Рэжым сакрэтнасьці вакол працэсу аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага мацнее. Нават інфармацыю пра тое, што адхілілі ўчорашняе хадайніцтва адваката Ігара Аксёнчыка (ён прасіў адкрытага працэсу) давялося атрымліваць з трэціх рук.
"Я ўжо нічога пра суд паведаміць не магу, нават пра лёс майго хадайніцтва. Бо гэта таксама могуць расцаніць як разгалошваньне сакрэта і выштурхнуць мяне з працэсу ці нават прыцягнуць да адказнасьці. Сёньня суд быў па-ранейшаму закрыты, рабіце выснову самі", — сказаў Радыё Свабода адвакат Аксёнчык.
Небясьпека атрымаць штраф ці нават трапіць на паўгода ў турму за адно слова аб працэсе — рэальная, і пераканалася ў гэтым таксама й Сьвятлана Завадзкая. Хаця яе на працэсе ўчора не было, на ейны адрас ўжо прагучалі папярэджаньні. Аказалася, у судзе не задаволеныя тым, што ў Сьвятланы бяруць інтэрвію журналісты і цікавяцца падзеямі за дзьвярыма судовай залі. Таму жонка апэратара ОРТ Завадзкага зь сёньняшняга дня таксама спыняе кантакты з журналістамі, за што выбачаецца.
І ўсё ж зь іншых крыніцаў удалося атрымаць некаторыя зьвесткі. Нарэшце сёньня пачаліся допыты пацярпелых. Усяго пацярпелымі ў гэтай справе прызналі некалькіх дзясяткаў чалавек паводле, як кажуць, 18 эпізодаў. Нагадаю, выкраданьне Завадзкага — толькі адзін з эпізодаў справы, а сярод астатніх — 7 ці 8 забойстваў, рэкет, рабаўніцтвы.
Такім чынам, лічаць назіральнікі, допыты пацярпелых расьцягнуцца ня менш як на месяц, і толькі потым суд пяройдзе да допыту абвінавачаных. Але пры ўмове, што яны будуць у стане адказваць на пытаньні. З гэтым таксама праблема.
Прыкладам, сёньня зноў сутыкнуліся зь няздольнасьцю галоўнага абвінавачанага Ігнатовіча адэкватна паводзіць сябе на працэсе. Пракурор, нагледзеўшыся на Ігнатовіча, які ляжыць на лаве падсудных пад коўдрай , зьвярнуўся да судзьдзі з просьбай адправіць абвінавачанага на лячэньне. Судзьдзя пагадзіўся і на час лячэньня Ігнатовіча абвесьціў перапынак — да будучага чацьвярга. Зноў паведамілі, што працэс не абавязкова адновіцца ў гэты дзень, таму пацярпелым трэба тэлефанаваць у канцылярыю суда.
"Зьдзекуюцца, як хочуць", — пракамэнтавала на ганку суда адна з пацярпелых гэтае паведамленьне.