падзея ня гэтулькі гістарычная, колькі звышчасавая. Ужо паміраючы, Хрыстос уступіў ў іншае вымярэньне, і Ягонае Ўваскрасеньне – гэта ня проста рэанімацыя цела. Хрыстос пайшоў да Айца, і прыйшоўшы ад Яго, зьявіўся вучням у Эмаўсе. Часам можна пачуць спрэчкі – якое сьвята важнейшае: Раство ці Вялікдзень. Але для глыбока веруючых людзей не падлягае аніякаму сумневу, што Ўваскрасеньне зьяўляецца найвялікшай падзеяй ў гісторыі чалавецтва і ў нашым жыцьці. Таму і Вялікдзень – галоўнае сьвята. Зразумела, атмасфэра Калядаў больш сямейная, сымпатычная, а Вялікі Тыдзень больш змрочны. Але, магчыма, гэта і лепш, бо Вялікдзень як завяршэньне зямнога жыцьця Хрыста дазваляе верніку лепш паглыбіцца ў саму сутнасьць сваёй веры. Нельга быць хрысьціянінам і ня верыць у велікодны цуд, ня ўдзельнічаць у багаслужбах Вялікага Тыдня, і затым – у пасхальнай містэрыі. Апостал Павал падкрэсьлівае, што калі б Хрыстос не ўваскрос, наша вера была б дарэмнай. Мы проста не былі б хрысьціянамі”.

(Бандарук: ) “Ужо ў Старым Запавеце прадказвалася будучае ўваскрасеньне памерлых. Найболей выразна аб гэтым гаворыцца ў Кнізе Данііла. “Многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне” (Дан. 12,2). Габрэі, акрамя садукеяў, у асноўным верылі ў будучае ўваскрасеньне, таму і сястра Лазара Марта казала: “Ведаю, што брат мой ўваскрэсьне ў апошні дзень” (Ян.11,25). Таксама сучасныя хрысьціяне паўтараюць ў Сымбалі Веры: “чакаю уваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку”. Аднак сучаснаму чалавеку цяжка ўявіць, ён можа сумнявацца, ці сапраўды ажывуць усе тыя, што жылі зямлі, якія спаленыя, разарваныя на кавалкі або праглынутыя рыбамі. Што думаць пра гэта?”

(Чайкоўскі: ) “Гэта вельмі добрыя сумневы, бо яны прыводзяць нас да ўсьведамленьня сутнасьці нашага ўваскрэслага, абноўленага цела. Бог ня будзе бегаць па палёх бітвах, ні ныраць ў акіянах, каб зьбіраць атамы нашых целаў. Апостал Павал называе нашае будучае цела па-грэцку “somapneumatikon” – адухоўленае цела, якое ўжо ва ўладаньні Сьвятога Духа. Калі Бог уваскрэсіць нас, Ён ня верне нам нашую зямную, фізычную абалонку, але захавае нашую тоеснасьць. Мы станем перад Богам, кім і якімі былі ў зямным жыцьці. Бог паважае тоеснасьць кожнага з нас, але ня будзе нечага накшталт рэанімацыі нашых целаў. Гэта, зрэшты, немагчымае. Я шчыра жадаю, каб усе мы: праваслаўныя, пратэстанты і каталікі, хай сабе і ў розны час, усё ж глыбока перажылі гэтую цудоўную містэрыю ўваскрасеньня Хрыста, бо з ласкі Ягонай і Ягонага Крыжа мы таксама абдараваныя новым жыцьцём”.

(Бандарук: ) “Гэта думка каталіцкага тэоляга. А вось што наконт нашага будучага ўваскрасеньня сказаў праваслаўны вернік Анатоль Красікаў”.

(Красікаў: ) “Я веру ў гэта. Я перакананы, што тыя, каго зараз няма сярод нас, нашы блізкія, і тыя, хто жыў даўно, з усімі імі мы некалі сустрэнемся, у сваіх, хай сабе і іншых целах. Але, дзеля гэтага трэба нам змагацца за сваё ўнутранае ўдасканаленьне. Насамрэч, гэта процістаяньне дабра і зла ў нас. Дабро – гэта тое, што рухае нас наперад, а зло – гэта сьмерць, якая тармозіць разьвіцьцё, нявечыць, дэгуманізуе чалавека. Але ж дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня Хрыстос пакутаваў на крыжы. Ён – абсалютная любоў, і калі і мы сапраўды любім, тады нашая душа раскрыецца насустрач Яму”.

(Бандарук: ) “Трэба адзначыць, што ў будучае ўваскрасеньне дзеля суду над чалавекам, акрамя юдэяў і хрысьціянаў, вераць таксама мусульмане. Аб гэтым разказаў прадстаўнік беларускіх татараў гісторык Ібрагім Канапацкі”.

(Канапацкі: ) “Зразумела, што адным са “ стаўпоў” ісьляму зьяўляецца вера ў замагільнае жыцьцё, у тое, што магіла – гэта толькі часовае прыстанішча чалавека. Пасьля таго, як наступіць Судны Дзень, усе ўстануць са сваіх магілаў, тыя, што памерлі сёньня, і тыя, што тысячы гадоў таму. Яны пойдуць да месца, падрыхтаванага Ўсявышнім Богам, дзе Ён будзе праводзіць Свой суд. Мы, мусульмане, верым ва ўваскрасеньне памерлых. У шэрагу аятаў Сьвяшчэннага Карану згадаваецца пра тое, што чалавек і род божы ўваскрэснуць. Іншая справа, што для адных гэта будзе азначаць ўзнагароду, а другія, як сказана ў Каране, выйдуць са сваіх магілаў і будуць казаць: “Навошта нас разбудзілі? Куды мы йдзём?” – таму што будзе Страшны Суд. І дай Божа, каб мы апынуліся тады сярод праведнікаў”.

(Бандарук: ) “Мусульмане вераць, што заснавальнік ісьляму прарок Мухамад не ўваскрос, але быў жывым узяты на неба. Адсюль у ісьляме няма і сьвята Ўваскрасеньня. Але, як паведаміў спадар Канапацкі, нават беларускія мусульмане ў пэўным сэнсе адзначаюць Вялікдзень”.

(Канапацкі: ) “Я хацеў бы, карыстаючыся з нагоды наступленьня Сьветлага Ўваскрасеньня Хрыстовага, згадаць пра адзін момант сумеснага жыцьця нашых мусульманаў з хрысьціянамі. У старадаўнай мясцовасьці Мураўшчызна, зараз гэта гарадзкі пасёлак Іўе, здаўна існаваў і захаваўся да сёньня абрад, які называецца “вялікдзень”. У пятніцу перад Пасхай, пасьля ранішняй малітвы, дзеці йшлі па татарскіх хатах і ў гонар Ўваскрасеньня Хрыстовага зьбіралі “садаку”, пераважна печыва і ласункі. Гэткім чынам, і нашы мусульмане далучаліся да хрысьціянскага сьвята і выказвалі сваю павагу найвялікшаму Прароку – Ісусу Хрысту, Мір Яму і Міласьць Алаха Ўсявышняга”.

(Бандарук: ) “Такім чынам, тры вялікія рэлігіі прызнаюць і вераць, што апошняе слова ў чалавечым лёсе застаецца не за сьмерцю, а за Богам. Хрысьціянская надзея на жыцьцё пасьля сьмерці грунтуецца на веры ва ўваскрасеньне Хрыста. Нават сьмерць не адлучае нас ад Бога. Ісус перамог сьмерць, і гэтую падзею мы адзначаем ў вялікае Сьвята Пасхі Хрыстовай. Я таксама далучаюся да пажаданьняў маіх сёньняшніх суразмоўцаў і жадаю сапраўднай пасхальнай радасьці тым, хто сьвяткуе Вялікдзень зараз, як і тым, хто будзе яго сьвяткаваць праз тыдзень”.