ЯК СТАВЯЦЦА ДА ДНЯ ВОЛІ СТУДЭНТЫ І ВЫКЛАДЧЫКІ НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАЎ МАГІЛЁВА?

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

(Карэспандэнтка: ) “Заўтра, 25 сакавіка будуць адзначацца чарговыя ўгодкі Беларускай народнай рэспублікі. Я вы лічыце, ці павінна гэтае сьвята быць дзяржаўным у Беларусі?”

(Спадар: ) “Абавязкова павінна. Павінна быць гэтаму сьвяту дзяржаўная падтрымка. Зараз лічыцца 3 ліпеня Днём незалежнасьці, хаця насамрэч проста ад адной імпэрыі перайшлі да другой. А Дзень Волі – гэта сапраўды нашае сьвята. Гэта сапраўды першым разам беларусы заявілі пра тое, што яны – беларусы”.

(Спадарыня: ) “ Я пра гэтую дату нічога не ведаю, але мяркую, што павінна адзначацца”.

(Спадар: ) “Што зараз хочуць пад старое падводзіць, што было ў 18-м годзе, то я супраць гэтага. Цягнуць гэтыя замежныя беларусы, якія ў часы вайны зьехалі, іх выкінулі адсюль. Не трэба гэтым займацца”.

(Спадарыня: ) “Я ў прынцыпе пра сьвята нічога ня ведаю, але я мяркую, што яно павінна адзначацца на рэспубліканскім роўні, таму што гэта вытокі Беларусі, гісторыя наша. Масы павінны ведаць пра гэтае сьвята. І я лічу, што яшчэ адно сьвята не перашкодзіць нашаму народу”.

(Карэспандэнтка: ) “25 сакавіка будзе адзначацца дзень Волі, угодкі Беларускай народнай рэспублікі. Ці ведаеце вы пра гэтае сьвята і, як вы лічыце, ці павінна яно стаць дзяржаўным у Беларусі?”

(Спадар: ) “Я пра гэтае сьвята амаль нічога ня ведаю, але, я лічу, што яно павінна быць дзяржаўным. Ну, проста з назвы, хаця б так. Людзі павінны пра гэта больш ведаць. Гэта павінна трывала асесьці ў сьвядомасьці грамадзянаў!”

(Спадар: ) “На жаль, я ведаю, што гэтая дата заўсёды няважна адзначалася. Я меркаваў, што яна такога намінальнага характару. Маўляў, усе мы свае і ўсе ў сяброўскай сям’і жывем. А потым замаўчалі, потым менавіта апазыцыя пачала. На жаль, я не гісторык. Я бы мог мець лепшае меркаваньне…”

(Карэспандэнтка: ) “А так вы проста ня ведаеце, ці варта адзначаць…”

(Спадар: ) “Так, на жаль, ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Я нічога такога ня ведаю. Нібыта як першым разам чую. Ну, нешта знаёмае… Аднак я мяркую, што павінна адзначацца, калі гэта зьвязана зь Беларусьсю”.

(Спадарыня: ) “Маё асабіста меркаваньне такое, што гісторыя – гэта заўсёды гісторыя. Гісторыю мы павінны ведаць. Бо гэта – нашая гісторыя. Таму трэба адзначаць на агульнадзяржаўным роўні”.

Так адказвалі на пытаньне “Ці павінен Дзень Волі 25 сакавіка адзначацца як дзяржаўнае сьвята?” студэнты і выкладчыкі магілёўскіх навучальных установаў.