Блізкаўсходні крызыс і рэлігійнае жыцьцё ў Сьвятой Зямлі

Кастусь Бандарук, Прага

У гэтай перадачы гаворка пойдзе пра ўплыў блізкаўсходняга канфлікту, а таксама небясьпекі вайны ў Іраку на рэлігійнае жыцьцё ў Сьвятой Зямлі. Ці тамтэйшыя цэрквы адчуваюць наступствы працяглага канфлікту і ці не назіраюць радыкалізацыі настрояў сярод мусульманаў? У перадачы ўдзельнічаюць: праваслаўны сьвятар з духоўнай місіі РПЦ у Ерусаліме ераманах Феафан Лук’янаў, каталіцкі манах-францішканец Ежы Край, а таксама наш карэспандэнт Ігар Рубінштэйн.

(Бандарук: ) “Згодна з паведамленьнямі СМІ, як мінімум два гады, ад пачатку другога палестынскага паўстаньня, ізраільцяне жывуць, бы на вулкане. У кожную хвіліну і ў любым месцы можа здарыцца чарговы бомбавы замах. У выпадку вайны супраць Іраку, спадзеючыся паўтору сытуацыі 1991 году, атакі з боку Багаду, людзі запасаюцца супрацьгазавымі маскамі і харчамі. З восені мінулага году ў Тэль-Авіве перад пасольствамі краінаў, якія маюць намер уступіць у Эўразьвяз, зьявіліся доўгія чэргі ізраільцянаў. Чаму іх раптам пачалі цікавіць пашпарты краінаў, якія яны некалі пакінулі? Справа ў тым, што на падставе польскага, чэскага, або вугорскага пашпартоў з 1 траўня 2004 году можна будзе легальна пасяліцца і працаваць ў некаторых краінах Эўразьвязу, а празь некалькі гадоў – ва ўсіх. Да гэтых людзей у Ізраілі ставяцца з пагардай. Былы прэм’ер Іцхак Шамір назваў іх “здраднікамі”. Слова “ёрэд” (эмігрант) набыло адмоўнае значэньне і азначае баязьліўца, які ўцякае з краіны, бы пацук з вадаплаву, які патанае. Аднак факт застаецца фактам: ізраільцяне нагадваюць невялікую выспу, акружаную варожым арабскім морам. У сувязі з гэтым я пацікавіўся ў выхадца зь Беларусі Ігара Рубінштэйна, які шэраг гадоў жыве ў Ізраілі, ці, на ягоную думку, гэта рэлігійная вайна, ці звычайная – за зямлю?”

(Рубінштэйн: ) “Безумоўна, рэлігійныя карані гэтага канфлікту трэба ўлічваць. Ёсьць палітычныя і грамадзкія дзеячы, якія кажуць, што сама сутнасьць гэтага канфлікту – рэлігійная, бо палестынскія арабы вядуць супраць Ізраіля рэлігійную вайну, а той – нейкую іншую, звычайную. Аднак, калі ўважліва прыглядзецца, атрымліваецца ўсё наадварот. Права Ізраіля на Сьвятую Зямлю – гэта рэлігійны пастулят, а права арабаў на ўласную дзяржаву – гэта ўжо нейкі агульнагуманітарны аспэкт. Таму, на маю думку, няма адказу на гэтае пытаньне”.

(Бандарук: ) “У кожным разе, незалежна ад характару гэтага канфлікту, міжвольна ўцягнутымі ў яго і нават яго ахвярамі ды закладнікамі сталіся хрысьціяне, і тыя, што ў Сьвятой Зямлі жывуць, і тыя, што туды прыяжджаюць. Як гэта адбіваецца на царкоўным жыцьці, на паломніцтвах да сьвятых месцаў? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да праваслаўнага манаха з Духоўнай Місіі РПЦ у Ерусаліме а. Феафана Лук’янава”.

(Лук’янаў: ) “Безумоўна, інтыфада і блізкаўсходні канфлікт адбіваюцца на царкоўным жыцьці. Гэта найперш тычыцца паломнікаў. За апошнія два гады іх колькасьць зьменшылася ў некалькі разоў. З другога боку, апошнім часам паломнікі, у прыватнасьці, вернікі РПЦ, усё роўна, не зважаючы ні на што, прыяжджаюць, наведваюць сьвятыя месцы, вядома, за выключэньнем тых, дзе асабліва небясьпечна. Што тычыцца рэлігійнага жыцьця хрысьціянскіх абшчынаў наагул, то я ахарактэрызаваў бы яго як балючае хваляваньне за лёс Ерусаліму, паколькі штодзённае жыцьцё не зьмянілася: багаслужбы адбываюцца нармальна, дзякаваць Богу, не было такіх аблогаў, як мінулай вясною у Бэтлееме. Адчуваецца нейкая гнятлівая напружанасьць і трывога, асабліва ў чаканьні вайны супраць Іраку. Неакрэсьленасьць сытуацыі ўносіць смуту ў душу, а больш слабыя людзі думаюць, плянуюць, куды падацца. Зь іншага боку, мы знаходзімся ў Сьвятой Зямлі, і тыя, што сюды прыехалі, добра ведалі, што чакаюць іх цяжкасьці, ведалі, што гэта зямля трох вялікіх рэлігіяў, дзе заўсёды адбываліся канфлікты і варожыя дзеяньні ў дачыненьні адных да адных”.

(Бандарук: ) “З пытаньнем пра настроі сярод хрысьціянаў у Сьвятой Зямлі я зьвярнуўся таксама да каталіцкага манаха Ежы Края”.

(Край: ) “Напэўна, як і ўсе людзі, у гэтыя дні мы адчуваем трывогу. Няпэўная сытуацыя на Блізкім Усходзе тым болей адчуваецца хрысьціянамі. Зараз яны якраз распачынаюць вялікі пост. У адмысловым пасланьні, падпісаным лацінскім патрыярхам Ерусаліму Мішэлям Сабахам, архіепіскапам Сараева і патрыярхам Халдзейскай царквы Бідавідам адзначаецца, што сёлетні вялікі пост будзе асабліва азмрочаны пакутамі людзей ў Сьвятой Зямлі, у тым ліку ў сувязі з дадатковымі пагрозамі атакаў, калі пачнецца вайна ў Іраку. Пасланьне заклікае хрысьціянаў да малітвы за мір, каб усе людзі добрай волі аб’ядналіся і заявілі вайне сваё рашучае “не”, бо як сказаў Рымскі Папа, вайна – гэта заўсёды параза чалавечнасьці і чалавечых каштоўнасьцяў”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, у сераду 5 сакавіка зь міратворчай місіяй ў Вашынгтон прыбыў спэцыяльны пасланьнік Яна Паўла ІІ – кардынал Піё Лягі, які, аднак, не пераканаў прэзыдэнта Буша, каб той адмовіўся ад вайны супраць Іраку. Каліфарнійскі філёзаф Дыпак Чопра прапанаваў Папе і Далай Ламе паехаць у Ірак і выступіць ў ролі “жывых шчытоў”. (Варта адзначыць, што ў Іраку каля 1 мільёна хрысьціянаў. Ватыкану падлягаюць 15 епархіяў – 11 халдзейскіх, 2 сырыйскія, а таксама армянская і лацінская – абедзьве ў самым Багдадзе. Каталіком усходняга абраду зьяўляецца віцэ-прэм’ер Тарык Азіз). Усясьветная Рада Цэркваў назвала вайну “амаральным і неразумным дзеяньнем”. Раней у інтэрвію брытанскай газэце “Independent” таксама ўсяленскі праваслаўны патрыярх Варфаламей заявіў, што хрысьціяне “маральна абавязаныя не дапусьціць гэтай вайны”. З падобнай заявай выступіў маскоўскі патрыярх Аляксей і многія іншыя праваслаўныя гіерархі.

Аднак пакуль вайна ў Іраку яшчэ не пачалася. Затое назіраецца эскаляцыя палестынска-ізраільскага канфлікту, які прыносіць новыя ахвяры і разбурэньні. У гутарцы з нашым Радыё а. Феафан нагадаў, што ў выніку леташняй аблогі пацярпела базыліка Раства Хрыстовага ў Бэтлееме, а ў горадзе Рамала, біблейскай Арыматэі, снарады разбурылі стражытную бізантыйскую базыліку. Аднак францішканін а. Ежы зьвярнуў увагу на іншыя цяжкасьці, якія зараз перажываюць хрысьціяне”.

(Край: ) “Адзіная цяжкасьць – гэта праблемы зь перамяшчэньнем, асабліва ў пэрыяд посту, калі ў Ерусаліме адбываюцца галоўныя ўрачыстасьці. Шмат хрысьціянскіх сем’яў, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях, ня змогуць свабодна прыехаць у Ерусалім для ўдзелу ў багаслужбах, асабліва ў Вялікі Тыдзень. Аднак, што тычыцца сьвятых месцаў, дык яны даступныя, і няма нейкай непасрэднай небясьпекі. Ёсьць толькі паасобныя хрысьціянскія сем’і, якія балюча адчуваюць блякаду акупаваных тэрыторыяў: няма што есьці, няма працы, і гэта асноўная праблема гэтых дзён”.

(Бандарук: ) “У хрысьціянскіх цэркваў у Сьвятой Зямлі адносіны з уладамі палестынскай аўтаноміі відавочна лепшыя, чым з Ізраілем. Аб гэтым сьведчыць хаця б той факт, што Ясір Арафат, у якога жонка – хрысьціянка, перадаў ва ўласнасьць хрысьціянскім цэрквам шэраг аб’ектаў. (Напрыклад, зямлю ў Ерыхоне, дзе некалі стаяў дом Закхея і дзе Хрыстос аздаравіў двух сьляпых). Ізраіль, са свайго боку, дагэтуль не прызнаў праваслаўнага ерусалімскага патрыярха, грэка паводле нацыянальнасьці Ірынея І, паколькі лічыць яго занадта прапалестынскім. Але ж гэта можна зразумець. Насуперак стэрэатыпу, хрысьціяне на Блізкім Ўсходзе – гэта пераважна арабы. У Ерусалімскім Патрыярхаце, які ахоплівае Ізраіль, Газу, Заходні Бераг і Ярданію агулам 100 тысячаў вернікаў, і 95% зь іх – арабы-палестынцы. Аднак многія перасьцерагаюць, што калі палестынцы будуць мець сваю дзяржаву, яны наўрад ці сьцерпяць у сваёй сталіцы і дзяржаве хрысьціянаў ды іхныя храмы. Ці існуе такая небясьпека?”

(Рубінштэйн: ) “Калі запытаецеся сьвятароў ці палітыкаў у духоўных місіях ці іншых установах, яны скажуць вам, што ня могуць дачакацца, калі нарэшце будуць жыць ў свабоднай дзяржаве Палестына. І гэта зразумелае, бо частка тэрыторыі, у тым ліку Бэтлеем, адыдуць да Арафата. У такой сытуацыі навошта чапляцца за Ізраіль. Але калі вы спытаецеся простага верніка-хрысьціяніна, то ён запалохана адкажа: ня ведаю, што рабіць. Справа ў тым, што з самага пачатку йдзе ісламізацыя гэтых тэрыторыяў. Гэты працэс пачаўся ў 1993 годзе, калі на тэрыторыю Палестыны прыехаў Ясір Арафат. Яшчэ 10 гадоў таму на акупаваных тэрыторыях жылі 22% хрысьціянаў, зараз усяго 2%. 98% – гэта мусульмане. Бэтлеем, горад, дзе нарадзіўся Ісус, яшчэ ў пачатку 90-х мінулага стагодзьдзя быў хрысьціянскім горадам. У ім было 60% хрысьціянаў. Зараз іх менш за 30%. Арабы-хрысьціяне з акупаваных тэрыторыяў робяць усё магчымае, каб перабрацца праз так званую “зялёную лінію”, у Ізраіль. Дзеля гэтага яны ўжываюць і нелегальныя мэтады, хабары і што заўгодна. А ўсё таму, што яны добра ведаюць і памятаюць, як было пры ваенным рэжыме ізраільцянаў 10 гадоў таму і што пачалося разам з прыходам Арафата”.

(Бандарук: ) “Да сказанага Ігарам Рубінштэйнам дадам, што хрысьціяне-арабы зьяжджаюць ня толькі ў Ізраіль. Яшчэ 10 гадоў таму ў праваслаўнай епархіі Назарэту ў Галілеі налічвалася 20 тысячаў хрысьціянаў, а зараз іх утрая меней. У пачатку гэтага году Мітрапаліт Гораў Лівану Джордж Ходр заклікаў арабаў-хрысьціянаў не пакідаць Палестыну, аднак, на жаль, яны ўвесь час выяжджаюць, калі толькі маюць такую магчымасьць.

У ізраільска-палестынскім канфлікце пераважная большасьць мусульманаў па ўсім сьвеце стаяць на баку палестынцаў і выступаюць супраць Ізраілю. У супрацьстаяньні ЗША ды Іраку пераважная большасьць мусульманаў стаяць на баку сваіх ірацкіх аднаверцаў. Узмацняюцца і антыісламскія, і антызаходнія настроі. Я пацікавіўся ў маіх суразмоўцаў, ці ў сувязі з магчымасьцю вайны ў Іраку не адчуваецца росту варожасьці да хрысьціянаў з боку палестынцаў-мусульманаў. Вось меркаваньне а. Ежы Края”.

(Край: ) “Не, не! У Эўропе гаворыцца пра антыісламскія настроі, у арабскіх краінах – пра антыэўрапейскія ці антыамэрыканскія. Аднак тут, у Сьвятой Зямлі канфлікт, які доўжыцца ўжо дзесяцігодзьдзямі, успрымаецца як нешта звычайнае. Мы ўвесь час жывем ва ўмовах вайны, і вайна ў Іраку не паўплывае на радыкалізацыю настрояў. Дарэчы, гэтай вайны яшчэ можна пазьбегнуць. Можна сказаць, што апошнім часам не назіраецца нейкага ўсплёску варожасьці ў дачыненьні да эўрапейцаў ці хрысьціянаў, якія тут жывуць”.

(Бандарук: ) “Айцец Ежы Край кажа пра цяперашнюю сытуацыю. Але-ж у недалёкай будучыні можа ўзьнікнуць незалежная палестынская дзяржава. Яна, безумоўна, будзе ісламскай дзяржавай, хай сабе і не фундамэнталісцкай. Выглядае, што хрысьціянскім сьвятыням і самім хрысьціянам ў Сьвятой Зямлі можа быць толькі горш... Айцец Феафан”.

(Лук’янаў: ) “Зразумела, ёсьць некаторая небясьпека, але ж мы спадзяемся, што міжнародная супольнасьць ня дасьць нас у крыўду, не дазволіць адразу апаганіць хрысьціянскія сьвятыні ў старым Ерусаліме. Гэта ж горад ня толькі мусульманскіх мячэтаў, але і юдэйскіх і хрысьціянскіх сьвятыняў. Я ня думаю, што адразу пачнуцца пагромы і разбурэньні хрысьціянскіх храмаў. Дарэчы, хрысьціяне ў Сьвятой Зямлі заўсёды выступалі за тое і хацелі б, каб стары Ерусалім быў адкрыты для ўсіх, хто жадае наведаць сьвятыні хрысьціянскія, мусульманскія ці юдэйскія”.

(Бандарук: ) “Думку, якую выказаў а.Феафан, падзяляюць прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў. На вялікі жаль, сьвятыя месцы знаходзяцца на тэрыторыях, на якія прэтэндуюць Ізраіль і палестынцы, і абодва бакі лічаць, што яны маюць на іх выключнае права. У сытуацыі зацяжнога і бескампраміснага канфлікту на Блізкім Усходзе лёс хрысьціянскіх сьвятыняў застаецца няпэўны”.