СТУДЭНТЫ ВІЦЕБСКАГА МЭДУНІВЭРСЫТЭТУ МУСЯЦЬ ВЫВУЧАЦЬ ПРАМОВЫ А.ЛУКАШЭНКІ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пяць адмысловых зборнікаў з прамовамі Аляксандра Лукашэнкі выдадзеныя на распараджэньне рэктара Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксандра Косінца. Зборнікі маюць наклад ад 200 ды 500 асобнікаў, і кожны куратар студэнцкае групы абавязаны карыстацца гэтымі выданьнямі ў сваёй працы.

На ўмовах поўнае ананімнасьці супрацоўніца мэдычнага ўнівэрсытэту пагадзілася распавесьці, як мусіць выкарыстоўвацца падобная мэтадычная літаратура:

(Супрацоўніца: ) “Вось гэтыя чатыры зборнікі мы атрымалі цягам апошніх месяцаў: Выступы прэзыдэнта ды заканадаўчыя акты ў галіне аховы здароўя, другая кніга — гэта указы й дэкрэты прэзыдэнта ў галіне адукацыі, а вось выступ прэзыдэнта на аб’яднаўчым сходзе БПСМ ды Беларускага Саюзу Моладзі, і чацьверты зборнік (у ім, дарэчы, 220 старонак) — гэта выступы прэзыдэнта ў вышэйшых навучальных установах.

Гэткія кнігі ў нас атрымалі ўсе куратары студэнцкіх груп, каб праводзіць гутаркі са студэнтамі. Цяпер на так званых “куратарскіх гадзінах”, якія трэба праводзіць два разы на месяц, мы ўжо не адвольна выбіраем тэмы размоваў, а выконваем распараджэньне нашага кіраўніцтва, нашага рэктара”.

Рэктар мэдунівэрсытэту спадар Косінец быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі ў часе былых прэзыдэнцкіх выбараў. Ён таксама ёсьць укладальнікам і названых вышэй чатырох апошніх зборнікаў, і самага першага, выдадзенага яшчэ на пачатку году — “Выхаваньне ў сыстэме бесьперапыннае мэдычнае адукацыі”, дзе таксама зьмешчаныя прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Прычым, калі першы зборнік меў наклад усяго 100 асобнікаў, то апошні — ужо 500.

Як засьведчылі ў выдавецкім цэнтры, грошы на выданьне зборнікаў выдаткоўвае сам унівэрсытэт, які, дарэчы, мае немалыя сродкі са свае камэрцыйнае дзейнасьці: тут ажыцьцяўляецца і сыстэма платнага навучаньня, і камэрцыйная, аплачваная ў замежнай валюце, падрыхтоўка замежных адмыслоўцаў.

Усімі грашовымі сродкамі распараджаецца кіраўніцтва навучальнае ўстановы, але многія студэнты-мэдыкі лічаць, што выданьне літаратуры падобнага кшталту — зусім не галоўная патрэба навучальнае ўстановы: колькі год запар студэнтам абяцаюць пабудаваць басэйн ды добраўпарадкаваць інтэрнат №4. Паводле тлумачэньняў рэктара, на гэта грошай пакуль што няма.