Вінцук Вячорка: “Адсотак свабоды ў беларускай душы большае”

Міхась Скобла, Менск

Наўрад ці можна сказаць, што беларуская прысутнасьць у сьвеце сёньня дастатковая. Афіцыйныя палітыкі ўдзельнічаць у міжнародных форумах магчымасьці амаль ня маюць, а апазыцыйныя, зразумела, ня могуць гаварыць ад імя дзяржавы. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка нядаўна вярнуўся з Канады, дзе, аднак, прэзэнтаваўся не як палітык, а як навуковец-лінгвіст, выступоўца на міжнароднай канфэрэнцыі славістаў. Сваімі канадыйскімі ўражаньнямі ён сёньня дзеліцца са слухачамі нашага радыё.

(Міхась Скобла: ) “Што гэта была за канфэрэнцыя, хто яе ладзіў і наколькі яна была прадстаўнічая?”

(Вінцук Вячорка: ) “Гэта была традыцыйная канфэрэнцыя, яна ўжо 35-я з чаргі. Склікаюцца такія канфэрэнцыі па чарзе ў Злучаных Штатах Амэрыкі й Канадзе Амэрыканскай асацыяцыяй падтрымкі славістыкі. На канфэрэнцыю зьбіраюцца многія сотні навукоўцаў перадусім з гэтых дзьвюх краінаў, але паколькі сам прадмет дасьледзінаў — славістыка, то прыяжджаюць навукоўцы са славянскіх і ня толькі краінаў”.

(Скобла: ) “Якой была на гэтай канфэрэнцыі прысутнасьць Беларусі: беларускія тэмы, хто з нашых дасьледчыкаў удзельнічаў?”

(Вячорка: ) “Упершыню за ўвесь час праводзінаў гэтых канфэрэнцыяў у адным з найпрэстыжнейшых таронтаўскіх гатэляў было ажно тры сэкцыі, прысьвечаныя цалкам Беларусі. На сэкцыі “Беларуская літаратура й музыка” дакладчыкам была спадарыня Гімпелевіч з унівэрсытэту Ватэрлоо з тэмаю “Паэзія Рыгора Барадуліна ў музыцы”. Ведамы кожнаму беларусазнаўцу Арнольд Макмілін зь Лёндану выступіў з тэмаю “Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін як маральнае натхненьне Беларусі”. Паўліна Сурвілла, якая мае традыцыйны інтарэс да беларускай рок-музыкі, прачытала даклад “Беларускі рок і фармаваньне гукавой супольнасьці ў Беларусі”. Другая сэкцыя — “Пытаньні беларускай лінгвістыкі”, дзе давялося выступаць і мне. І трэцяя сэкцыя праходзіла ў форме круглага стала — “Беларускі нацыяналізм як суб’ект”. Зь Беларусі выступаць прыехаў хіба толькі я адзін, рэшту выступаў на гэтых сэкцыях рабілі навукоўцы з ЗША, Канады й Вялікабрытаніі”.

(Скобла: ) “Тры сэкцыі па Беларусі — гэта многа ці мала? Калі параўнаць з нашымі суседзямі, з той жа Ўкраінай?”

(Вячорка: ) “Украінскіх сэкцыяў было больш за 10, але гэта ня дзіва, бо ў той жа Канадзе арганізаваная мільённая ўкраінская дыяспара, у канадыйскіх унівэрсытэтах ёсьць катэдры ўкраіністыкі. Калі зважаць на тое, што беларускіх арганізацыяў ня так багата й яны не такія шматлюдныя, тры сэкцыі — гэта добры крок наперад. На мінулай канфэрэнцыі была толькі адна”.

(Скобла: ) “Беларускія палітыкі на замежных форумах не заўсёды выступаюць скансалідавана. А як навукоўцы, ці ня сварацца міжсобку?”

(Вячорка: ) “Па-першае, міжнародная супольнасьць беларусазнаўцаў вельмі зычлівая й прыхільная адзін да аднаго. Але бывае, вядома, па-рознаму. Прыкладам, на першай сэкцыі (літаратура і музыка) прысутнічала спадарыня з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту зь Менску (не прамоўца, яна прыехала на іншую сэкцыю, прысьвечаную гендэрным пытаньням). Яна асабліва энэргічна ўзялася палемізаваць з Паўлінай Сурвіллай.

Паўліна выказала абсалютна слушную думку, што творчы патэнцыял наймаладзейшага пакаленьня беларусаў выяўляецца ў беларускамоўнай рок-музыцы, у аўтарскіх і калектыўных рок-праектах, сярод якіх ёсьць сапраўды ўнікальныя для цэнтральна-эўрапейскай музычнай прасторы, як “Народны альбом”, альбо “Сьвяты вечар”, альбо “Я нарадзіўся тут”. Нічога падобнага ў нашых суседзяў па ўсім пэрымэтры няма. І спажыўцамі гэтай беларускамоўнай музычнай прадукцыі ёсьць маладыя беларусы, на якіх яна ўплывае. Контараргумэнтам спадарыні з ЭГУ было сьцьверджаньне, што ў нас па-беларуску ня мысьліць і не гаворыць ніхто, а па-другое, у нас на такую прадукцыю няма спажыўца. Ёй адказам было ўсеагульнае абурэньне. Вельмі шкада, што навукоўцы, якія афіцыйна рэпрэзэнтуюць Беларусь, стаяць на такіх пазыцыях.

Дарэчы, падчас канфэрэнцыі адбылося чарговае паседжаньне Паўночна-Амэрыканскай асацыяцыі беларусістаў, на якім старшынём на наступны тэрмін абраны Курт Вулгайзэр — прафэсар-мовазнаўца, які раней выкладаў у Тэксасе, а цяпер будзе выкладаць у Гарвардзе. І гэта дужа добра для нашай навуковай справы, што ў Гарвардзе будзе чалавек, адданы Беларусі”.

(Скобла: ) “Адна з тэмаў канфэрэнцыі, як ты ўжо згадаў, гучала — “Беларускі нацыяналізм як суб’ект”. Паводле вядомага заходняга дасьледчыка Энтані Сьміта, нацыяналізм сёньня ў сьвеце перажывае сапраўднае адраджэньне. З гэтага гледзішча, беларускі нацыяналізм мае палітычныя пэрспэктывы, ці гэта гістарычны рэлікт і звароту да яго не прадбачыцца?”

(Вячорка: ) “Дыскусія на круглым стале па гэтым пытаньні была цікавая хоць бы таму, што пачатны выступ на ёй зрабіў Вітаўт Кіпель. Зыходзячы з энцыкляпэдычных дэфініцыяў нацыяналізму, ён перайшоў да аналізу цяперашняга стану беларускае нацыянальнае думкі. У прыватнасьці, было зазначана, што вельмі працяглы час як расейскія, так і польскія палітыкі ярлыкавалі беларускі нацыяналізм як штосьці агрэсіўнае, чалавеканенавісьніцкае і наагул небясьпечнае. Безумоўна, беларускі нацыяналізм фармаваўся ў тыповай цэнтральнаэўрапейскай сытуацыі й гэта быў нацыяналізм паняволенае нацыі. Што амаль аўтаматычна дазваляе праводзіць знак тоеснасьці паміж беларускі нацыяналізмам і дэмакратычнымі празаходнімі памкненьнямі тых палітычных сілаў, якія беларускі нацыяналізм вызнаюць.

Я заўважыў, што ў некаторых дыскутантаў у Таронта зьявіліся, ну калі не ілюзіі, то надзеі й чаканьні, а раптам цяперашняя беларуская ўлада зразумее, што адзіным спосабам ейнага самаўратаваньня будзе якраз запазычаньне пэўных тэзаў беларускае нацыянал-дэмакратычнае думкі, г. зн. станаўленьне беларускай незалежнай дзяржавы, угрунтаванай на нацыянальна-культурных падвалінах беларускага народу, такіх як мова, гістарычная памяць і сьведамасьць. Мне давялося ў сваім выступе якраз разьвянчаць гэтыя спадзевы, таму што яны абсалютна марныя”.

(Скобла: ) “Якой праблеме быў прысьвечаны твой даклад?”

(Вячорка: ) “Маёй тэмай быў гістарычны дуалізм беларускай графічнай сыстэмы й праблемы трансьлітэрацыі й практычнае транскрыпцыі. Прасьцей кажучы, я гаварыў пра тое, як у лацінапісьмовых тэкстах (ангельскіх, францускіх, нямецкіх) перадаюцца беларускія імёны, геаграфічныя назовы, альбо, скажам, тытулы кніг. Сёньня сыстэмаў перадачы беларускай кірыліцы лацінкай існуе мноства. Прыкладам, Бібліятэка Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі выкарыстоўвае толькі ёй вядомыя графічныя значкі. У Вялікабрытаніі выкарыстоўваюць ангельскія літары і іх спалучэньні. У спэцыяльнай інстытуцыі ААН, якая ўніфікуе геаграфічныя назовы, прынятая трэцяя схема. У выніку атрымліваецца, што прозьвішчы, прыкладам, Шушкевіч, Вячорка, ці прозьвішчы зь нескладовым “ў” перадаюцца трыма-чатырма-пяцьцю рознымі спосабамі. І гэта яшчэ добра, калі яны перадаюцца на аснове беларускага напісаньня, а не расейскага. Бо тады наагул немагчыма вызначыць, адкуль, зь якой краіны чалавек альбо геаграфічная назва!

І маёй задачай было данесьці да паважаных мовазнаўцаў ЗША і Канады, што беларусы, пачынаючы з 15–16 стагодзьдзяў, карыстаюцца выпрацаваным на нашай уласнай глебе лацінкавым альфабэтам. На жаль, ваяўнічая антызаходняя пастава цяперашняга беларускага кіраўніцтва пазбавіла нас магчымасьці ўкараніць лацінку, прынамсі як дапаможны графічны рэсурс, скажам, для патрэбаў паштовай сувязі, для патрэбаў апэратыўнага абмену кампутарнымі зьвесткамі й для той самай пашпартызацыі, бо ў пашпарце кожнага з нас ёсьць імя-прозьвішча, напісаныя лацінкай. Праблема стандартызацыі й уніфікацыі Беларусі ў сьвеце стаіць вельмі востра”.

(Скобла: ) “Часам адсутнасьць стандартаў і карысная. Нядаўна мне трапіў у рукі атляс сьвету (пераклад з ангельскай на расейскую), дык там дзяржаўны сьцяг Беларусі па-ранейшаму — бела-чырвона-белы”.

(Вячорка: ) “Сапраўды, як ні парадаксальна, гэты брак стандартызацыі дазваляе ўжываць сапраўды навуковыя, угрунтаваныя на нашай беларускай традыцыі падыходы й у той сфэры, якою займаюся я. Прыкладам, установа, кая займаецца геаграфічнымі назовамі пад эгідай ААН, у прынцыпе ўжо фактычна прыняла беларускую лацінку як абавязковы стандарт для перадачы беларускіх геаграфічных назоваў на ўсіх мапах, у якіх бы краінах сьвету яны ні выходзілі”.

(Скобла: ) “Яшчэ адна тэма канфэрэнцыі гучала неардынарна — “Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін — як маральнае натхненьне Беларусі”. І гэта ў той час, калі беларускай літаратуры як бы ўвогуле не існуе, я спасылаюся тут на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі на нядаўняй сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй. Колькі ў нас на аднаго маральна натхнёнага амаральна запалоханага, і як гэтая суадносіна зьмяняецца апошнім часам?”

(Вячорка: ) “Прафэсар Арнольд Макмілін, які выступаў з гэтым спавешчаньнем, падкрэсьліваў, што творчасць абодвух выдатных пісьменьнікаў, і Быкава, і Барадуліна, служыць пэўным стрыжнем, пэўным пунктам адліку для чытачоў, для беларускага грамадзтва ў цэлым, нават калі жанрава гэта ня ёсьць публіцыстыка альбо эсэістыка. Год 2003 засьведчыў: рэальныя лідэры грамадзкай думкі ёсьць творцы. Усенароднае пахаваньне Быкава паказала гэта вельмі яскрава.

Я ня стаў бы падлічваць нейкія працэнты. Я б лепш палічыў, колькі адсоткаў нявольніка ёсьць у кожнай асобна ўзятай душы. Але тое, што адсотак свабоды й адсотак Беларусі ў кожнай асобна ўзятай беларускай душы большае — гэта бясспрэчна”.

(Скобла: ) “Газэта “Наша Ніва” вызначыла рэйтынг папулярнасьці, паводле якога на другім месцы пасьля Лукашэнкі стаіць Генадзь Бураўкін. Не палітык, а паэт. Як ты лічыш, чаму?”

(Вячорка: ) “Тут ня трэба шукаць нейкіх складаных філязофскіх прычынаў. Гэтыму ёсьць прычына інфармацыйная. Пакуль, на шчасьце, імя Бураўкіна, зрэшты, як і імя Быкава ці Барадуліна, ня скрэсьленае са школьных падручнікаў. І кожны беларус гэтае імя са школьных падручнікаў памятае. Гэтак сама як і песьні Бураўкіна пакуль ня вычышчаныя з радыёэтэру. Што да палітыкаў, то не забываймася, што інфармацыйныя бар’еры ці тая інфармацыйная вата, якую нам імкнуцца закладаць у вушы, скіраваная найперш супраць палітычнага слова”.

(Скобла: ) “Дзякуй, Вінцук, за кампэтэнтныя й вычарпальныя адказы. І ў нас засталося літаральна паўхвіліны — акурат для навагодняга віншаваньня”.

(Вячорка: ) “Традыцыйна Каляды й Новы год — гэта сьвяты рознага кшталту. Каляды — сьвята сямейнае, сьвята задумленьня й супакаеньня. А Новы год — грамадовае сьвята, шумнае, сьпеўнае. Я хацеў бы пажадаць нашым слухачам, каб мы ўсе разам пераадольвалі таталітарную спадчыну былых часоў, калі ў нашых галовах улады імкнуліся перамяшаць гэтыя два зусім розныя сьвяты, прымушалі нас забыцца на нашую самасьць, на нашую ідэнтычнасьць. Дай жа Божа, каб у наступным годзе ў кожнага з нас паасобку й у нашага народу ў цэлым адбыліся такія падзеі, каб мы надалей адначасова заставаліся самімі сабой і — згуртаваным народам”.