ГОМЕЛЬСКАЯ ЎПРАВА ЮСТЫЦЫІ ДАЕ ПАПЯРЭДЖАНЬНІ ГРАМАДЗКІМ АРГАНІЗАЦЫЯМ

Казімер Яноўскі, Гомель

Незадоўга да вынясеньня пісьмовага папярэджаньня лоеўскаму аб’яднаньню “Карані” ўправа юстыцыі правярала гэту арганізацыю. Асаблівых парушэньняў яна ня выявіла. А цяпер “Карані” папярэдзілі за разьмяшчэньне праўленьня ў жылым памяшканьні.

Старшыня аб’яднаньня “Карані” Мікалай Анісавец у зваротным лісьце выказаў зьдзіўленьне наконт санкцыі. Аднак начальнік управы юстыцыі Валянцін Макарэвіч сьцьвярджае, што цяперашняе папярэджаньне не зьвязанае з праверкай. Яно нібыта вынесенае за тое, што са жніўня 2001 году “Карані” не зьмянілі свайго юрыдычнага адрасу.

Як лічыць спадар Анісавец, гэта тым больш дзіўна, бо ўправе вядома, што Лоеўскі райвыканкам ігнаруе просьбы аб’яднаньня “Карані” выдзеліць памяшканьне ў грамадзкім фондзе. Таму юрыдычным адрасам арганізацыі дагэтуль зьяўляецца прыватная кватэра старшыні.

Пісьмовае папярэджаньне ўправа юстыцыі вынесла і грамадзкаму аб’яднаньню аховы жывёлаў “Заалягічны сьвет”. Управа пры гэтым указала на неадпаведнасьць новым інструкцыям пячаткі арганізацыі, блянкаў і пратаколаў паседжаньняў рады. Як засьведчыла сяброўка рады “Заасьвету” Натальля Сьляднёва, управа сьцьвярджае таксама, што арганізацыя ня можа мець статусу абласной, паколькі не ва ўсіх заяўленых у статуце раённых структурах людзі выплачваюць сяброўскія складкі.

Пры канцы мінулага тыдня ўправа юстыцыі распачала праверку Калінкавіцкай асьветніцкай суполкі “Грамадзтва і мы”.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што ўсе згаданыя арганізацыі выступалі супраць судовага зьліквідавання паводле пазову ўправы юстыцыі найбольш уплывовага ў рэгіёне грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”.