1 ТРАЎНЯ Ў БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАЎСЯ ДЗЕНЬ ПРАЦЫ

Міхал Стэльмак, Менск

Апоўдні ля станцыі мэтро "Акадэмія Навук" у Менску сабралася каля 5 тысяч сяброў Фэдэрацыі. Адсюль па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалёр пачалося шэсьце, дазволенае Менгарвыканкамам. Міліцыя, якая назірала за парадкам, клопатаў ня мела — рабочыя, настаўнікі, работнікі культуры, будаўнікі, прафсаюзныя актывісты дысцыплінавана ішлі у калёнах. Яны несьлі плякаты з надпісамі "Прафсаюзы за эканамічныя рэформы, але не за кошт народу", "Прэзыдэнт! Дзе абяцаная зарплата ў 100 даляраў?", "За годнае жыцьцё", "У адзінстве наша сіла" і да т.п.

(Рабочы: ) "Я прыйшоў сюды, каб праявіць салідарнасьць у змаганьні за павышэньне ўзроўню жыцьця”.

(Іншы рабочы: ) "Эканоміка ўжо ляжыць на дне. Няма працы і няма заробкаў".

(Шалапаў: ) "Я старшыня прафкаму Старадароскага дзіцячага дому. У нас праблемы такія ж, як і паўсюль: затрымкі з выплатай заробкаў. Апошнім разам нашыя пэдагогі атрымлівалі толькі аванс за красавік. А паколькі многія жанчыны ў нас выхоўваюць дзяцей як адзінокія маці, людзі ўжо жывуць напаўгалоднымі”.

(Карэспандэнт: ) "На сёньня вам хапае заробкаў, каб годна жыць?”

(Рабочая: ) “Не!"

(Яцко: ) "Працую на менскім авіярамонтным заводзе. Сёньня мяне прывяло сюды тое, што ў прафсаюзаў зараз цяжкі час. Бо ўлады ўсё робяць для таго, каб падзяліць на кавалкі ды знішчыць прафсаюзы. Таму ў той час, калі большасьць насельніцтва пайшла сёньня на агароды, лецішчы, каб як-небудзь пракарміць сябе пад восень, я вырашыў прыйсці сюды і падтрымаць акцыю”.

(Дубараў: ) "Гэта яшчэ і сьвята пратэсту. Супраць усёй той "хунты", што ўсталявалася сёньня на нашай зямлі. Трэба, каб усе аб'ядналіся незалежна ад поглядаў. Бо усім сёньня кепска, усім цяжка жыць".

Апроч сяброў Фэдэрацыі, у шэсьці бралі ўдзел беларускія камуністы. Гаворыць сакратар ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Салідарнасьць вельмі неабходная сёньня беларускаму народу. Бо наступленьне ўладаў на правы працоўных сёньня як ніколі жорсткае. Гэта і ўвядзеньне платнай мэдыцыны, і павышэньне пэнсійнага ўзросту, гэта і рост цэн, і інфляцыя".

Таксама разам зь сябрамі прафсаюзаў у калёнах ішлі прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў — "Працоўнай моладзі", анархісты.

(Швайба: ) “Я — старшыня Беларускай моладзевай арганізацыі "Працоўная моладзь". Тут усе сьцягі. Тут стаяць рабочыя, стаіць моладзь. Моладзь розных арыентацыяў. Мы, напрыклад, сацыял-дэмакратычная арганізацыя”.

(Хлапец: ) "Мы прадстаўляем Беларускі анархафронт”.

(Карэспандэнт: ) "Зь якой мэтай вы бераце ўдзел ў сёньняшняй прафсаюзнай акцыі?”

(Яшчэ адзін халапец: ) “Гэтае сьвята больш належыць нам, а ня тым, хто стаіць пад чырвонымі і сінімі сцягамі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вам, а ня ім?”

(Анархіст: ) "Бо першымі, хто наладзіў традыцыю гэтага сьвята, былі анархісты. Простыя мараканскія рабочыя".

У парку Дружбы народаў адбыўся мітынг. Вось як пракамэнтаваў нашаму радыё сёньняшнюю акцыю старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) "Мы разумеем яе як працяг дзеяньняў прафсаюзаў у справе абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў сяброў прафсаюзаў. Бо сёньня вельмі складаная эканамічная сытуацыя, сытуацыя на прадпрыемствах. Адпаведна вельмі складаныя ўмовы для забесьпячэньня своечасовай выплаты заробкаў. Мы бачым, што пагаршаюцца прававыя ўмовы працоўных".