“Каб пасварыцца з цэлым сьветам, сіла і розум не патрэбныя”

Валянцін Жданко, Менск

Тое, што ў Беларусі да апошняга часу не было сур’ёзных канфліктаў на міжканфэсійнай глебе, улада заўсёды лічыла ўласнай заслугай. Цікава, што адначасова гэта не замінала ёй адкрыта дэманстраваць прыхільнасьць толькі да адной царквы — Рускай праваслаўнай, дапамагаючы ёй і фінансава, і палітычна. Гэтыя спэцыфічныя адносіны на мінулым тыдні былі замацаваныя і адмысловым законам.

Наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску з гэтай нагоды піша:

“Закон, які нядаўна прыняў несамастойны беларускі парлямэнт, мае палітычную афарбоўку, узводзіць праваслаўе ў стан дзяржаўнай рэлігіі. Праваслаўная царква аб’ядноўваецца з праваслаўнымі атэістамі, а праваслаўныя сьвятары ператвараюцца ў дзяржаўных чыноўнікаў. Я, як праваслаўны прыхаджанін, губляю веру і павагу да праваслаўных сьвятароў.

Я вельмі абураўся і тады, калі, магчыма, з ініцыятывы праваслаўнай царквы была забароненая радыёперадача “Голас Душы”. Голас каталіцкага сьвятара Завальнюка з задавальненьнем слухалі ўсе, незалежна ад веры і ўзросту. Такія дзеяньні не ўпрыгожваюць кіраўнікоў Рускай праваслаўнай царквы і кіраўнікоў улады.

Аляксій ІІ часта любіць пагаварыць пра славянскае братэрства, але пры гэтым пасьлядоўна змагаецца з каталіцкай верай. Няўжо ён не разумее, што славяне — ня толькі праваслаўныя. Калі ён так прасякнуты братэрскімі пачуцьцямі да беларусаў, дык няхай бы паспрыяў, каб Расея вярнула нам Крыж Эўфрасіньні Полацкай, Багацьці Радзівілаў, Полацкую бібліятэку, Жыровіцкі архіў ды іншыя каштоўнасьці, вывезеныя зь беларусі на усход”.

Так, спадар Копыл, кіраўніцтва праваслаўнай царквы прэтэндуе на галоўную ролю ў Беларусі і дзеля гэтага менавіта такім чынам будуе адносіны зь дзяржавай і так хваравіта ставіцца да канкурэнтаў. Ці можна такім чынам пашыраць шэрагі сваіх прыхільнікаў і прэтэндаваць на духоўнае лідэрства ў грамадзтве — пытаньне, збольшага, рытарычнае.

Віктар Кавешнікаў зь Менску піша:

“29 верасьня я быў сьведкам таго, як менскі АМОН хапаў беларускіх патрыётаў — лідэраў і актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі. Гэты напад сьведчыць пра тое, што заклік Зянона Пазьняка да стварэньня камітэтаў абароны Беларусі трапіў у “дзясятку”.

Нядоўга Аляксандар Лукашэнка выглядаў абаронцам беларускай незалежнасьці. Усе ягоныя незалежніцкія заявы засталіся пустым гукам. Антыбеларуская дзейнасьць улады працягваецца: свае пасады захоўваюць галоўныя русіфікатары; зачыняюцца беларускія школы; дадушваюць прадпрымальнікаў; рыхтуюць зьнішчэньне беларускага рубля... Як выклік Захаду — узмацняюцца стасункі з ірацкім рэжымам.

Зь іншага боку, эўрапейскія арганізацыі заклапочаныя рознымі беларускімі праблемамі, але чамусьці ні адзіным словам не рэагуюць на пагрозу зьнікненьня самой Беларусі, на акупацыйныя намеры Расеі.

Можна прынізіць патрыётаў, кінуўшы іх за краты да крымінальнікаў і маргіналаў. Але перамагчы чалавечы дух немагчыма”.

Наўрад ці можна лічыць зусім карэктнымі вашыя, спадар Кавешнікаў, абвінавачаньні на адрас Захаду за бязьдзейнасьць. Прэзыдэнт Пуцін жа не вядзе размову пра магчымасьць акупацыі Беларусі. Ён кажа пра рэфэрэндум, пра зьмену Канстытуцыі — іншымі словамі, пра зусім законны шлях. Так, вынікам гэтага можа стаць якраз зьнішчэньне Беларусі як незалежнай дзяржавы.

І ў дачыненьні да любой іншай краіны падобныя прапановы немагчымыя — яны былі б успрынятыя як абраза. Тое, што яны магчымыя ў дачыненьні да Беларусі, гэта наступствы, з аднаго боку, палітыкі Менску, а з другога — і стаўленьня саміх беларусаў да такой каштоўнасьці, як незалежнасьць.

Зрэшты, ёсьць і іншы погляд на гэтую праблему. Працытую ліст Мікалая Лясовіча зь Менску:

“Раней Лукашэнка ня раз паўтараў, што гатовы ў справе аб’яднаньня з Расеяй пайсьці настолькі далёка, наколькі да гэтага гатовая Масква, — нагадвае слухач. — Цяпер ён так больш не гаворыць. Пуцін прапанаваў ясныя, дакладныя альтэрнатыўныя варыянты, якія Чубайс назваў бліскучым тактычным манэўрам у правільнай стратэгічнай кампазыцыі.

Лукашэнка, як заўсёды, адказаў на гэта напорыстай дэмагогіяй. Але чаму гэтая дэмагогія так высока ацэненая на Беларускай Свабодзе, у камэнтарах Фядуты, Падгола, Шаўцова, Класкоўскага? Неяк Фядута назваў Лукашэнку “моцным чалавекам і моцным палітыкам”. Але ці можна называць моцным палітыкам таго, хто перасварыўся з цэлым сьветам, хто ўжывае гвалт над іншадумцамі дзеля захаваньня ўласнай улады? Толькі псыхалягічна слабым людзям гэта можа падацца праявамі сілы”.

Ніякіх высокіх ацэнак у сувязі з рэакцыяй Лукашэнкі на заявы Пуціна Беларуская Свабода не давала. Былі падрабязныя і разнастайныя камэнтары — падзея таго вымагала, і падрабязнае асьвятленьне гэтай тэмы мы лічым цалкам апраўданым.

Што да вызначэньня якасьцяў Лукашэнкі як палітыка — тут шмат меркаваньняў. Калі казаць пра тое, як ён дамагаецца захаваньня сваёй улады, якую сыстэму ўлады стварыў, як будуе адносіны са сваімі палітычнымі апанэнтамі — наўрад ці выпадае называць яго слабым палітыкам. Іншая рэч — наколькі эфэктыўная ягоная палітыка, якія перспэктывы яна адкрывае перад краінай.

Марына Леваценка з бэльгійскага гарадку Сант-Ніклаас напісала нам, пазнаёміўшыся на сайце “Советской Белоруссии” з падслуханай тэлефоннай размовай Анатоля Лябедзькі з Барысам Нямцовым. Марына піша:

“Некаторыя дзеяньні лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі я і раней лічыла не зусім слушнымі. Напрыклад, тое што яны зьвяртаюцца да Масквы па дапамогу ў справе зьніклых палітыкаў — сьмешна. Няхай расейцы спачатку разьбяруцца ў сваіх злачынствах. Там шмат пытаньняў:

Хто забіў Старавойтаву, Холадава, Баравіка?
Хто ўчыніў выбухі ў Маскве і Валгадонску?
Чаму вынішчаецца чачэнская нацыя, якая хоча жыць самастойна?

Прачытаўшы скандальную размову, вельмі шкадавала. Пакутавала, нібыта гэта асабіста я ўсё тое падслухоўвала. Цікава, як жа пачуваюцца тыя, хто гэтым займаецца? Вось да чаго даводзіць цікаўнасьць.

А потым надышло расчараваньне асобай, якой раней цікавілася, падтрымлівала, рабіла вялікія стаўкі як на палітыка. Далей — болей: камэнтар Гайдукевіча, да якога ў мяне павагі мала, але ўсё ж... Потым у “БДГ” — гутарка з Бажок пра гандаль партбілетамі АГП — і зноў рэзюмэ “Советской Белоруссии”... Што гэта — жаданьне зьнізіць рэйтынг АГП, ці зусім яе зачыніць? Спроба кінуць цень сумненьня на ўсю апазыцыю напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы? Што вы мяркуеце на гэты конт, спадар Валянцін? Буду вельмі ўдзячная, калі зможаце падзяліцца сваімі думкамі, бо з павагай стаўлюся да вашых камэнтароў”.

Палітыка, Марына, увогуле не спрыяе захаваньню чысьціні пальчатак. Прычым, незалежна ад таго — пры ўладзе палітык ці толькі імкнецца да ўлады. Змаганьне за ўладу спараджае такія віды палітычнай канкурэнцыі, што ні пра мараль, ні нават пра законнасьць размова ня ідзе.

Зразумела, цяжка быць судзьдзём у гэтай канкрэтнай сытуацыі. Адно магу вам сказаць з уласнага досьведу: каб не пакутаваць потым ад расчараваньня, найлепш ня мець вялікіх ілюзіяў і спадзяваньняў, не ідэалізаваць палітыкаў і не лічыць іх бязгрэшнымі.

Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў у сваім лісьце згадвае прэсавую канфэрэнцыю Аляксандар Лукашэнкі 17 верасьня, і з гэтай нагоды піша:

“Гэта было загадзя сплянаванае шоў, разьлічанае на папулісцкія заявы Лукашэнкі. Я хацеў датэлефанавацца па тым нумары, які быў указаны на тэлеэкране. Маё пытаньне: “Чаму ў Беларусі перасьледуюць і судзяць тых журналістаў, якія кажуць праўду пра дыктатарскі рэжым?” Тэлефанаваў цягам цэлай гадзіны — безвынікова. Мне адказвалі, што такога нумара не існуе.

...А вам, Валянцін Жданко, а таксама журналістам з “Народнай Волі” і зь Нямеччыны дзякуй за тое, што не пабаяліся задаць сьмелыя пытаньні. Нізкі паклон усім сумленным, сьмелым і праўдзівым журналістам”.

Мікалай Саскевіч таксама ў сваім лісьце зьвяртаецца да нядаўна асуджаных да абмежаваньня волі журналістаў Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі:

“Ведаю, што вам і вашым сем’ям цяпер цяжка і балюча, але будзьце стойкімі і ведайце, што мільёны людзей вас падтрымліваюць. І я ўпэўнены, што з Божай дапамогай хутка настане той дзень, калі гэты рэжым сыдзе. І няхай будзе сорамна тым судзьдзям, якія пазбавілі свабоды сумленных і прыстойных людзей, якія распавялі народу праўду”.

Дзякуй вам, Мікалай, за добрыя словы, якія Міколу Маркевічу і Паўлу Мажэйку ў гэты момант вельмі патрэбныя. Ня думаю, што ўлада разьлічвае гэтым запалохаць усіх журналістаў і прымусіць іх маўчаць. Ужо колькі разоў спрабавалі — вынікам было толькі абурэньне міжнароднай супольнасьці і яшчэ больш глыбокая ізаляцыя. Рэпутацыя ўрэшце стала настолькі сапсаванай, што і сама ўлада, выглядае, ужо ня надта заклапочаная гэтым. Маркевіча, Мажэйку, Івашкевіча ды іншых каралі, ужо не азіраючыся ні на якія наступствы, проста дзеля таго, каб адпомсьціць за непрыемную, нязручную праўду.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ўладзіслаў Жыгалка і Мікалай Слуцкі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.