У ЯКІХ УМОВАХ ТРЫМАЮЦЬ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ АПОШНІХ ДЗЁН?

Любоў Лунёва, Менск

Валеры Шчукін за абарону Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы адбывае 15 сутак арышту ў Бераставіцкім ізалятары часовага ўтрыманьня. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец сядзіць за арганізацыю моладзевай акцыі ў падтрымку незалежнай прэсы — 10 сутак у менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Там жа 10 сутак будуць трымаць сябра моладзевага руху “Зубр” Цімафея Дранчука за сьвяткаваньне Дня Волі і Леаніда Малахава за арганізацыю акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Сёньня жонка Валерыя Шчукіна прывезла мужу харчовую перадачу ў Бераставіцкі ізалятар. Супрацоўнікі ізалятару пагаджаюцца прымаць перадачы толькі ад сваякоў.

Трое вязьняў сумнавядомага менскага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна таксама апынуліся ў складаных умовах. Паколькі днямі праваахоўчыя органы правялі апэрацыю “Бомж”, камэры спэцпрыёмніка папоўніліся асобамі адпаведнага кантынгенту. Яны павінныя ўтрымлівацца асобна ад адміністрацыйных арыштантаў, таму арыштаваныя апынуліся ў цеснаце. На гэта скардзіўся Павал Севярынец, калі знаходзіўся ў спэцпрыёмніку да суду.

(Севярынец: ) “На Акрэсьціна ўлетку даволі душна. Пасьля апэрацыі “Бомж” усе камэры занятыя адпаведным кантынгентам. Тыя, хто да суду, звальваюцца ў адну камэру. Там народу вельмі шмат. Перанасяленьне”.

Ці трымаюць разам у адной камэры Паўла Севярынца, Цімафея Дранчука і Леаніда Малахава, высьветліць не ўдалося. Начальнік спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка падпалкоўнік Алег Палутаў спаслаўся на службовую таямніцу. Ён таксама не жадаў закранаць пытаньні, якія тычацца ўмоваў утрыманьня.

Мы даведаліся, што на сьняданак усе атрымліваюць гарбату і кавалак хлеба, а на вячэру — суп, кашу, катлету і гарбату з хлебам. Душ — толькі раз на тыдзень. І гэта нягледзячы на сьпёку, ад якой ужо каторы тыдзень пакутуюць жыхары Менску.

(Палутаў: ) “Усе сядзяць асобна. Што тычыцца апэрацыі “Бомж”, то ўсё роўна адміністрацыйна арыштаваных болей, чым бамжоў. А што ў камэрах цесна — дык якія прэтэнзіі да нас? Колькі ёсьць, столькі ёсьць. А што душна — дык што, вы можаце надвор’е зьмяніць? Не? Я таксама не. На шпацыр мы іх не выводзім. Калі яны папросяцца працаваць, то, магчыма, і выведзем. Але пакуль ніхто не прасіўся.

Кіньце, ніякія яны не палітычныя. Яны адміністрацыйна арыштаваныя. Сядзяць у аднолькавых умовах з астатнімі. Харчуюцца, як і ўсе. Цяпер, калі ў нас рамонт амаль завершыўся, крыху лепш стала”.

Наколькі стала лепш — меркаваць цяжка. Спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік — адзіная пэнітэнцыярная ўстанова, наведаць якую ўлады не дазволілі прадстаўнікам КНГ АБСЭ. Некалькі соцень апазыцыянэраў прайшлі празь яе за час кіраваньня Лукашэнкі. Адміністрацыя спэцпрыёмніка ўжо прызвычаілася да новага кантынгенту — сядзяць вядомыя ня толькі ў Беларусі мастакі, пісьменьнікі, палітыкі.

Леанід Баршчэўскі распавядаў, як у 1996 годзе, калі затрымалі некалькі соцень чалавек, з прычыны цеснаты ў камэрах паварочваліся на бок па камандзе. Многія з тых дэманстрантаў памятаюць зьбянтэжаныя твары ахоўнікаў, якія замест звыклых алькаголікаў і хуліганаў убачылі вядомых асобаў, пра якіх раней чыталі ў школьных падручніках.

Сёньняшнія вязьні спэцпрыёмніка выйдуць на волю ў розныя тэрміны. Паўла Севярынца мусяць вызваліць 6 жніўня. Леаніда Малахава — на два дні пазьней. Калі гарадзкі суд ня вынясе пратэст на незаконнае ўтрыманьне Цімафея Дранчука (бо яго схапілі пасьля заканчэньня тэрміну выкананьня пакараньня), то ён выйдзе разам зь Леанідам Малахавым.