ГАЛАДОЎНІКІ: “У ГЭТЫМ ПАМЯШКАНЬНІ ЯДУЦЬ ТОЛЬКІ АКВАРЫЮМНЫЯ РЫБКІ”

Ягор Маёрчык, Ваўкавыск

У кабінэце кіраўніка "Радыётаксі-22222", прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, стаяць вагі для вымярэньня масы чалавечага цела. На іх напісана “Wish You Good Health” (Жадаем вам добрага здароўя). Галадоўнікі лічаць за лепшае не станавіцца на гэтыя вагі, каб ня ведаць, колькі кіляграмаў яны згубілі за тыя дні, што ідзе акцыя пратэсту.

У офісе "Радыётаксі-22222" жартуюць: з тых, хто знаходзіцца тут увесь час, ядуць толькі акварыюмныя рыбкі і вартавыя сабакі навонку. Маўляў, засталося і ім далучыцца да людзей, і магчыма тады на кіроўцаў ды дыспэтчараў зьвернуць увагу.

Сёньня да галадаваньня вярнуўся Сяргей Альшэўскі. На мінулым тыдні яго забралі на "Хуткай". Пазьней паставілі дыягназ: гепатыт Б. Ён самастойна сышоў са шпіталю і цяпер начуе разам зь іншымі галадоўнікамі.

(Альшэўскі: ) "Я хачу прыцягнуць галадоўку, з-за гэтай безвыходнай сытуацыі, і каб падртымаць боса."

Сёньня я наведаў у шпіталі Леаніда Сенапалава. Заўтра яго выпісваюць. Але кіроўца застанецца пад наглядам мэдыкаў.

(Сенапалаў: ) "Галадоўку працягваць я ня буду. З стану галадаваньня я выходжу. Але я буду падтрымліваць сваіх людзей, калегаў па працы, каб нам вярнулі нашую працу, каб мы маглі жыць, працаваць ды карміць свае сем'і.”

Як ставяцца жыхары да прыпыненьня працы фірмы-таксы? Падаю меркаваньне пэнсіянэркі Валянціна Салдатавай.

(Салдатава: ) "Я падтрымліваю таксістаў, і далучаюся да іх. Яны – малойцы. Няхай трымаюцца да канца. І я іх таксама буду падтрымліваць да канца."