РЭДАКТАРУ ГАЗЭТЫ “РАБОЧЫ” ВІКТАРУ ІВАШКЕВІЧУ ЗАБАРАНІЛІ НАВЕДВАЦЬ МЕНСК

Любоў Лунёва, Менск

Віктара Івашкевіча асудзілі летась у верасьні за публікацыю артыкула “Злодзей павінен сядзець у турме”, прысьвечаную А.Лукашэнку і ягонаму атачэньню. Яго пакаралі абмежаваньнем волі на два гады. 16 сьнежня Віктар Івашкевіч паехаў у Баранавічы на гэтак званую “хімію”.

У Менску ў яго засталіся састарэлыя бацькі. Амаль два гады маці, хворая на рак, лечыцца хіміятэрапіяй. Некалькі апошніх месяцаў яна ў ложку. Бацька зламаў нагу і цяпер яму самому патрэбная дапамога. Віктар прыяжджаў у Менск на выходныя дні, каб дапамагчы сваім бацькам.

Цяпер жа ўчастковы міліцыянт накіраваў ліст у Баранавічы, у якім ён напісаў, што, паколькі ня ведае Івашкевіча, лічыць немэтазгодным ягоныя прыезды ў Менск. Мы зьвязаліся зь Віктарам Івашкевічам па тэлефоне:

(Івашкевіч: ) “Мяне азнаёмілі з гэтым лістом малодшага лейтэнанта Камісарава, у якім ён піша, што мне немэтазгодна прыяжджаць дахаты. Ну, зразумела, ён ня бачыць мэты, бо, зразумела, я зь ім разам ня буду піць гарэлку. Але ж у мяне мэта ёсьць — гэта дапамога маім бацькам. Мае прыезды былі дапамогаю. Я і на рынак схаджу, і па лекі... Два прыезды на месяц пытаньня не вырашаюць. Да іх і мой брат прыходзіць. Але мой удзел таксама быў ім на карысьць”.

У выпадку, калі Віктар Івашкевіч парушыць прадпісаньне й самавольна наведае сваіх бацькоў, яму пагражае замена “хіміі” на турму і пазбаўленьне права на датэрміновае вызваленьне.

Бацькі Віктара Івашкевіча напісалі заяву на імя начальніка ўправы міліцыі Савецкага раёну Менску, каб той улічыў іхны стан і даў дазвол іх сыну прыяжджаць дадому.