Article 2001-07-19


...Змые пыл, жыватворным напоіць -
ажыве, расьцьвіце, усьміхнецца...
Неспадзеўкі раскажа пра тое,
што драмала і ў думках, і ў сэрцы.
Прынясе цёплым ветрам здалёку,
з ператканых праменьнямі даляў,
бусьлянятак няўрымсьлівых клёкат,
перазвоны крынічных крышталяў,
шапаценьне вярбы, плёскат хвалі,
шолах лоз, асакі і чароту.
І трывогі аціхлі, апалі,
разам з рэхам апошніх грымотаў...
Прасьпявае зусім нечаканым,
дзень будзённы, як сьвята, расквеціць.
І зашэрхнуць, загояцца раны,
і ня будзе ўжо болю на сьвеце,
страт, нападаў, гвалтаў і боек,
ганьбы нават нязначных падманаў.
Неўпрыкметку пасохне благое,
і ачнецца амаль беззаганны
ціхі вечар пасьля навальніцы
над табой, над дарогай, над Краем.
Недзе чуў пра такое... Як сьніцца...
Што ж, бывае.