ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ВЯСКОЎЦЫ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Табола: ) “Прыехаў начальнік раённы ў вёску, і вось бачыць два полі. Адно ўласьнікам засеянае, а другое калгаснае. На тым калгасным дзе расьце, дзе пуста, а ў мясцовага фэрмэра высокая рунь, прыгожая. І вось начальнік пытаецца ва ўласьніка, як гэта яму ўдаецца, што ўсё расьце. А той адказвае: “Трэба ўгнаеньне класьці ня людзям у галовы, а на поле”.

Гэткі анэкдот распавяла мне актывістка Беларускага Гельсынскага камітэту Сафія Табола ў адказ на пытаньне, як выправіць становішча на вёсцы. Паводле Сафіі Таболы, сельскі жыхар нашмат больш несвабодны, чым гараджанін, і гэта застаецца асноўнай праблемай вёскі. Сафія Табола сама жыве ў вёсцы і ведае, пра што кажа.

Цяперашні селянін заняволены беспрасьветнай калгаснай працай, за якую атрымлівае мізэрныя грошы — і тыя нясвоечасова, калгасным і сельсаветаўскім начальствам, ад якога залежыць у любой пабытовай праблеме: дровы, вада, сьвятло, крама і гэтак далей. Змагацца за свае правы большасьць сельскіх жыхароў ня ўмеюць і не рызыкуюць, а тым нешматлікім змагарам, якія знаходзяцца, мясцовае начальства помсьціць, як можа.

Прыкладам, Сафію Таболу пазбавілі інваліднасьці 2-й групы, якую яна мела тры гады. На чарговай камісіі ёй проста заявілі, што калі яна мае сілы займацца праваабарончай дзейнасьцю ў Гельсынскім камітэце, то інваліднасьці больш яна не атрымае.

Сафія Табола прывяла яшчэ адзін красамоўны прыклад таго, як мясцовае начальства змагаецца са спробамі арганізаваць грамадзкі рух у абарону правоў сельскіх жыхароў:

(Табола: ) “Мы хацелі арганізаваць філію рэспубліканскага аб’яднаньня працоўных жанчын. Яны прыяжджалі да нас некалькі разоў пагаварыць, мы ладзілі цікавыя сустрэчы і потым падалі дакумэнты на рэгістрацыю. І тут зьяўляецца да мяне дадому намесьніца старшыні райвыканкаму і пачынае выпытваць, дзе жывуць удзельнікі сходу. Зразумела, што я ёй не сказала гэтага. Тыды яна паехала ў сельсавет, даведалася, дзе жывуць гэтыя людзі й адну жанчыну запалохала настолькі, што тая падпісала паперу, быццам на сходзе не была. І вось нам прыходзіць адмова на той падставе, быццам сход не праводзіўся, хаця мы там былі. А справа ў тым, што муж гэтай жанчыны — прыдпрымальнік, і я мяркую, яго ўдалося запалохаць, што не дадуць займацца бізнэсам”.

Паводле маёй суразмоўцы, уяўленьне пра правы людзей раённых і вясковых начальнікаў мала адрозьніваецца ад уяўленьняў сталінскага часу. Але праблема ня толькі ў адсталасьці. Падобны сьветапогляд таму запатрабаваны, што ён найлепшым чынам дазваляе захаваць сыстэму, пры якой начальнікі забясьпечылі сабе бязьбеднае і незалежнае ад грамадзтва жыцьцё.

(Табола: ) “На выбары, калі была назіральнікам, я прыйшла ў райвыканкам. Там ёсьць адзін чыноўнік, яшчэ малады. Я яму даводжу, што райвыканкам ня мае права ўмешвацца ў працу выбарчай камісіі, а ён мне паказвае нейкую кніжку, надрукаваную яшчэ на пачатку 1980-х гадоў, дзе запісана: “Райвыканкам мэтадам рэкамэндацыі можа кантраляваць выбары”. Але ёсьць Канстытуцыя, паводле якой яны ня маюць права ўмешвацца. Такім чынам, яны разумеюць, што парушаюць закон, але ім гэта выгадней. Бо гэта кармушка. У нас адзінае месца, дзе атрымліваюць добрыя грошы — гэта кіраўнічыя органы”.

Бюракратычная ўлада моцная, але на рахунку праваабаронцаў з Шаркаўшчыны ўжо ёсьць першыя перамогі. Асноўная прылада тут — незалежныя мэдыі. Летась Сафія Табола і яе каляжанка Адэля Райчонак паведамілі рэспубліканскім мэдыям пра мясцовае наваўвядзеньне — фактычна дадатковы падатак на пахаваньне нябожчыкаў, і ўрэшце цэны на гэтыя паслугі былі ўрэгуляваныя.

Цяпер праваабаронцы змагаюцца за справядлівасьць у абкладаньні падаткам на добраўпарадкаваньне. Ёсьць такі падатак, уведзены мясцовым саветам. Ён складае ўсяго 6 тысяч рублёў зь сям’і штогоду. Здавалася б, невялікія грошы, але больш за 300 сем’яў у Шаркаўшчыне ня ў стане выплаціць і такі падатак. Тым больш, як заўсёды, не абышлося безь бюракратычных хібаў.

Прыкладам, Ганна Рымдзёнак аказалася вінная дзяржаве 24 тысячы рублёў за добраўпарадкаваньне за 4 гады. Год таму памёр яе муж, пры жыцьці якога гэты падатак яны не плацілі, бо ён быў інвалід. Але падатковая інспэкцыя гэтага не ўлічыла і запісала Ганну Рымдзёнак да трывалых неплацельшчыкаў. А пакуль жанчына разьбіралася з памылкай, да яе прыйшлі судовыя выканаўцы і апісалі маёмасьць. Аказваецца, ёсьць ужо адпаведнае судовае рашэньне, якое прымалася безь яе. Усяго Ганна Рымдзёнак атрымлівае каля 70 тысяч заробку, але большасьць гэтых грошаў ў яе вылічваюць за кватэру, ацяпленьне, сьвятло і газ. З чаго плаціць?

(Рымдзёнак: ) “У гэтым месяцы я атрымаю 15 700 рублёў на рукі, а заплаціць мне трэба 24 тысячы. Мне сакратар райвыканкаму сказала: “Калі ў вас не выходзіць, вы зьвярніцеся ў камісію райвыканкаму з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу”. Я напісала такую заяву, але мне сказалі, што наўрад ці табе акажуць дапамогу, бо ёсьць і не такія жабракі. Але я ня ведаю, хто больш бедны, калі я 15–20 тысяч расьцягваю на месяц, і мне хапае толькі на хлеб і калі-нікалі на бутэльку малака”.

Шаркаўшчынская судзьдзя Надзея Талапіла, якая прымала рашэньне адносна Ганны Рымдзёнак, патлумачыла мне, што яна ўсё рабіла паводле закону.

(Талапіла: ) “Мы атрымліваем дакумэнты і праз тры дні вырашаем пытаньне аб утрыманьні падаткаў праз судовы загад, таму не выклікаем бакі. Спадарыні Рымдзёнак мы паведамілі, што цягам 10 дзён яна можа даслаць свае пярэчаньні, але нічога ад яе не атрымалі. Таму адправілі пастанову на выкананьне”.

Ганна Рымдзёнак падала ў абласны суд скаргу на дзеяньні падатковай інспэкцыі, а судовым выканаўцам ў адчаі заявіла, што ў кватэру, пакуль жывая, больш нікога ня пусьціць і маёмасьць сваю не аддасьць — якое б ні было судовае рашэньне.

Сафія Табола зь мясцовай філіі БГК разумее пачуцьці жанчыны, але прапануе іншае выйсьце — скарэктаваць падыход да падатку на добраўпарадкаваньне. Ён павінен залежаць ад прыбыткаў чалавека: той, хто больш атрымлівае, больш і плаціць, а ў каго не стае грошаў нават на харчаваньне, ня мусіць плаціць увогуле. Але зразумела, што з гэтым не пагаджаецца мясцовае начальства, зацікаўленае ў аднолькавых падатках пры неаднолькавых прыбытках.