Article 2001-03-05


Прымаю Волю тваю, Божа, -
зьлятаю і падаю ў жыцьцё.
У беспрасьвецьце й бездарожжа
жывічна час мой перацёк.

Тваю прымаю, Божа, Волю -
іду й пераўзнаўляю Шлях.
Свабода ў цёмным чыстым полі
мне голас падае здаля.

Мой Божа, Волю звыш прымаю -
мудрэю і мужнею тут.
Усё Свабода абдымае -
дабро і ліха, лад і суд.

Прымаю Мудрасьць тваю, Божа, -
малю, пакутую, люблю.
Дух ахінае абярожна
Свабоду, неба і зямлю.

Любоў тваю прымаю, Божа, -
і зь пекла вырастаю ў рай.
Хай дапаможа й пераможа
мая Свабода Выбіраць.