Article 2001-10-14


Дзіцятка з фатаграфіяй у руцэ,
з фатаграфіяй глыбока ў вачах,
перакуленай дагары нагамі,
што, як з-за небакраю, на мяне пазірае.

Наўкола яго безьліч людзей, а ў яго
ў вачах - маленькая фатаграфія,
большая - на ягоных плячах, і наадварот -
большая - у ягоных вачах,
трошкі меншая - на ягоных плячах,
яшчэ меншая - у руцэ ягонай.

Наўкола безьліч людзей і лёзунгаў,
а ён трымаў яе дагары нагамі;
мне зрабілася горка ад гэтага.
Падыходжу да яго паўз штандары
ці аркі й галасы закаханых,
замерлых, нерухомых і занядбаных.

Мне здалося, што гэта фатаграфія ягонага бацькі.
Я павярнуў яе для яго як трэба
і зноўку ўбачыў галаву
бязь вестак прапалага чалавека перакуленую.
Таксама, калі кароль, валет і дама
ляжаць дагары галавой,
чалавек гэты, калі бачыш яго дагары галавой
пераварочваецца галавою ўніз
і, як з-за небакраю, на цябе пазірае.

(Пераклад Рыгора Барадуліна)