СЭРОЗНЫ МЭНІНГІТ У ГОМЕЛЬСКІМ РЭГІЁНЕ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Як паведаміла галоўная лекарка абласнога інфэкцыйнага шпіталю Тацяна Грамыка, цягам жніўня і верасьня ва ўстанову зьвярнуліся каля сотні чалавек з энтэравіруснымі захворваньнямі. Паўторныя дасьледаваньні, якія праводзіла санітарная служба рэгіёну, паказалі, што 56 чалавек, пераважна дзеці, хворыя на сэрозны мэнінгіт.

Найбольшая колькасьць захварэлых, 46 пацыентаў — гэта жыхары абласнога цэнтру. Сем чалавек на сэрозны мэнінгіт захварэлі ў Ветцы. Адзінкавыя выпадкі гэтай хваробы зарэгістраваныя ў Добрушы і Петрыкаве. Прычым у Петрыкаве двое чалавек захварэлі пасьля візыту гасьцей зь Менску.

Абвастрэньне ў рэгіёне сытуацыі з энтэравіруснай інфэкцыяй вымусіла ўлады зьвярнуць увагу на харчаваньне і пітную ваду. Да прыкладу, Сьветлагорскі райвыканкам пасьля праверкі прадукцыі Гомельскага акцыянэрнага таварыства “Малочныя прадукты” забараніў увоз яе на тэрыторыю свайго раёну. У аддзеле гігіены харчаваньня Сьветлагорскай санстанцыі паведамілі, што малочная прадукцыя з абласнога цэнтру не адпавядала санітарным нормам.

Распавядае загадчыца аддзелу санстанцыі Натальля Вайцяшонак:

(Вайцяшонак: ) “Пробы прадукцыі не адпавядалі санітарным нормам паводле мікрабіялягічных паказчыкаў”.

Аднак адмыслоўцы санслужбы ня могуць сказаць пэўна, ці зьвязана гэта з пашырэньнем розных інфэкцыйных захворваньняў. Санслужба, тым ня менш, цяпер зь сельскімі саветамі дзеля прафіляктыкі распачала яшчэ і хлёраваньне вады ў калодзежах вяскоўцаў, у прыватнасьці, у Якімавай Слабадзе. Вада ў калодзежах таксама не адпавядала бактэрыялягічным нормам.