ПРАФСАЮЗНЫМ ЛІДЭРАМ НЕ ПРАЦЯГВАЮЦЬ КАНТРАКТ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Пісьмовыя папярэджаньні аб адмове ад працягу кантракту атрымалі старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу цеплаэлектрацэнтралі Вадзім Духаменка, а таксама два сябры савета прафсаюзу. Усе яны адпрацавалі на ЦЭЦ не адзін дзясятак гадоў і маюць высокую кваліфікацыю. Гаворыць Вадзім Духаменка:

(Духаменка: ) “Намесьнік дырэктара па кадрах прыйшоў да мяне на працоўнае месца і прынёс пісьмовае папярэджаньне аб тым, што са мной ня будзе працягнуты кантракт. Адначасова такія ж папярэджаньні атрымалі два сябры савета Свабоднага прафсаюзу Юры Обухаў ды Юры Гайчанка. Гэта зьяўляецца апошнім пацьверджаньнем таго, што ўлады, пад выглядам кантракту, практычна зьліквідавалі як законы Рэспублікі Беларусь, так і міжнародныя прававыя нормы. Гэта таксама сьведчыць пра агонію ўлады, якая, не даючы рады ўзьняць эканоміку, вырашыла канчаткова зьнішчыць Свабодныя прафсаюзы і ўсялякае іншадумства. Ад свайго імя і ад імя суполкі Свабоднага прафсаюзу Наваполацкай ЦЭЦ магу сказаць, што мы будзем працягваць барацьбу — і ня толькі за свае асабістыя інтарэсы, але й за дэмакратычную Беларусь”.

Суполка Свабоднага прафсаюзу на Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі была ўтвораная ў 1998 годзе і на сёньняшні дзень у ёй гуртуецца 140 чалавек. За час свайго існаваньня яе кіраўніцтва актыўна абараняла правы сябраў прафсаюзаў у судах і ў камісіях па працоўных спрэчках, а таксама дамаглася сур’ёзнай падвышкі заробку работнікаў — на дадзены момант па ўзроўню зарплаты ЦЭЦ выйшла на другое месца ў галіне. І вось, год таму, прыкладна пятая частка калектыву была пераведзеная на працу па кантрактах, прычым кантрактамі былі ахоплены практычна ўсе сябры Свабоднага прафсаюзу. Мінуў год, прыйшла пара працягваць кантракт, але, як бачым, працягнуты ён будзе ня ўсім. Паводле спадара Духаменкі, адміністрацыя паквіталася такім чынам з прафсаюзнымі лідэрамі за іхную актыўнасьць у справе абароны правоў працоўных.