ГАМЕЛЬЧУКІ АДКАЗВАЮЦЬ НА НАШАЕ ПЫТАНЬНЕ ТЫДНЯ

Казімер Яноўскі, Гомель

Вялікая група апытаных гамельчукоў наагул ня ведала, што адказаць на пастаўленае пытаньне:

(Жанчына: ) “Вы такое пытаньне задалі, што трэба падумаць”.

(Мужчына: ) “Я ня ведаю ніякіх маіх правоў”.

(Жанчына: ) “Я ня чытала Канстытуцыю і ня ведаю. Сьмешна, праўда? Усе б`юцца, як рыба аб лёд, каб выжыць на гэтым белым сьвеце, і ўсё. Чыноўнікі жывуць, а мы гаруем усе. Вось і ўся Канстытуцыя!”

Многія гараджане сталага ўзросту ня называлі гарантаваныя Канстытуцыяй правы, а казалі толькі пра парушэньні:

(Жанчына: ) “Канстытуцыя? Гэта ўсё падман! На гэтыя 100 тысячаў, што я атрымліваю, толькі плакаць трэба”.

(Жанчына: ) “Беззаконьне! Я прапрацавала 40 гадоў і я – на вуліцы. Выкінулі з кватэры старую бабу, пэнсіянэрку (ўсхліпвае). Адзінокая, безабаронная”.

(Мужчына: ) “Ніякіх правоў у нас няма. Забралі ўсё. Якія ўклады ашчаджалі – і тыя забралі. Дзьве кульбакі далі – вось і ўсе нашы правы. 55 гадоў працаваў – дзьве кульбакі зарабіў”.

(Мужчына: ) “Канстытуцыя – гэта вялікая прастытуцыя. Правы абвешчаны, але іх няма ў чалавека”.

(Мужчына: ) “Правы ў Беларусі захоўваюцца? Не, ня захоўваюцца”.

Трэцяя група гамельчукоў стала ўзросту сярод шматлікіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, выдзеліла наступныя:

(Мужчына: ) “Свабоду! Кожны павінен заваяваць сваю свабоду!”

(Жанчына: ) “ Ну якія правы? Свабода слова, у першую чаргу”.

(Жанчына: ) “Права на працу – гэта найперш. І права на адукацыю. Каб кожны чалавек мог працаваць і атрымаць адукацыю такую, якая яму патрэбна. Гэта самае галоўнае, я лічу”.

(Жанчына: ) “Права на больш годнае жыцьцё”.

Гэта былі адказы гамельчукоў на пытаньне тыдня: “Якія правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, вы цэніце больш за ўсё?”