НАВОШТА БЕЛАРУСКІМ ДЭСАНТНІКАМ ВЫВУЧАЦЬ ДОСЬВЕД РАСЕЙЦАЎ У ЧАЧЭНІІ?

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Віцебская тэлевізія зрабіла рэпартаж пра чарговыя тактычныя вайсковыя вучэньні, падкрэсьліўшы тое, што салдаты і афіцэры 103-й мабільнай брыгады тры дні мусяць дэманстраваць вядзеньне баёў з выкарыстаньнем “вайсковага расейскага досьведу ў лякальных канфліктах апошняга дзесяцігодзьдзя, у тым ліку ў часе чачэнскай кампаніі”.

Асэнсоўваючы ўбачанае ды пачутае, віцябляне спрабуюць уцяміць, навошта абаронцаў Беларусі (багатай на лясы ды балоты) навучаюць адмысловай тактыцы вядзеньня бою ў гарах? Паводле разуменьня шараговага грамадзяніна, гэта ёсьць падрыхтоўкаю беларускіх салдатаў да ўдзелу ў расейскіх вайсковых апэрацыях.