“Вы дарэмна лаяце Лукашэнку: ён незалежнасьцю не гандлюе…”

Валянцін Жданко, Менск

Як і тыдзень, і два таму, галоўнай тэмай, якую найчасьцей закранаюць у сваіх лістах нашы слухачы, застаецца разлад у беларуска-расейскіх стасунках, абмен узаемнымі абвінавачаньнямі і папрокамі паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Новы імідж Лукашэнкі як абаронцы незалежнасьці і дзяржаўнай уласнасьці ад агрэсіўных памкненьняў расейскіх алігархаў нават у некаторых нядаўніх апанэнтаў Лукашэнкі выклікаў сымпатыі. Вось што піша нам Леанід Даўжэнка з Гомеля:

"Вы павінны прызнаць, што дарэмна лаялі Лукашэнку ўсе гэтыя гады, абвінавачвалі яго ў тым, нібыта зьбіраецца "здаць" Беларусь, прадаць яе Расеі, што ён гандлюе незалежнасьцю. Усе гэтыя вашыя так званыя "незалежнікі" (напрыклад, Лябедзька, Ганчарык, Чыгір, Шарэцкі), дай ім толькі магчымасьць – навыперадкі пабеглі б у Маскву, на паклон да Пуціна, і прадалі б за асабістую ўладу ўсё што толькі можна.

Няўжо вас не насьцярожыла тое, што ўсе яны ў свой час верна служылі Лукашэнку, а потым раптам перафарбаваліся і перабеглі да вас?

Так, з пункту гледжаньня заходніх дэмакратыяў, да Лукашэнкі можа быць шмат прэтэнзіяў: і сыстэма ўлады, якую ён стварыў, ня ўсім падабаецца; і апазыцыі ён разгарнуцца не дае – дубінкамі часам малоціць, калі яна дужа разыйдзецца; і на тэлебачаньне абы каго не пускае... Але ён, прынамсі, сумленны, прынцыповы і пасьлядоўны: не адмаўляецца ад сваіх словаў і сваёй пазыцыі, не мяняе скуру, не перабягае ў іншы лягер, як толькі мяняецца палітычная кан'юнктура".

Cапраўды, спадар Даўжэнка, у многіх пытаньнях Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўны і прынцыповы. Пры ім пасьлядоўна вынішчаецца і выцясьняецца з усіх сфэраў грамадскага ўжытку беларуская мова, пасьлядоўна церпяць ад судовага перасьледу і закрываюцца незалежныя мэдыі, пасьлядоўна зьнікаюць ягоныя палітычныя апаненты... Вы лічыце, што гэта – тая пасьлядоўнасьць, якая вартая станоўчай адзнакі? Мне здаецца, што такія вашыя ацэнкі памылковыя.

Хоць, з другога боку – тое, што многія сёньняшнія апазыцыйныя палітыкі яшчэ зусім нядаўна былі паплечнікамі Лукашэнкі, дапамагалі яму на выбарах і ўмацоўвалі рэжым ягонай асабістай ўлады – натуральна, спараджае адпаведныя пытаньні да іх. І ня толькі ў вас, Леанід.

Спадар Беларэцкі даслаў электроннаю поштаю кароткі і вельмі рэзкі ліст, пачуўшы на нашых хвалях інтэрвію Ўладзімера Глода з Анатолем Лябедзькам. Слухач піша:

"Уладзімер Глод, вам ня сорамна? Лябедзька прызнаў, што гатовы прадаць Беларусь за ўладу. Яго за гэта трэба расстраляць, а вы зь ім інтэрвію робіце. Гэта камсамольская зараза. Адправіць яго ў Маскву, пазбавіць беларускага грамадзянства. Пасьля такога трэба першай навіной на вашым сайце пісаць: "Лябедзька – здраднік Незалежнасьці". А вы... Я вельмі расчараваны. Вельмі-вельмі. І чаму вы так не зарыентаваліся?"

Перш чым прад'яўляць такія сур'ёзныя абвінавачаньні, спадар Беларэцкі, варта ўсё ж выслухаць аргумэнты таго, каго вы абвінавачваеце. Запэўніваю вас, тады вельмі можа здарыцца, што той, каго вы патрабуеце расстраляць, выслаць і пазбавіць беларускага пашпарта, можа аказацца не такім ужо злыднем. А можа, ён нават і пераканае вас у слушнасьці сваёй пазыцыі? У любым выпадку, мы ня можам кіравацца вашай лёгікай: нават калі не пагаджаемся з пазыцыяй нейкага палітыка, гэта зусім не азначае, што мы павінны ігнараваць яго і не даваць слова.

Сьцяпан Лапацін з Марыупаля, з Украіны, таксама напісаў на тэму беларуска-расейскага аб'яднаньня:

"Пуцін прапанаваў беларусам добраахвотна пагадзіцца на акупацыю. Хіба гэта не цынізм зь ягонага боку?

Няўжо вы, беларусы, не разумееце, што, адмовіўшыся ад сваёй мовы і незалежнасьці, вы зьнікнеце, як народ, растварыцеся на прасторах Расеі. Няўжо вы такія наіўныя і ўсё яшчэ спадзеецеся, што Расея вас накорміць, дасьць танную нафту і газ? Ды вы за гэта заплаціце ўтрая даражэй, чым іншыя.

Аднаго разу беларусы ўжо спалохаліся незалежнасьці і рынку, і са страху выбралі сабе прэзыдэнта, які абяцаў вярнуць усё тое, што было за Саветамі. І што – вярнуў? Многія ўжо ня раз пашкадавалі пра свой выбар".

Гэтая ж тэма цікавіць Уладзімера Гардзейку са Смалявічаў. У сваім лісьце ён піша:

"Масква была і царскай, і камуністычнай, сёньня стала нібыта дэмакратычнай, – а нораў адзін, імпэрскі. Уладзімер Пуцін зь першых дзён сваёй улады заклікаў "мачыць у сарціры" чачэнцаў. Што гэта – ці не тыранія?

Пуцін называе чачэнскіх партызанаў бандытамі. Але якія яны бандыты? Бандыт той, хто робіць замах на чужое. А яны бароняць сваю хату, сваю зямлю, дзе нарадзіліся і спрадвеку жылі. Бароняць ад чужынцаў, якія прыйшлі іх няволіць ды забіваць дзеля імпэрскіх інтарэсаў. Называць гэтую зямлю расейскай – сьмешна.

Кепска зробіць грузінскі ўрад, калі паддасца маскоўскаму ціску ды пачне выдаваць Расеі чачэнскіх змагароў за свабоду.

Гэткая гісторыя была і ў нас, беларусаў. Згадайце Слуцкі збройны чын, калі нашыя продкі бараніліся ад Масквы. Што было б, калі б польскі ўрад іх не прыняў, здаў Маскве? Але палякі прынялі паўстанцаў, ня выдалі. І мы ім за гэта ўдзячныя і сёньня".

Так, спадар Уладзімер – сёньня гэтак жа, як і на пачатку мінулага стагодзьдзя, краіны, якія толькі што вызваліліся ад абдымкаў Расеі, з апасеньнем і трывогай назіраюць за тым, як у Крамлі адраджаюцца былыя імпэрскія памкненьні. Амаль усе постсавецкія і постсацыялістычныя краіны з гэтага робяць адпаведныя высновы. Вярнуцца пад крыло імпэрыі жадае кіраўнік толькі адной краіны.

Спрэчнымі аргумэнтамі наконт Курапатаў дзеліцца ў сваім лісьце Інга Шынгарова зь Менску:

"Вы апошні год часта распавядаеце пра Курапаты, кожны раз нагадваючы, што там пахаваныя нявінныя ахвяры сталінскага тэрору. Але ж гэта не зусім так. Экспэртызай выяўлена, што курапацкія пахаваньні адносяцца да 1937-1941 гадоў. У той жа час, многія вартыя даверу крыніцы (напрыклад, Салжаніцын у "Архіпэлягу ГУЛАГ" ці Яўгенія Гінзбург) апісваюць, што людзі, якія сапраўды прапаноўвалі шляхі разьвіцьця, адрозныя ад бальшавіцкіх, у асноўным скончылі свае дні далёка ад радзімы і задоўга да 1937 году. Многія зь іх у 1937-м былі ўжо ў бестэрміновых ссылках на Поўначы, або атрымалі новыя тэрміны ці сьмяротныя прысуды, але зноў жа – далёка ад радзімы.

А ў 1937-1941 гадах, нават калі меркаваць па афіцыйна апублікаваных сьпісах, расстрэльвалі ў асноўным партыйных ды савецкіх чыноўнікаў, якія бралі ўдзел у грамадзянскай вайне, крывавай калектывізацыі і верай ды праўдай служылі Сталіну. Дарэчы, гэта потым засьведчыла і сама партыя, оптам пасьля 1956 году аднавіўшы іх у сваіх шэрагах.

Вядома, яны таксама людзі, ахвяры. Але ня трэба скажаць гісторыю і называць іх "нявіннымі ахвярамі". Быў бы больш дарэчы агульны помнік ахвярам тэрору 1917-1991 гадоў".

Не магу пагадзіцца з вамі, Інга. Натуральна, дакладныя сьпісы расстраляных у Курапатах невядомыя. Але дакладна вядома, напрыклад, тое, што значную частку ахвяраў склалі жыхары Заходняй Беларусі – пераважна інтэлігенцыя – настаўнікі, сьвятары, медыкі – якіх пасьля акупацыі ў 1939 годзе зьнішчалі тут як сацыяльна варожы элемент. Што, іх таксама нельга называць нявіннымі ахвярамі?

А ўвогуле, спрэчка наконт таго, хто з атрымаўшых энкавэдысцкую кулю ў патыліцу больш, а хто менш нявінны, выглядае, па-мойму, і бессэнсоўнай, і амаральнай. Яны ўсе – нявінныя ахвяры. Хоць бы таму, што ні над кім зь іх не было справядлівага і аб'ектыўнага суду.

На заканчэньне – ліст ад Канстанціна Міронава зь Менску:

"З задавальненьнем слухаю па Радыё Свабода ўспаміны Васіля Быкава ў аўтарскім выкананьні. Расповяд пра падзеі далёкай і ня вельмі далёкай мінуўшчыны, пра ўласныя надзеі і памылкі, а таксама плаўная беларуская гаворка пісьменьніка – усё гэта нагадвае мне пра такое паняцьце, як сумленьне нацыі.

Я ўпэўнены, што рана ці позна мы пабудуем незалежную і свабодную Беларусь. На жаль, гэты працэс аказаўся ня надта хуткім. Але што зробіш: у СССР нас не вучылі дэмакратыі і цярпліваму ўспрыняцьцю чужога меркаваньня.

Веру, што Беларусь стане радзімай, а ня мачахай для Васіля Быкава і ягоных кніг. Дай Бог яму здароўя на доўгія гады".

Да вашых пажаданьняў, Канстанцін, відавочна, маглі б далучыцца тысячы і тысячы слухачоў Свабоды, якія зь вялікай цікавасьцю слухаюць на нашых хвалях успаміны Васіля Быкава.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксей Шалахоўскі, Барыс Гудзімчык, Ян Навіцкі, Мікалай Слуцкі і Аксана Новікава зь Менску, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Андрэй Паско зь Берасьця, Генадзь Маркевіч з Асіповічаў і Мікалай Бусел зь мястэчка Дуброва Гомельскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.