Article 2001-09-14


О дзіва дзіўнае было б, о быў бы сьмех,
каб на якімсьці там Мадагаскары
за ноч наўкола ўсё пакрыў бы сьнег,
сьнег са звычайнае мадагаскарскай хмары.
Мадагаскарац на імгненьне б стаў
сьляпым ад белізны той нечаканай,
ад цішыні глухім бы стаў і п’яным
бязь вінных доз і паху хмельных траваў.

А беларуса што б зьдзівіць магло?
Патоп? Ці землятрус дзе пад Драздамі?
Свабода ўспыхнула над Віскулямі,
ды гэта справа быццам не яго.

Для нас свабода – нібыта прыгода,
нібы ваяж з Турэччыны з бавулам,
таму і прадаем сваю свабоду
дасюль па частках.
Прадамо й агулам,
пакуль ня зможам цэньнік той зьмяніць,
што цэны на свабоду вызначае,
пакуль яе ня станем бараніць
бязбоязна, паўсюдна і адчайна.
Як бульбу мы баронім ад жукоў,
як агарод свой ад расы мучністай,
як сьвіран ад хвастатых пацукоў,
як храм ад праваслаўных атэістаў
пакуль яе ня станем бараніць.