Вечаровым цяжарам зморы,
Ліпкім брудам мікрараёнаў,
Я малюю зімовы горад
І халодны натоўп дублёнак.
Забываюся на прароцтвы,
І цяпер, праз шкляныя краты,
Пазіраю ў ясныя вочы
Гарадзкіх сьвядомых вар'ятаў.
Пазіраю, ціха шалею,
І шкадую пра сёньня-ўчора,
І гадую пакуль надзею,
Што нязьменна душыць дакорам.
Спадзяваньне – рэшткі сусьветаў
Пры шуканьні сваёй выгоды,
У вар'яцтве – безьліч сакрэтаў,
У вар'яцтве – мноства прыгодаў.
У вар'яцтве – заўжды куміры,
А куміры – заўжды вар'яты.
Толькі хто цяпер вінаваты…
Спадзяваньне – халодны вырай.
Спадзяваньне – мая атрута,
Саладжавая бездань млосьці:
Я прыму сакрамэнт пакуты,
Каб сябе упрыгожыць злосьцю.
А пасьля, забіўшы сумленьне,
І адкінуўшы ўласны страх,
Я дазволю пальцам згубіцца
У зусім чужых валасах,
Выбачай, мне весела й дрэнна,
Бо магу сабе дазваляць
Лашчыць здань, якую ня буду
Ні цяпер, ні пасьля кахаць.