ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЦІ БАРОНІЦЬ НАС ПРАКУРАТУРА?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Страмкоўская: ) “Там ёсьць, на мой погляд, парушэньні закону, якія пракуратура мусіла ацаніць. А чаму гэта не было зроблена, чым у пракуратуры кіраваліся, ня ведаю. Магчыма, карупцыя, магчыма, сваяцкія сувязі”, — адвакат Вера Страмкоўская распавядае пра справу жыхара Салігорску Мікалая Лебедзя, да якой мы вернемся пазьней.

Тэма нашай размовы — права чалавека на пракурорскую падтрымку. Як яно ў Беларусі забясьпечваецца? Пракуратура — дзяржаўны орган, які сочыць за выкананьнем законаў. У выпадку іх парушэньня пракуратура прымае адпаведныя захады — сама ці празь міліцыю заводзіць крымінальныя справы. Закон дае права і грамадзяніну, які лічыць, што ў нечым быў парушаны закон, зьвярнуцца ў пракуратуру па дапамогу. Пракуратура мусіць наладзіць праверку, і калі факты пацьвердзяцца, адпаведна на іх адрэагаваць.

Пра некаторыя выпадкі, калі пракуратура на сваю ініцыятыву адрэагавала на магчымае парушэньне закону, грамадзкасьці Беларусі добра вядома. Прыкладам, рэспубліканская пракуратура нядаўна ініцыявала крымінальную справу супраць лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі за ягоныя публічныя абвінавачаньні на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Паводле пракуратуры, Анатоль Лябедзька нібыта паклёпнічаў на кіраўніка дзяржавы. Справа заведзеная, а значыць, яна хутчэй за ўсё патрапіць у суд, і суд будзе вырашаць, вінаваты апазыцыянэр ці не.

А што вядома пра рэагаваньне пракуратуры на скаргі грамадзянаў аб парушэньні закону? Вось пэўны выпадак з жыхаром Салігорску, які скарыстаў сваё права дамагацца праз пракуратуру выкананьня закону. Што з гэтага выйшла? Распавядае наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі:


(Квяткоўскі: ) “Жыхар Салігорску Мікалай Лебедзь вінаваціць шэраг супрацоўнікаў праваахоўчых органаў Карэліцкага раёну Гарадзенскае вобласьці ў хаваньні факту забойства. На перакананьне Мікалая Лебедзя, ягоную шаснаццацігадовую дачку Веру згвалтавалі, забілі, а пасьля інсцэнавалі аўтакатастрофу. На карысьць несумленнага вядзеньня сьледзтва Мікалай Лебедзь прыводзіць наступныя аргумэнты:

(Лебедзь: ) “Зьнік фатаздымак сьледа аўтамабіля. Адсутнічае фатаздымак чэрапна-мазгавой траўмы. Адсутнічае пратакол салёну аўтамашыны. У дакумэнтах напісана, што браліся выразкі з рэчаў маёй дачкі, у нас усе рэчы цэлыя. Паводле заключэньня судмэдэкспэртызы, крыві і спэрмы не павінна быць, а ў нас адзежа ў крыві і спэрме. Судмэдэкспэртыза кажа, што крыві пры такой аварыі ня можа быць: маўляў, крывазьліцьцё. Але машына ўся залітая крывёю. І мы пахавалі яе — галава ўся разьбітая, і нават бінт у крыві. Так з гэтым бінтом і пахавалі”.

Сярод іншых фактаў, якія выклікаюць сумнеў у дакладнасьці сьледзтва, Мікалай Лебедзь прыводзіць наступны. Дакумэнты пра адмову завесьці крымінальную справу датаваныя раней, чым вынікі дзьвюх экспэртызаў:

(Лебедзь: ) “Сьледчы Карэліцкай пракуратуры рэчы на судмэдэкспэртызу ўзяў без афармленьня пратаколу і панятых. Судмэдэкспэрт, якая ладзіла экспэртызу маёй дачкі, арыштаваная і асуджаная па артыкуле 430. 430 — гэта хабар”.

Судмэдэкспэрта асудзілі за хабарніцтва ўжо пасьля справы Веры Лебедзь. Бацька загінулай Мікалай Лебедзь зьвяртаўся ва ўсе магчымыя вышэйшыя інстанцыі. Працытуем адказ, які прыйшоў з генэральнай пракуратуры ад начальніка па наглядзе за расьсьледаваньнем крымінальных справаў спадара Зуя:

(Зуй: ) “Вашыя довады пра згвалтаваньне Лебедзь В.М. і наступную імітацыю аварыі неаднаразова правяраліся ў часе папярэдняга і судовага сьледзтва па крымінальным абвінавачаньні, а таксама ў ходзе праверкі, праведзенай пракуратурай Карэліцкага раёну, але не знайшлі пацьверджаньня”.

Што рабіць чалавеку, які падазрае сьледзтва ў няшчырасьці? Паводле закону — трэба зьвяртацца ў пракуратуру.

(Лебедзь: ) “Мне падаецца, я маю ўсе падставы не давяраць адказам намесьніка генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь спадара Іваноўскага. А ён адказвае, маўляў, усё добра, усё нармальна, усё згодна з законам”.

Мікалай Лебедзь ведае імя жыхара Карэліцкага раёну, якога падазрае ў забойстве і інсцэнаваньні аўтакатастрофы. Мікалай Лебедзь патрабуе перагляду справы, правядзеньня эксгумацыі цела загінулай дачкі і правядзеньня паўторнай судмэдэкспэртызы”.



Дарэчы, вельмі часта ў сваіх скаргах на рашэньні судоў людзі выказваюць нязгоду з высновамі экспэртаў, патрабуюць новых экспэртызаў. Але незалежных экспэртызаў у Беларусі не праводзіцца, дзяржава проста не дала зьявіцца адпаведным інстытутам, а суды не выказваюць жаданьня прыслухоўвацца да тых адмыслоўцаў, якія не працуюць у дзяржаўных структурах. Дзяржаўную ж экспэртызу можа замовіць толькі альбо суд, альбо пракуратура. І тут зноў чалавек сустракае свавольства чыноўніка, які можа і не лічыцца з законам. Адвакат Вера Страмкоўская кажа:

(Страмкоўская: ) “Праблемы выкананьня закону ў нашай дзяржаве добра відаць на прыкладзе гэтай справы. Парушэньні закону ў ёй відавочныя. Вось сьледчы прызначае экспэртызу, але, не дачакаўшыся яе вынікаў, закрывае справу. Як гэта магчыма? А яшчэ больш дзіўна, чаму пракурор на гэта не зьвярнуў увагі? Але і пасьля яго ўжо сам пацярпелы паказвае на гэты недахоп — як на прыкмету таго, што магчымае злачынства не было дасканала расьсьледаванае. Тым больш, што пазьней стала вядома пра нядобрасумленнасьць экспэрта. У такім выпадку, безумоўна трэба і расьсьледаваньне аднавіць, і эксгумацыю правесьці. І зьняць усе спрэчныя пытаньні. Але гэтага ня хочуць рабіць, бо тады прыйдзецца прызнаць, што і ў пракуратуры парушалі закон — ды прымаць законнае рашэньне. Таму адмахваюцца ад гэтага чалавека, як ад мухі-ярухі”.