На пляц да гарвыканкаму выйшлі ўсе ліцэісты. Яны патрабуюць не зачыняць ліцэй, захаваць яго як адзіную ўстанову зь беларускамоўным навучаньнем. На пляцы знаходзіліся і выкладчыкі — яны сочаць, каб супраць навучэнцаў не ўчынялі правакацыяў.
Міліцыя сёньня не падыходзіла да пікетоўцаў. Затое ўчора, калі пасьля заняткаў ліцэісты таксама пікетавалі гарвыканкам, міліцыянты запалохвалі іх велізарнымі штрафамі ў дачыненьні бацькоў.
Бацькі ж навучэнцаў учора ўвечары правялі ў ліцэі свой сход і выказалі нэгатыўнае стаўленьне да загаду кіраўніка гарадзкога аддзелу адукацыі Галіны Філіповіч пра спыненьне фінансаваньня ліцэю з будучага панядзелка і перадачы ліцэйскіх клясаў у склад сярэдняй школы №1.
Сход бацькоў падрыхтаваў ліст у Міністэрства адукацыі краіны. Яны просяць разгледзець два варянты лёсу ліцэю: узаконіць яго як філію Нацыянальнага дзяржаўнага ліцэю, альбо надаць яму статус самастойнай навучальнай установы з зацьверджаньнем неабходнай дакумэнтацыі.
З пачатку навучальнага году ня надта спакойна пачуваюцца ня толькі сьветлагорскія ліцэісты, але й некаторыя рэчыцкія школьнікі. Учора з урокаў у пракуратуру выклікалі дзесяцікяасьніка сярэдняй школы №4 Зьмітра Цярэнцьева. Ён перадаваў гумарыстычныя падарункі да дня народзінаў кіраўніка дзяржавы, таму яго разам зь іншымі маладымі рэчычанамі абвінавачваюць у абразе прэзыдэнта. У крымінальнай справе з падарункамі прэзыдэнту пракуратура хоча бачыць школьніка сьведкам.
Сёньня ж сьледчы пракуратуры Дзям'янчык прад'явіў афіцыйнае абвінавачаньне маладой настаўніцы Натальлі Брэль паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 367 і 368 ("Абраза і паклёп на прэзыдэнта"). Артыкулы прадуглежваюць буйныя штрафы, арышт да 6 месяцаў, папраўчыя работы альбо нават пазбаўленьне волі на 4-гадовы тэрмін.