Рэлігійнасьць палітыкаў

Кастусь Бандарук, Прага

Удзельнікі: гісторык Валянцін Голубеў і прафэсар філязофіі права і навукі аб дзяржаве Пётар Вінчорак.

У першы дзень вайны з Іракам, 20 сакавіка, лідэры ЗША ды Іраку выступілі з палымянымі зваротамі да сваіх нацыяў. Дзякуючы глябальнай інфармацыйнай сетцы, іхныя словы пачулі мільёны, калі не мільярды людзей па ўсім сьвеце. Аднак зацыкленыя на аргумэнтацыі абодвух бакоў слухачы маглі не зьвярнуць увагі на тое, што абодва прамоўцы ахвотна скарыстоўвалі рэлігійную тэрміналёгію. “Іракцы! Мільёны амэрыканцаў моляцца разам з вамі. Абаронім нашу свабоду і прынясем свабоду іншым. Хай Бог бласлаўляе Амэрыку”. Пасьля на тэлеэкранах зьявіўся Садам Хусэйн. “У імя Алаха міласэрнага, літасьцівага...” – пачаў ён. “Прыгнечаныя маюць права на самаабарону, а Бог можа іх зрабіць пераможцамі. Бог – вялікі. Дзякуючы волі Божай, гэтыя дні запішуцца ў гісторыю Іраку... Мір вам, сябры, праціўнікі зла ў сьвеце... Хай жывуць Ірак і Палестына... Хай жыве джыгад... Алах акбар”.

Інакш кажучы, і Буш і Садам падмацоўваюць свае выказваньні спасылкамі на Бога і рэлігію. Маўляў, слушнасьць за намі. Бог на нашым баку. З пытаньнем: як ставіцца да гэтага скарыстоўваньня рэлігіі ў пазарэлігійных мэтах? – я зьвярнуўся да гісторыка Валянціна Голубева.

(Голубеў: ) “Я як гісторык хачу сказаць, што ўся гісторыя чалавецтва паказвае, што дзяржаўныя чыноўнікі, улады, скарыстоўвалі рэлігію ў сваіх мэтах, якія яны ставілі перад сабою асабіста ці перад сваім клянам, ці дзяржавай. У фэадальныя часы канфэсіі выконвалі ролю палітычных партыяў, ідэалягічных арганізацыяў. Цяпер многія палітыкі, у тым ліку ў Беларусі і ў СНД, таксама спрабуюць выкарыстоўваюць дзеля таго, каб перад народам абгрунтаваць свае памкненьні. Аднак гэтае падмацоўваньне сваіх памкненьняў Богам і Бібліяй не заўсёды этычнае. Гэтак было, для прыкладу, і ў савецкія часу, калі любое дзеяньне трэба было падмацаваць спасылкай на клясыкаў марксізму-ленінізму. Я калі займаўся 16-м стагодзьдзем, дык і ад мяне патрабавалі знайсьці, што на гэты конт сказаў Ленін. Я кажу – ён нічога не гаварыў, але ж усё роўна трэба было! Можна заўсёды назваць увасабленьнем зла тое, што нам не падабаецца. Быў час, калі Амэрыка называла ўвасабленьнем зла Савецкі Саюз. Я не прыхільнік Садама Хусэйна, ні ягонай палітыкі, а хутчэй наадварот, але, на мой погляд, любое пытаньне трэба вырашаць адкрыта і адназначна, без уваходжаньня ў такія тонкія этычныя матэрыі. Любы чалавек, які хоць трошкі сочыць за гэтай сытуацыяй, бачыць, што нафты тут больш, чым Бібліі”.

Да сказанага Валянцінам Голубевым хачу дадаць, што рэлігійнасьць Буша і Хусэйна не застаецца па-за ўвагай аглядальнікаў. Паводле многіх адмыслоўцаў, Садам Хусэйн апантаны ўтрыманьнем сваёй улады. Ягоным улюбёным гістарычным пэрсанажам ёсьць Іосіф Сталін, улюбёным фільмам – “Хросны бацька”, а ўлюбёнай кніжкай – “Стары і мора” Эрнэста Гэмінгуэя. Хусэйн марыць аб тым, каб стаць лідэрам і збаўцам усяго арабскага сьвету. Ён нарадзіўся у Тыкрыце, адкуль, паводле легенды, паходзіць Саладын, які вызваліў Ерусалім з рук крыжакоў. Садам не надае ані рэлігіі, ані прынцыпам маралі ніякага значэньня. Калі пасьля нападу на Кувэйт Арафат перасьцерагаў яго, што ва ўсяго сьвету ён ня выйграе, той адказаў: “Што з таго? У крайнім выпадку страцім 5 мільёнаў чалавек”.

Што тычыцца Буша, дык абвінаваціць яго ў крывадушніцтве цяжэй. Ён ужо даўно гаварыў: “Мой любімы палітычны філёзаф – Ісус Хрыстос”. “Мы павінны прызнаць аздараўляльную моц веры ў нашым грамадзтве”. Пасьля 11 верасьня Буш гаварыў: “Бог побач з намі і ў трагедыі”. “Бог блаславіць нашу сытуацыю”. “Мы ўскладаем на Бога свой смутак і турботы, зьвяртаемся да Ягонай міласэрнасьці”. Паводле выдаўца “National Review” Рыч Лоўры, у Буша ёсьць “цьвёрдая рашучасьць, ня гнеў, і ня толькі шчырасьць, але ўсё, што спараджае вера. Я мяркую, што Буш бачыць сябе духоўным ваяром. Ягоная фраза “зло рэальнае”, “вось зла” гучаць шчыра”.

Аднак ня ўсе згодныя з гэтым. Паводле Арганізацыі за разьдзел царквы і дзяржавы, “Буш ня ўмее аддзяліць свае асабістыя рэлігійныя перакананьні ад грамадзка-палітычнай пазыцыі”, і гэта дрэнна. Я запытаў прафэсара міжнароднага права Пятра Вінчорка, як ён ставіцца да спасылак на Бога і рэлігію ў палітычным жыцьці.

(Вінчорэк: ) “Вельмі крытычна стаўлюся. Гэта вельмі інструмэнтальнае выкарыстаньне рэлігіі і веры. Спасылкі на Бога ў такіх дзеяньнях, як вайна, па-мойму, як мінімум непаразуменьне, калі не блюзьнерства. Я гэтага аніяк не ўхваляю. Праўда, у гісторыі хрысьціянства ды іншых рэлігіяў бывалі выпадкі, калі ў божае імя вяліся войны, і пры тым са шчырым перакананьнем аб тым, што Бог стаіць на нашым баку. Аднак гэта відавочная ўзурпацыя і вельмі неабгрунтаванае дзеяньне”.

Інструмэнтальнае выкарыстаньне Бога і рэлігіі аж надта відавочнае ў выпадку некаторых палітычных лідэраў. Асабліва перад выбарамі або рэфэрэндумамі прэзыдэнтаў часта можна ўбачыць у царкве са сьвечкай ў руках. Аляксандар Лукашэнка таксама, калі трэба, абдымаецца з патрыярхам і многа гаворыць пра заслугі царквы і веры.

Аднак нават дзіцё бачыць, што гэта няшчырае і што тут ажно напрошваецца адзін з 10 запаветаў: “не заклікай Імя Божае дарэмна”.

Мы гаварылі пра тое, што ў сваіх прамовах і прэзыдэнт ЗША, і прэзыдэнт Іраку ахвотна спасылаюцца на Бога і рэлігію. Аднак нельга забываць, што прэзыдэнт прадстаўляе і ўвасабляе краіну. Ня мог быць адкрытым вернікам генэральны сакратар кампартыі, як і яўны бязбожнік ня можа быць Рымскім Папам. Характар краіны, ейныя прыярытэты і сыстэма каштоўнасьцяў запісаныя ў Канстытуцыі. Што да ЗША, дык пра Бога ня згадваецца ні ў Канстытуцыі, ні ў Дэклярацыі Незалежнасьці. Затое Імя Божае прысутнічае ў Клятве Вернасьці Сьцягу: “Я клянуся ў вернасьці сьцягу ЗША, рэспубліцы, якую ён сымбалізуе, адзінаму народу перад Богам, неразьдзельнаму, дзе свабода і справядлівасьць існуюць для ўсіх”. Тэкст клятвы напісаў у 1892 годзе сацыяліст-баптыст Фрэнсыс Бэлямі, але фраза “перад Богам” была ўключаная ў тэкст Кангрэсам краіны ў 1954 годзе.

Што тычыцца Іраку, дык у Канстытуцыі гэтай краіны таксама няма згадкі пра Бога. Падкрэсьліваецца, што Ірак зьяўляецца сьвецкай сацыялістычнай дзяржавай, хаця ў артыкуле 4 і гаворыцца, што “дзяржаўнай рэлігіяй зьяўляецца іслам”. Для параўнаньня, у Канстытуцыі Інданэзіі выразна сказана, што “Інданэзія зьяўляецца рэспублікай, якая грунтуецца на веры ў адзінага ўсявышняга Бога”. А ці спасылкі на Бога ёсьць ў Канстытуцыях іншых краінаў? Прафэсар Вінчорак.

(Вінчорак: ) “У наш час гэта не здараецца часта, але ёсьць некалькі Канстытуцыяў, эўрапейскіх і неэўрапейскіх, якія згадваюць пра Бога. Маю тут на ўвазе чатыры Канстытуцыі. Першая – гэта нямецкая Канстытуцыя 1949 г., дзе гаворыцца пра адказнасьць перад Богам і людзьмі. Падобная фармулёўка ёсьць у Канстытуцыі Альбаніі, а таксама ў Канстытуцыі Ўкраіны 1996 г., у якой гаворыцца пра адказнасьць перад Богам і ўласным сумленьнем. Аднак выключная ў гэтым сэнсе грэцкая Канстытуцыя, якая пачынаецца са слоў: “У імя Сьвятой Тройцы, адзінай, непадзельнай”. Далей падкрэсьліваецца, што дамінантнай рэлігіяй ёсьць праваслаўе, якое прызнае Ісуса Хрыста Галавою Царквы. Канстытуцыі каталіцкіх краінаў, такіх як Італія, Гішпанія, Партугалія, Аўстрыя, Францыя, такога звароту да Бога – Invocatio dei – ня маюць”.

Прафэсар Вінчорак не згадаў пра іншыя краіны, але хачу нагадаць, што няма згадкі пра Бога таксама ў Канстытуцыі Беларусі і ў некаторых яе суседзяў – у Расеі, Літве і Латвіі.

Напрыклад, у прэамбуле да Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі, прынятай 12 сьнежня 1993 г., чытаем: “Мы, шматнацыянальны народ Расейскай Фэдэрацыі, злучаныя адным лёсам на сваёй зямлі... паважаючы памяць продкаў, якія перадалі нам любоў і павагу да Радзімы, веру ў дабро і справядлівасьць... імкнучыся гарантаваць дабрабыт і росквіт Расеі... прымаем Канстытуцыю”. Апрача Ўкраіны, пра якую згадваў прафэсар Вінчорак, з суседзяў Беларусі пра Бога згадваецца ў Канстытуцыі Польшчы ад 2 красавіка 1997 году.

Затое ў прэамбулах да Канстытуцыяў Польшчы і Ўкраіны, згадваецца Бог. У прэамбуле да Канстытуцыі Польшчы прынятай 2 красавіка 1997 гаворыцца: “Мы, народ Польшчы... тыя, што вераць у Бога, Які зьяўляецца крыніцай праўды, справядлівасьці, дабра і прыгажосьці, як і тыя, што не падзяляюць гэтую веру, а гэтыя ўнівэрсальныя каштоўнасьці выводзяць зь іншых крыніцаў... сьведамыя адказнасьці перад Богам або перад ўласным сумленьнем, устанаўляем Канстытуцыю”. У прэамбуле Канстытуцыі Ўкраіны гаворыцца: “Вярхоўная Рада Ўкраіны ад імя ўкраінскага народу... усьведамляючы адказнасьць перад Богам, уласным сумленьнем, папярэднімі, цяперашнім і будучымі пакаленьнямі... прымае Канстытуцыю”. Што тычыцца Беларусі, дык згадкі пра Бога няма ў абедзьвюх Канстытуцыях Рэспублікі Беларусь – 1994-га і 1996-га гадоў. Аднак, можа ў ранейшых Канстытуцыях яны былі? Я спытаўся пра гэта ў гісторыка Валянціна Голубева.

(Голубеў: ) “У Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 году гаворыцца, што дзяржава абяцае ставіцца да ўсіх грамадзянаў аднолькава, незалежна ад іхнай канфэсійнай прыналежнасьці, ад іхнай веры, бо там, дзе такога роўнапраўя няма, у тых краінах бываюць страшныя закалоты. А ўжо, канечне, у Канстытуцыі, якая дзейнічае цяпер, гаворыцца, што Беларусь – гэта сьвецкая дзяржава, у якой ня можа пераважаць ніякая ідэалёгія, і ніякая канфэсія ня можа мець статусу дзяржаўнай. Але гэта толькі дэклярацыя, бо ў нас насамрэч паціху йдзе стварэньне дзяржаўнай канфэсіі”.

Тут само сабою напрошваецца пытаньне: а наколькі важны зварот да Бога ў Канстытуцыі? Ці гэта мае нейкае практычнае значэньне? Вось ўжо некалькі месяцаў працягваюцца ажыўленыя спрэчкі вакол зьместу будучай Эўрапейскай Канстытуцыі.

Прэзыдыюм Канвэнту – органу Эўразьвязу, які адказны за распрацоўку Канстытуцыі Эўразьвязу, сутыкнуўся зь неспадзяванай праблемай. 6 лютага сёлета старшыня Канвэнту, былы прэзыдэнт Францыі Валеры Жыскар-д’Стэн прадставіў праект 16 першых разьдзелаў будучай Эўрапейскай Канстытуцыі. Праект адразу выклікаў рознагалосьсі з прычыны таго, што ў ім няма згадкі ні пра Бога, ні пра рэлігійную спадчыну кантынэнту. У падтрымку хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у гэтым дакумэнце шмат разоў выступаў Ян Павал ІІ, Канфэрэнцыя Біскупаў Эўразьвязу, лідэры кансэрватыўна-хрысьціянскіх партыяў і нават палітычныя лідэры. Многія лічаць, што кампрамісным быў бы польскі варыянт. Былы прэм’ер Ірляндыі Джон Бэртан адзначыў, што Бог згадваецца ў першай фразе ірляндзкай Канстытуцыі, што сьветапогляд многіх людзей, у тым ліку яго ўласны, грунтуецца на веры ва Ўсявышняга. “Чаму мы ня можам падкрэсьліць гэта? Гэта будзе паказваць на духоўны аспэкт нашага існаваньня. Мы жывем ня толькі дзеля матэрыяльных каштоўнасьцяў. Ёсьць нешта вышэйшае за чалавека”, – эмацыйна заявіў былы прэм’ер Ірляндыі.

22 студзеня “Хартыя Субіяка” заклікала Эўрапейскі Канвэнт прызнаць заслугі хрысьціянства ў фармаваньні эўрапейскай цывілізацыі. Аўтары “Хартыі” заклікалі Канвэнт прызнаць “фундамэнтальныя правы чалавека”, сярод якіх асабліва адзначылі “права на жыцьцё з моманту зачацьця да моманту натуральнай сьмерці”, а таксама запатрабавалі “поўнай забароны клянаваньня чалавека”. Дадам, што назоў “Хартыі” паходзіць ад гораду Субіяка, дзе сьвяты Бэнэдыкт заснаваў некалькі манастыроў, а таксама знакаміты кляштар ў Монтэ-Касына. Папа Павал VI абвясьціў Бэнэдыкта патронам Эўропы за той ўплыў, які ён і ягоны пераймальнікі аказалі на разьвіцьцё хрысьціянскай культуры на кантынэнце.

Аднак, улічваючы тую размаітасьць рэлігіяў і сьветапоглядаў у Эўропе, ці напэўна варта настойваць на звароце да Бога ў Канстытуцыі? Спадар Голубеў.

(Голубеў: ) “Сапраўды, спасылка на Бога – гэта вельмі добра, але на Госпада, а не на нейкую адну, канкрэтную канфэсію. У Эўропе, каб гэта не была спасылка на каталіцтва і пратэстантызм, а ў нас – на цяперашняе праваслаўе. Канечне, душа, духоўнасьць, Бог будуць прадэкляраваныя дзяржавай, або супольнасьцяй, гэта ніколі ня можа быць мінусам”.

І з гэтым-жа пытаньнем, ці ёсьць пра што спрачацца, ці ад Invocatio Dei аб’яднаная Эўропа будзе іншая, лепшая, я зьвярнуўся да прафэсара Вінчорка.

(Вінчорак: ) “З факту, што ў Канстытуцыі ёсьць зварот да Божага Імя, няшмат вынікае для функцыяваньня дзяржавы і грамадзтва. Гэта проста дэклярацыя намеру і добрай волі, якая мае хутчэй маральнае, чым юрыдычнае значэньне. З самой спасылкі на Бога нічога не вынікае і для ўсяго далейшага тэксту Канстытуцыі. Незалежна ад таго, ці зварот да Бога ёсьць, ці яго няма, палітычнае жыцьцё адбываецца сваім парадкам. Аднак з маральнага, аксыялягічнага пункту погляду, гэта мае значэньне. Што тычыцца цывілізацыйнай ролі і культурна-духоўных заслугаў хрысьціянства, дык гэта факт, зноў жа, незалежна ад запісу. Зразумела, важна, каб Канстытуцыя гаварыла праўду пра мінуўшчыну. Якраз грэцкая Канстытуцыя ў артыкуле 3 вельмі падрабязна тлумачыць ролю рэлігіі ў жыцьці грэкаў. Згадваецца нават пра Сьвятую Гару Афон і тамтэйшыя манастыры. Можна сказаць, што ў гэтай Канстытуцыі найбольш выразна экспануюцца рэлігійныя традыцыі грэцкага грамадзтва”.

Магчыма, зварот да Бога і згадка ў Канстытуцыі пра Бога і рэлігію не ўплываюць непасрэдна на функцыяваньне дзяржавы і ейны характар, але такая дэклярацыя сьведчыць аб павазе да сваёй мінуўшчыны. Што тычыцца набожнасьці прэзыдэнтаў, дык ажно 80% амэрыканцаў лічаць, што паглыбленьне рэлігійнай веры карыснае для грмадзтва і дзяржавы, а больш за 50% амэрыканцаў схільныя галасаваць за прэзыдэнта, які не хавае сваёй веры. Зь іншага боку, напэўна, набожнасьць лідэраў павінна выяўляцца ў іхных дзеяньнях.