ФПБ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ СТВАРЭНЬНЯ “КІШЭННЫХ” ПРАФСАЮЗАЎ

Міхал Стэльмак, Менск


Фэдэрацыя заклікае сваіх сяброў супрацьдзейнічаць гэтаму працэсу.

Раптоўны выхад прафсаюзнай арганізацыі Беларускага мэталюргічнага заводу са складу Фэдэрацыі спрычыніўся да некаторай разгубленасьці ў асяродзьдзі прафсаюзных функцыянэраў.

Прафсаюзная эліта спрабуе спрагназаваць, на якіх прадпрыемствах улады рыхтуюць чарговыя правакацыі. Паводле вэрсіі Ўладзімера Ганчарыка, адміністрацыйны гвалт неўзабаве можа напаткаць прафсаюзныя арганізацыі МТЗ і МАЗу.

Гэтыя шматтысячныя арганізацыі зьяўляюцца асновай галіновага прафсаюзу Аўтасельгасмашу, які ёсьць найбольш пасьлядоўным крытыкам цяперашняга сацыяльна-эканамічнага курсу. А вось што думае пра пагрозу расколу гэтага прафсаюзу ягоны лідэр Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "Стварэньне “кішэнных” прафсаюзаў сёньня магчымае на любым прадпрыемстве. Усё залежыць ад таго, колькі людзей падмануць і атрымаюць іхную падтрымку. Я мяркую, што такая магчымасьць ёсьць і на прадпрыемствах нашай галіны.

З другога боку, мы ўпэўненыя, што частка сяброў прафсаюзу, частка рабочых, нягледзячы на ціск, застанецца ў нашых прафсаюзах".

Старшыня галіновага прафсаюзу лічыць, што магчымая дэстабілізацыя працоўных калектываў МТЗ і МАЗу пакуль што стрымлівае ўлады ад намеру паўтарыць прафсаюзны досьвед Беларускага мэталюргічнага заводу.

З другога боку, прафсаюзныя працэсы на асноўных беларускіх заводах, на думку экспэртаў, цесна зьвязаныя з магчымасьцю іхнай прыватызацыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

У прафсаюзных колах зараз абмяркоўваюць ліст былога паплечніка Лукашэнкі Леаніда Сініцына, які піша пра намер уладаў ажыцьцявіць па часе рабаўніцкую прыватызацыю найбольш прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў.

Такі намер нібыта зьвязаны з разьлікам Аляксандра Лукашэнкі перадаць гэтыя прадпрыемствы за грошы, неабходныя яму на выбары, расейскаму бізнэсу. Фігуруюць у гэтых плянах і менскія заводы — трактарны й аўтамабільны.