У БЕРАСЬЦЕЙСКIХ ВЁСКАХ ПАШТАЛЁНЫ АГIТУЮЦЬ ЗА ДЗЯРЖАЎНУЮ ПРЭСУ

Алег Супрунюк, Берасьце

Бадай што галоўнай асаблiвасьцю чарговай падпiсной кампанii на Берасьцейшчыне можна лiчыць тое, што рэдакцыi ня толькi незалежных, але й некаторых дзяржаўных выданьняў актыўна распачалi гэтак званую альтэрнатыўную падпiску. Напрыклад, незалежная газэта “Брестский курьер” прапануе чытачам падпiсацца ў рэдакцыi па коштах, якiя ў два разы меншыя за тыя, што выстаўленыя паштовымi аддзяленьнямi.

Аналягiчныя захады зараз робiць i гарадзкая газэта “Вечерний Брест”, якая прапануе падпiску ня толькi непасрэдна ў рэдакцыi, але й праз аддзяленьнi “Беларусбанку”. Пры гэтым чытачы, што падпiсалiся на выданьне такiм чынам, ня толькi з’эканомяць свае грошы, але й атрымаюць газэту раней, чым тыя, хто падпiсаўся праз пошту. Гэтая актыўнасьць, паводле словаў адказнага за падпiску супрацоўнiка газэты “Вечерний Брест” Аляксандра Талашкевiча, не застаецца без увагi паштавiкоў.

(Талашкевiч: ) “Пошта, безумоўна, рэагуе — зьявiўся канкурэнт у выглядзе нашага выданьня. Канкурэнт у тым, што заняты iхнай працай i робiць яе таньней для падпiсчыка. I гэтую форму падпiскi людзi ўжо прынялi. Таму на пошце, якая была манапалiстам на гэтым рынку, зьяўленьне канкурэнта, безумоўна, нiкому не спадабаецца”.

Аляксандар Талашкевiч таксама кажа, што ў рэдакцыi “Вечернего Бреста” ўсьцешаныя першымi вынiкамi альтэрнатыўнай падпiскi, якой аддалi перавагу больш за тысячу жыхароў Берасьця.

Калi ў буйных гарадах Берасьцейшчыны альтэрнатыўная падпiска ўжо пачынае ствараць даволi сур’ёзную канкурэнцыю прадпрыемству “Брэстаблпошта”, дык у вёсках i невялiкiх населеных пунктах гэтая ўстанова застаецца манапалiстам. Тут мясцовыя пашталёны выконваюць ролю агiтатараў i прапагандыстаў дзяржаўнае прэсы, падпiсацца на якую загадвае выканаўчая “вэртыкаль”.

Гаворыць кiраўнiца аддзяленьнем сувязi ў вёсцы Азяты Жабiнкаўскага раёну Антанiна Шэляпюк.

(Шэляпюк: ) “Так, мы такую прапаганду вядзем — рэклямуем “Советскую Белоруссию” ў асноўным. Таму што ў нас ёсьць такая ўстаноўка: трэба каб падпiсалiся на “Советскую Белоруссию”, “Сельскую праўду” — нашу мясцовую газэту. Нам гэтыя газэты мець карысна, таму што атрымоўваем за iх добры адсотак.

Акрамя таго мы зацiкаўленыя ў газэтах, што выходзяць пяць разоў на тыдзень. Гэта нагрузка на пашталёна, бо йнакш трэба скарацiць ягоны працоўны час”, — распавяла кiраўнiца аддзяленьня сувязi ў вёсцы Азяты, дзе калгасьнiкам яшчэ не сплацiлi заробак за сакавiк.