Аляксей Марачкін: “Наш Міндоўг на спутаным кані”

Міхась Скобла, Менск

Беларусь і Літва адзначылі 750-годзьдзе каранацыі Міндоўга. Літва — на дзяржаўным роўні, урачыста і пампэзна. Беларусь — высілкамі грамадзкіх арганізацый. У Вільні Міндоўг паўстаў высечаным з каменю, у Менску — з гіпсу на мастацкай выставе. Выстава перад адкрыцьцём была ачышчаная ад крамолы, на яе ня трапіў твор Аляксея Марачкіна, які сёньня завітаў да нас.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Аляксей, раней вашыя творы некалькі разоў здымалі з выставаў. Цяпер жа ўвогуле не дапусьцілі ў Палац мастацтва. Што не спадабалася забароньнікам у вашым творы “Сьляза Міндоўга”?”

(Аляксей Марачкін: ) “Папраўдзе кажучы, калі я пісаў гэты твор, то ня думаў, што вакол яго будзе такая калатнеча, і тым больш — што яго не дапусьцяць на выставу. У мяне былі гэткія аргумэнты: калі прыяжджае ў Менск маскоўскі артыста Максім Галкін (ці Алкін, як на яго часам кажуць), калі прыяжджае сатырык Міхаіл Задорнаў, то яны, я чуў на свае вушы, іранізуюць над “А.Г.Лукашэнкам”, і гэта ўсё праходзіць, усё гэта нармальна. Калі я быў у Лёндане, то чуў, як там па тэлевізары даволі жорстка кпяць з каралеўскай сям’і. І там гэта таксама нікога ня дзівіць. “Сьляза Міндоўга” — абсалютна бяскрыўдная, але зь вялікім падтэкстам карціна”.

(Скобла: ) “Раней адборам твораў на выставы займалася адмысловая камісія. А ў выпадку з вамі — судзьдзі хто?”

(Марачкін: ) “Сапраўды, раней пра Саюзе мастакоў існаваў выстаўкам, ён прымаў працы. Пры падрыхтоўцы Міндоўгавай выставы Саюз мастакоў нібыта склаў зь сябе паўнамоцтвы, кіраўніцтва на адкрыцьці не было. Актыўна ўдзельнічалі толькі сябры суполкі “Пагоня”. Хто канкрэтна не дапусьціў мой твор у экспазыцыйную залю, я так і не даведаўся. І ніхто толкам ня можа сказаць, усе ківаюць на Міністэрства культуры, на Менгарвыканкам. Такое адчуваньне, што нібыта з вуліцы прыйшлі людзі, не прадставіліся, зьнялі з выставы працу, замкнулі яе на ключ, і тры дні “Сьляза Міндоўга” знаходзілася фактычна пад арыштам, я ня мог яе забраць”.

(Скобла: ) “Апошнім часам любы ваш твор выклікае павышаную цікавасьць з боку ўлады. Уладзімер Арлоў на прэзэнтацыі сваёй кнігі “Ордэн Белай Мышы” расказваў, што ў выдавецтве “падрэдагавалі” вашы ілюстрацыі да кнігі”.

(Марачкін: ) “Гэта так. І гэта не адзіны выпадак. Яшчэ раней для экспазыцыі ў Літаратурным музэі, да юбілею Кастуся Каліноўскага я прадставіў сваю даўнюю карціну “Мураўёў-вешальнік”. За савецкім часам яна выстаўлялася, і ўсё было нармальна. А тут, у музэі, яе не пусьцілі. Я пытаюся — чаму? А мне адказваюць — лысіна й вусы як у кіраўніка краіны. Малюнкі, якія сталі ілюстрацыямі да кнігі Арлова, былі створаныя яшчэ ў 1978 годзе, гэта мае ўспаміны пра службу ў войску. Але ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” таксама зачапіліся за вусы. Урэшце іх давялося падкруціць і падоўжыць”.

(Скобла: ) “Спачатку слова “прэзыдэнт” прысвоена адным чалавекам, цяпер — вусы пэўнай канфігурацыі. Што з гэтым рабіць?”

(Марачкін: ) “Так, тэндэнцыя набірае сілу. У тэатры абсурду (а наша жыцьцё і ёсьць тэатрам абсурду) усё можа быць. Скажам, чаму не загадаць на ўсю краіну, што вусы й лысіну мае права мець толькі адзін чалавек? І калі недзе, ня дай Бог, яны ня так намаляваныя, то павінны неадкладна забараняцца”.

(Скобла: ) “Аднак вернемся да выставы ў Палацы мастацтва. Многія мастакі ідэалізуюць караля Міндоўга. Ваша ж карціна антыгераічная паводле сваёй назвы — “Сьляза Міндоўга”. Па чым плача ваш Міндоўг?”

(Марачкін: ) “Вэктар Міндоўгавай палітыкі быў выразна эўрапейскі. Нездарма Рымскі Папа даў дазвол на каранацыю. І калі вэктар гэты зьмяніўся, калі сёньняшні кіраўнік Беларусі пішчом лезе ў Расею,то я паказваю Міндоўга ў роспачы. Ён трымае папскую булу, атрыбуты ўлады, разьвёўшы рукі, бо ўсё тое, за што ён змагаўся, дзеля чаго ён жыў, перастала быць каштоўнасьцю, ідзе раздача зямель. Я паказваю ўсё ў тэатралізаваным выглядзе, гэта маскі. Адна маска плача, а другая, прытым маска-трохручніца, трымае расейскую сторублёвую купюру, а трэцяй, прыхаванай рукой, паказвае кукіш — маўляў, я вас усіх абхітру. І заўважце — конь спутаны… Дарэчы, “Сьляза Міндоўга” выдадзеная як паштоўка невядомымі мне людзьмі. На адваротным баку паштоўкі — верш, падпісаны В.Н.:

Зрабіла ўлада падарунак
Да каранацыі Міндоўга —
Адзіны з маскалём рахунак
Чакаць ужо ня надта доўга.

Ды не чуваць пакуль Пагоні,
І дзе Касьцюшка, Каліноўскі?
Ці люд наш — ідалапаклоньнік,
І ў нас адзіны ідал — Шклоўскі?

Ня трэба заглядаць у соньнік.
Так павялося ў нашым лёсе —
Для партызанкі ёсьць сасоньнік,
Калі такое пачалося.

Ці вінаваты кволы конік?
Ці конюх? Ці гешэфт цыганскі?
Але маёр і падпалкоўнік
Адкажуць за базар славянскі!”

(Скобла: ) “Такім чынам, ананімных твораў у Беларусі становіцца ўсё больш. 750-годзьдзе каранацыі Міндоўга прыпала на сёлетняе дзяржаўнае сьвята — Дзень незалежнасьці. Аднак у сьвяточным выступе Аляксандра Лукашэнкі, дарэчы, беларускамоўным і надзвычай “незалежніцкім”, пра Міндоўга не было сказана ні слова. Я слухаў прэзыдэнцкі выступ і думаў пра хату, якую спрабуюць узьвесьці без падмурку, бярвеньні кладуцца на сырую зямлю. Але ж так у жыцьці не бывае”.

(Марачкін: ) “Безумоўна. Кіраўнік дзяржавы падсякае той сук, на якім сядзіць. Нельга без фундамэнту будаваць ні хату, ні краіну. У Вільні каранацыю Міндоўга адзначылі на дзяржаўным роўні, з размахам, з удзелам замежных дэлегацый і нават прэзыдэнтаў — з Брытаніі, з Бэльгіі, зь Нямеччыны. У Вільні адкрылі помнік Міндоўгу”.

(Скобла: ) “А вы заўважылі, што некаторыя беларускія СМІ “дапамагалі” сьвяткаваць літоўцам?”

(Марачкін: ) “Гэта было навідавоку. Пра сваё сьвята не парупіўся кіраўнік дзяржавы, не парупіліся і СМІ. Чыста інфармацыйна яны зь лёгкасьцю аддалі Міндоўга суседняй краіне. Карэспандэнтка ОНТ так і расказвала — пра каранацыю Міндаўгаса ў нейкім, відаць, невядомым ёй Наўгардукасе.

Зусім ня тое было ў 1980 годзе, калі адзначалася 500-годзьдзе Міколы Гусоўскага. Паэт-лацініст, жыў у час Вялікага Княства Літоўскага. Мы тады наладзілі выставу, была шыкоўна выдадзеная ў беларускім перакладзе “Песьня пра зубра” з ілюстрацыямі Яўгена Куліка. І ўжо ніхто не насьмеліўся гаварыць, што гэта не беларускі паэта, хоць і літоўцы да гэтай пары працягваюць лічыць яго сваім. А ад Міндоўга цалкам адракліся на дзяржаўным роўні, хоць каранаваўся ён у першай сталіцы ВКЛ — у Наваградку. Што казаць, як у той прыказцы — вось і да лесу прыехалі”.

(Скобла: ) “Сёлетняе лета зацішным не назавеш. Вайна зь незалежнымі газэтамі, з кампаніяй IREX, бясконцыя фільмы пра “добрага Лукашэнку” па БТ. Што ўсё гэта нам вяшчуе?”

(Марачкін: ) “Гэта ўжо відно няўзброеным вокам: у Беларусі рыхтуецца рэфэрэндум аб канстытуцыйным акце, аб працягу паўнамоцтваў. Кіраўнік краіны думае, што правераны электарат яго не падвядзе. Хоць дзевяцігадовая хлусьня выйшла на паверхню. Але змаганьне за Беларусь, за яе натуральны шлях у дэмакратычную Эўропу будзе працягвацца”.