У НЯДЗЕЛЮ Ў ШКЛОВЕ АДБЫЎСЯ СХОД ПРЫВАТНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ

Марыя Ўсьціновіч, Шклоў

Шклоўскія прыватнікі выказалі пратэст супраць увядзеньня з 1 красавіка касавых апаратаў для гандлёвых кропак, якія разьмешчаныя ў будынку мясцовага спажывецкага таварыства.

Штодзень, паводле словаў гандляроў, яны плацяць за два квадратныя мэтры 5100 рублёў, а прыбыткі ад прадпрымальніцкай справы ня надта вялікія, і таму пры цяперашняй сыстэме падаткаабкладаньня праца з касавымі апаратамі, лічаць прадпрымальнікі, ня будзе мець сэнсу.

Прыватнікі, якія гандлююць на рынку ў раённым цэнтры, баяцца, што раённыя ўлады прымуць рашэньне аб выдаленьні іх намётаў з цэнтру Шклова.

Арганізатар сходу прадпрымальнікаў, лідэра раённага клюбу выбарцаў і раённай арганізацыі БСДГ Аляксандар Шчарбак паведаміў, што на сход прыйшло каля паўсотні прыватных гандляроў. Ён доўжыўся каля гадзіны і спыніўся пасьля прыезду на рынак міліцыянтаў.

У акцыі бралі ўдзел лідэры магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу. Яны каля гадзіны адказвалі на пытаньні шклоўскіх прыватнікаў, якія ў асноўным датычыліся заканадаўчых актаў і рэглямэнтацыяў гандлю прадпрымальнікаў на рынках. Шклаўчане скардзіліся, што часам іх уласная прававая неабазнанасьць дазваляе ўладам чыніць беззаконьне.

На сходзе была зробленая спроба стварыць у Шклоўскім раёне арганізацыю Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў. Прысутныя на сходзе выказаліся за яе стварэньне, аднак ахвотнікаў узначаліць прафсаюз не знайшлося — усе шклоўскія прадпрымальнікі асьцерагаюцца канфрантацыі з уладай і магчымых непрыемнасьцяў.