“Беларусы баяцца — значыць, у іх яшчэ ня ўсё адабралі…”

Валянцін Жданко, Менск

Сёньня я вылучыў з багатай пошты апошніх тыдняў некалькі лістоў, у якіх слухачы намагаюцца знайсьці тлумачэньне тым грамадзкім настроям, якія пануюць сёньня ў Беларусі й якія ня дужа спрыяюць спадзяваньням на хуткія палітычныя ды эканамічныя зьмены. Вось што піша з гэтай нагоды Васіль Серадаў з Рагачова:

“3-га лютага слухаў вашу перадачу “Праскі акцэнт” — у ёй шмат гаварылася пра страхі беларусаў перад уладай Лукашэнкі. І згадалася мне даўняя гісторыя. Памятаю, мой старэйшы брат спытаў у бацькі, які шмат што пабачыў, ваяваў на флоце ў руска-японскую вайну, потым перажыў рэвалюцыю — як у галодныя гады ўдавалася даведвацца, у каго ёсьць схаваны хлеб, ніхто ж не прызнаваўся? Бацька казаў так: калі гаспадар плача, што ў яго хлеба няма — значыць, хлеб дакладна ёсьць. А вось калі сьмяецца — шукаць няма сэнсу.

Тое ж цяпер у Беларусі. Калі беларусы яшчэ баяцца ўлады Лукашэнкі — значыць, яны яшчэ не галодныя і ня голыя. Так што працягвай іх ціснуць, Аляксандар Рыгоравіч, “да плешкі”, няхай адчуюць сілу ўлады. Ім яшчэ ёсьць што губляць, яшчэ ня ўсё адабрана”, — пасьля гэтага адчайнага экзальтаванага закліку Васіль Серадаў апісвае тыя тыповыя, на яго думку, рысы беларускага насельніцтва, якія вызначылі сёньняшні шлях Беларусі. Ён піша:

“Чыны ўсе, як клапы, сядзяць у шчылінах і толькі вякаюць з-пад веніка , нічога ня робячы, — ні лепшага жыцьця для сваіх дзяцей, ні для Беларусі. Як прусакі — падбяруць крошкі на кухні, і назад у схованку.

Самае страшнае, за што нам вельмі хутка давядзецца разьлічыцца, — гэта за нашу мужчынскую баязьлівасьць. Няма ў нас нічога ад абаронцаў сям’і і дзяцей, ёсьць сьпітыя мужыцкія морды. І хутка Аляксандар Рыгоравіч нам скажа: “Ну, што, баязьліўцы і панікёры — а ну, зрабіць бледны выгляд і падрыхтавацца да сьмерці”. І мы пакорліва паслухаемся. Сілай волі даб’есься чаго заўгодна. А апроч Лукашэнкі, ніхто нічога дабівацца ня ўмее.

Добра, што ёсьць баязьліўцам куды ўцякаць: хто ў Польшчу, хто ў Нямеччыну, хто ў ЗША. А вось у падпольле — ніхто, баяцца. Езьдзяць па чужых краінах і просяць як стракозы: “Мілы муравей, пакармі ды абагрэй”.

Жыцьцё так прапелі, хутка і сьмерць прыйдзе. А дзетак сваіх хворых і галодных пакінем, хай самі выжываюць як хочуць. Гнеў і ганьба. Ім, дзецям, давядзецца разьлічвацца за нашыя баязьлівасьць і абыякавасьць”, — напісаў Васіль Серадаў з Рагачова.

Пры ўсёй катэгарычнасьці і патаснасьці гэтых гнеўных абвінавачаньняў, і нават пры ўсёй іхнай відавочнай аднабаковасьці, на маю думку, добра, што зьяўляюцца і такія ацэнкі й самаацэнкі. Яшчэ нядаўна ледзь не абавязковым лічылася, апісваючы ўласьцівасьці беларускага насельніцтва, казаць выключна пра рахманасьць, талерантнасьць і добразычлівасьць.

Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну таксама заклапочаная тым, ці ёсьць у грамадзтве сілы, здольныя захаваць нацыю ад самаразбурэньня. Яна піша:

“Апошнім часам на вашых хвалях шмат гаворкі пра эліту, інтэлігенцыю, духоўнасьць. Але што такое эліта, хто туды ўваходзіць? Я слова “эліта” ўпершыню пачула ад дзядулі.

Была ў нас веялка, пры дапамозе якой усё наяўнае зерне дзялілі на гатункі. Буйное і важкае зерне, якое пакідалі на насеньне, і называлі элітным. Зерне для ўжытку складалася зь зярнят розных па велічыні, вазе і сьпеласьці. Калі веялку забралі ў калгас, мы выбіралі элітнае зерне рукамі. А вось калі забралі і зямлю, элітнае зерне сталася непатрэбным, і яго зьелі”.

Далей у сваім лісьце Ірына Бырысевіч разважае на тэму духоўнасьці грамадзтва і ў сувязі з гэтым згадвае пра падзеі ў Курапатах. Яна піша:

“Падобнае таму, што чыніць цяпер улада ў Курапатах, учынялі толькі чужынцы на захопленых землях (барбары, вандалы, рабаўнікі) у пошуках каштоўнасьцяў ці з пачуцьця помсты. Але як зразумець тых, хто разбурае магілы продкаў, каб праехацца па іхных касьцях? Якую духоўнасьць павінен мець чалавек, каб у яго зьявілася такое жаданьне?

У савецкі час у Лідзе ўлады вырашылі пабудаваць завод на могілках. Хто меў грошы і сілу — перавезьлі парэшткі родных і блізкіх на іншыя могілкі, астатнія пайшлі пад бульдозэр. Што гэта: недахоп зямлі ці недахоп розуму?

У кожнай краіне ёсьць задаволеныя і не задаволеныя ўладай, палітыкай, эканомікай. Але я ня ведаю іншай краіны (апрача ўласнай) дзе патрэбна ахоўваць могілкі ад уласных грамадзянаў.

На маю думку, грамадзтва — як тое зерне да ўжытку: шмат агульнага і ў той жа час рознае. І пакуль лёс краіны будзе вырашаць большасьць, адраджэньня Беларусі не адбудзецца. Бо, каб нешта прыпомніць, трэба спачатку ведаць. Ці я ня маю рацыі?” — пытаецца Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну.

Пытаньні вашыя, спадарыня Ірына, збольшага рытарычныя. Беларускую інтэлектуальную эліту ў 1930-я гады напаткаў той жа лёс, што і ваша элітнае зерне. Бальшавіцкай уладзе яна не была патрэбная, замінала, задавала нязручныя пытаньні.

А наконт Курапатаў… Гэтая гісторыя яшчэ ня скончылася. І калі вы, спадарыня Ірына, уважліва сочыце за гэтымі падзеямі, калі ведаеце пра лягер валанцёраў, якія ў любую непагадзь нясуць там бестэрміновую вахту, калі чулі пра тое, як зьмяніліся адносіны да іх і будаўнікоў, і нават міліцыянтаў, — то, думаю, пагодзіцеся, што ня ўсё яшчэ згублена.

Некалькі тыдняў таму я цытаваў ліст Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў, у якім слухач папракаў мяне — маўляў, дазваляю сабе непаважлівыя выказваньні на адрас людзей, якія імкнуцца выехаць зь Беларусі на Захад.

Размова, нагадаю, ішла пра палітычную эміграцыю, пра тое, хто ў сапраўднасьці мае права на статус палітычнага ўцекача, а хто проста шукае шляхі для больш камфортнага існаваньня. Я выказаў уласнае меркаваньне: крывадушным і амаральным ёсьць шлях тых людзей, якія зьнянацку становяцца “апазыцыянэрамі”, просяць запісаць іх у палітычную партыю, каб празь некалькі месяцаў, сабраўшы фотаздымкі свайго ўдзелу ў некалькіх пікетах, заяўляць заходнім міграцыйным службам пра тое, што на радзіме ім нібыта нешта пагражае за іхныя палітычныя погляды.

Мікалай Саскевіч даслаў яшчэ адзін ліст, у якім са мной не пагаджаецца. Ён піша:

“Я раздаваў на вуліцы брашуры і расклейваў плакаты з партрэтам Ганчарыка ня дзеля таго, каб зьехаць зь Беларусі й ня дзеля якіхсьці заслугаў. Я гэта рабіў, бо люблю Беларусь, ганаруся сваім бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”, хачу, каб мая краіна ішла ў Эўропу і НАТО. І дзякуй Богу, што ёсьць такія людзі, якія гатовыя сказаць праўду. Бо ў такой краіне, як наша, для гэтага патрэбная мужнасьць. Тым больш, калі ў цябе двое дзяцей і ты думаеш, як іх апрануць, абуць і накарміць.

Зьехаць на Захад я хачу не таму, што там лепш жыць, а з тае прычыны, што ня бачу для сябе іншага выйсьця. І паверце мне, паважаны Валянцін Жданко, што за шчасьце і незалежнасьць сваёй радзімы я гатовы змагацца насьмерць. Я ня той чалавек, які хаваецца за чужыя сьпіны. Але я адзін, а адзін у полі ня воін”, — напісаў Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў.

Я не сумняюся ў шчырасьці й бескарысьлівасьці вашых памкненьняў, спадар Саскевіч. Адзінае, што бянтэжыць — гэта супярэчлівасьць вашых словаў. З аднаго боку, вы ня хочаце “хавацца за чужымі сьпінамі” і гатовы змагацца за шчасьце і незалежнасьць сваёй радзімы, як вы пішаце, “насьмерць”; а з другога — ня бачыце для сябе іншага выйсьця, як толькі зьехаць на Захад. Па-мойму, гэтыя два памкненьні ня надта спалучальныя і варта было б выбраць нешта адно.

На заканчэньне — урывак зь ліста Вячаслава Макаўца з Гомеля.

“Зусім нядаўна ўпершыню натрапіў на хвалю Беларускай Свабоды і з таго часу слухаю вас амаль штодня. Схіляю галаву перад мужнасьцю людзей, якія ў сёньняшніх умовах гатовыя выйсьці на вуліцу пад бел-чырвона-белым сьцягам, пратэставаць супраць жабрацкага існаваньня і тупасьці ўлады. Я да гэтага не гатовы. Не магу нават кінуць у сьметнік ненавісны мне білет БПСМ.

Калі мяне выключаць з унівэрсытэту, я не знайду нармальнай працы. Ды і для маці зь яе хворым сэрцам гэта было б вялізным ударам. Але гэта ня значыць, што я не на баку тых, хто імкнецца да новай — дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Проста мой час яшчэ не настаў”, — напісаў Вячаслаў Макавец з Гомеля.

Веру ў шчырасьць вашых словаў, Вячаслаў, і ўпэўнены, што гэтак, як і вы, думаюць многія вашыя равесьнікі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Валеры Грыцук зь Менску, Мікалай Протас з Кобрыні, Уладзімер Шастак з Баранавічаў, Вячаслаў Шчыткавец з Бабруйску, Андрэй Валошка са Смаргоні й Юры Гіль зь Вільні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.