СЛОНІМСКАЯ ПРАКУРАТУРА АДМОВІЛАСЯ ЗАВОДЗІЦЬ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ НА СЬВЯТАРА, ЯКІЯ ЗАГАДАЎ ЗЬБІЦЬ ЖУРНАЛІСТАК

Ягор Маёрчык, Менск

Радыё Свабода падрабязна распавядала пра канфлікт паміж манашкамі й журналісткамі, што меў месца 20 лістапада і скончыўся бойкай. Журналісткі сьцьвярджаюць, што зьбіць іх загадаў манашкам Наваградзкай япархіі айцец Уладзімер, які сарваў сустрэчу знахаркі Соф’і з жыхарамі Слоніму — выгнаў прысутных з залі раённага Дому афіцэраў.

Вольга Шынкевіч і Тацяна Плахетка сфатаграфавалі, як сьвятар выганяў з памяшканьня д’ябла. Сьледзтва пастанавіла, што такім чынам журналісткі самі справакавалі бойку. Апроч таго, супрацоўніц незалежнага тыднёвіка абвінавацілі ў тым, што яны нібыта распальваюць рэлігійную варажнечу.

А ў праваслаўных цэрквах Слоніму пачаўся збор подпісаў пад патрабаваньнем закрыць “Газэту Слонімскую”.