СХОД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ У МАГІЛЁВЕ

Марыя Усьціновіч, Магілёў

У сходзе бралі ўдзел больш 50 дэпутатаў розных скліканьняў і розных узроўняў з усіх абласьцей Беларусі. Ад дэпутацкай групы “Рэспубліка” прысутнічалі і выступалі з прамовамі Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец. Дэпутаты абмяркоўвалі праблемы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і мясцовага самакіраваньня наагул.

Выбар тэмы для дэпутацкага сходу абумоўлены тым, што камунальныя праблемы цяпер – самыя актуальныя сярод усіх іншых сацыяльных. Стагнацыя камунальнай гаспадаркі выклікае вялікую колькасьць крыўдаў і скаргаў выбарнікаў. А цяпер яшчэ пачаўся ацяпляльны сэзон, трэба плаціць вялікія грошы за камунальныя паслугі, прычым усе чакаюць на далейшае павелічэньня тарыфаў.

Сяргей Фралоў сказаў, што, на ягоную думку, мала размаўляць пра бесталковасьць уладаў, трэба абмяркоўваць, што канкрэтна можна зрабіць для людзей у гэтых умовах.

Напрыклад, удзельнікі сходу вынайшлі, што ў межах беларускага заканадаўства можна ствараць таварыствы ўласьнікаў жыльля. Ёсьць такі баранавіцкі вопыт, ён пасьпяховы, а гэта як раз і прывядзе да дэманапалізацыі і большай празрыстасьці ў сфэры камунальных паслугаў.

Пошукі шляхоў вырашэньня надзённых праблемаў, казаў Валеры Фралоў, – гэта спроба выканаць свае абяцаньні перад выбарнікамі. І калі яна будзе пасьпяховай -– гэта абавязкова адаб’ецца на выніках наступных выбараў, упэўненыя дэпутаты. І ў выніку ў шэрагах дэпутатаў зьявіцца больш людзей, якія ня толькі пагаджаюцца з уладай, але яшчэ маюць уласнае меркаваньне і арганізатарскія здольнасьці.

Верагодна, што бліжэйшым часам і ў іншых рэгіёнах пройдуць падобныя сходы, арганізаваныя “Рэспублікай”. А напрыканцы лістападу ў Менску плянуецца правесьці агульнанацыянальны дэпутацкі сход, які, мяркуецца, і будзе сымбалем пераходу ад заклікаў да практычных захадаў дэпутатаў ад дэмакратычнай супольнасьці.

Праўда, трэба адзначыць, што ўчора ў Магілёве большасьць удзельнікаў сходу складалі дэпутаты папярэдніх скліканьняў, якія працавалі ў мясцовых саветах ў 1990-ыя гады, а вось дзеючых дэпутатаў было ня так шмат. Аднак Сяргей Скрабец сказаў, што ён і ягоныя калегі будуць абапірацца якраз на тых людзей, якія ўчора прыйшлі і не пабаяліся абмяркоўваць вострыя праблемы.

Самі гэтыя дэпутаты мясцовых саветаў розных узроўняў лічаць, што агульнанацыянальны сход дапаможа ім жыць і працаваць: абменьвацца досьведам, быць часткай супольнасьці, а не, як гэта часта здараецца, адзіным дэмакратам у савеце, і ўрэшце спрабаваць разам вырашаць актуальныя праблемы выбарнікаў.