Гарадзкі стадыён “Дынама” ў Віцебску стаў апошнімі днямі самым галоўным аб’ектам будаўніцтва. Ягоную рэканструкцыю, якая распачалася яшчэ два гады таму, плянуецца тэрмінова завершыць да 12 ліпеня: у гэты дзень у Віцебску чакаюць Аляксандра Лукашэнку, які прыедзе на адкрыцьцё фэстывалю “Славянскі базар”. Мяркуецца, што ён адчыніць і стадыён.
Аднак працуюць сёньня на стадыёне “Дынама” далёка не адны будаўнікі-прафэсіяналы. Большасьць занятых на будоўлі — гэта адкліканыя са сваіх працоўных месцаў работнікі віцебскіх прадпрыемстваў ды арганізацыяў, якія працуюць на “Дынама” за свой звычайны заробак. А пераважаюць між імі настаўнікі віцебскіх школаў Кастрычніцкага раёну.
Распавядае настаўнік працоўнага навучаньня зь віцебскай школы №34:
(Настаўнік: ) “З нашае школы штодня адсылаюць па тры чалавекі. Зь некаторых школаў, як я чуў, пасылаюць тэхнічны пэрсанал — сталяроў, цесьляроў, сантэхнікаў. З нашае школы ходзяць усе. У асноўным мы прыбіраем сьмецьце: падмятаем, зьбіраем камяні, розны будаўнічы друз. Гэта нібыта нашая добраахвотная дапамога гораду. Усе сьпяшаюцца пасьпець да прыезду прэзыдэнта, таму ўсё тут робіцца ў аўральнам парадку — фарбуецца, замазваецца, платы ставяцца…”
Патрэба ў нібыта добраахвотнай дапамозе гараджанаў тлумачыцца недахопам бюджэтных грошай. І калі стратныя віцебскія прадпрыемствы накіроўваюць людзей на будоўлю, каб тыя атрымалі хаця б свой сярэдні заробак за адпрацаваныя дні, то настаўнікі проста губляюць на стадыёне дарагі працоўны час — іхная праца ў школе застаецца нявыкананай.
Гаворыць настаўніца сярэдняй школы №11:
(Настаўніца: ) “Я адпрацавала на стадыёне тры дні. А школьная мая праца стаіць на месцы. Трэба рабіць рамонт у кабінэце, рыхтаваць навучальныя дапаможнікі. За ўсё гэта адміністрацыя спытае. А дырэктар… Ён і забудзецца пра тое, што настаўнікі працавалі на тым стадыёне. Адзіны суцяшальны момант — гэта тое, што нам сёлета абяцаюць своечасова выплаціць адпускныя”.
Некаторыя настаўнікі частку адпускных грошай ужо атрымалі, аднак на астатнія амаль ня спадзяюцца: каб у бюджэце былі цяпер грошы, іхная дапамога на будоўлі наўрад ці была б патрэбная.