КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД ЗАВЁЎ СПРАВУ АБ СЬМЯРОТНЫМ ПАКАРАНЬНІ

Валер Каліноўскі, Менск

У Канстытуцыйным судзе паведамілі, што справа заведзеная з ініцыятывы Палаты прадстаўнікоў. Хто будзе апанэнтам дэпутатаў, пакуль ня вызначана, паведаміла прэсавы сакратар Канстытуцыйнага суду Людміла Мурашка:

(Мурашка: ) “Артыкул 24 Канстытуцыі замацоўвае права кожнага чалавека на жыцьцё, а таксама абавязак дзяржавы абараняць жыцьцё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Адпаведна Канстытуцыі ўжываньне сьмяротнай кары да яе адмены дапускаецца як выключная мера пакараньня”.

Паводле спадарыні Мурашкі, прадметам дасьледаваньня ў Канстытуцыйным судзе будуць артыкулы Крымінальнага кодэксу, што ўтрымліваюць палажэньні аб сьмяротным пакараньні, а таксама міжнародныя дамовы, удзельніцай якіх зьяўляецца Беларусь. На думку ініцыятара гэтай справы дэпутата Андрэя Нарэйкі, Канстытуцыйны суд можа ўхваліць рашэньне аб неадпаведнасьці беларускага Крымінальнага кодэксу Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека, якая была падпісаная і ратыфікаваная Беларусьсю.

(Нарэйка: ) “Мы не гаворым аб адмене сьмяротнага пакараньня. Мы гаворым (у выпадку адпаведнага рашэньня КС) пра ўвядзеньне мараторыю на пэўны пэрыяд часу, каб адсачыць статыстыку, і калі будзе моцны рост асабліва цяжкіх злачынстваў, то гэты манаторы прыйдзецца адмяняць”, — зазначыў дэпутат Нарэйка. Паводле яго, летась у Беларусі было пакарана сьмерцю ўсяго сем чалавек, сёлета — пяць, таму мараторы цалкам рэальны.

Дэпутат Іван Пашкевіч не спадзяецца на скасаваньне Канстытуцыйным судом сьмяротнага пакараньня:

(Пашкевіч: ) “Суд загадзя дасьць нам адказ, што выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня адпавядае дзейнай Канстытуцыі і нормам закону, бо ў адваротным выпадку трэба было бы ўсіх судзіць — тых судзьдзяў, хто выносіў гэтыя прысуды. Але гэта для тых дэпутатаў, якія прытрымліваюцца маёй думкі, што гэта трэба нам зьвяртацца да грамадзкасьці і ў першую чаргу да рэлігійных канфэсіяў. Гэта нам адкрые, як кажуць, шлюзы”.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухоў таксама перакананы, што рашэньне тут прадвызначанае, паколькі палажэньне аб магчымасьці сьмяротнага пакараньня ўнесенае непасрэдна ў тэкст новай рэдакцыі Канстытуцыі. Што ж да мараторыя, то дэпутаты маглі б яго самі прыняць, — упэўнены Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “Увядзеньне мараторыю на прымяненьне сьмяротнага пакараньня будзе ў рамках Канстытуцыі і ня будзе супярэчыць заканадаўству, не трэба праводзіць ніякага рэфэрэндуму. Проста трэба прыняць закон”.

У Канстытуцыйным судзе таксама кажуць, што Палата прадстаўнікоў мае права сама разглядаць магчымасьці адпаведных зьмененьняў у Крымінальны кодэкс. Гаворыць прэсавы сакратар Канстытуцыйнага суду Людміла Мурашка:

(Мурашка: ) “Крымінальны кодэс, які прадугледжвае сьмяротную кару, прымала Палата прадстаўнікоў”.

Праблема сьмяротнага пакараньня даўно не дыскутуецца ў Беларусі, і цяперашняя ініцыятыва зьвязаная выключна з жаданьнем Палаты прадстаўнікоў здабыць сабе статус адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая і настойвае на адмене сьмяротнага пакараньня, — упэўнены лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я думаю, ім вельмі важна стварыць наяўнасьць працэсу, які пачаўся ў Беларусі. І баюся, што такая вось імітацыя дзеяньняў можа дэзарыентаваць частку дэпутатаў у асамблеі”.

Па сутнасьці ж праблемы Анатоль Лябедзька зазначыў, што ён упэўнены, што А.Лукашэнка з папулісцкіх мэтаў не дапусьціць адмены сьмяротнага пакараньня ці нават мараторыю на ягонае выкананьне.