(Дракахруст: ) “Адзін выбух прагучаў раніцай прыблізна а 9 гадзіне ў раёне рынка “Чарсу” ля ўваходу ў краму “Дзіцячы сьвет”. У гэтым месцы штораніцы адбываецца развод міліцэйскіх патрулёў. Пераважна міліцыянэры і сталіся ахвярамі тэракту, паведамляецца прынамсі пра трох забітых міліцыянэраў. Паводле вэрсіі сьледзтва, выбух ўчыніла жанчына-самазабойца.
Некаторыя крыніцы паведамляюць, што на самой справе ў Ташкенце адбылося яшчэ некалькі выбухаў, у тым ліку адзін – таксама каля рынку “Чарсу”.
Два выбухі адбыліся таксама ў старажытнай Бухары. Кіраўнік прэсавай службы МЗС Узбэкістану пацьвердзіў, што апроч ранішняга тэракту ў Ташкенце было некалькі спробаў іншыя тэракты на тэрыторыі краіны. Прадстаўнік МУС назваў гэта “сплянаванай акцыяй, за якой відавочна стаіць нейкая арганізацыя”.
(Каліноўскі: ) “Я хачу прыгадаць, што 5 гадоў таму, у лютым 1999 году ў Ташкенце таксама адбылася сэрыя выбухаў, тады загінула 16 чалавек. Улады тады ўсклалі адказнасьць за напады на групоўку “Ісламскі рух Узбэкістану”, якая, як мяркуецца, зьвязаная зь міжнароднай тэрарыстычнай сеткай Аль-Кайда.
Дарэчы, лідэр “Ісламскага руху Ўзбэкістану” Тахір Юлдаш цяпер кіруе злучэньнем талібаў і сябраў Аль-Кайды, якое пакістанскія войскі блякавалі ў правінцыі Паўдзённы Вазірыстан. Пакістанскія ўлады кажуць, што нядаўна ў баі ён быў паранены, але здолеў сысьці.
Па другі бок мяжы апэрацыю па зьнішчэньні груповак талібаў і сябраў Аль-Кайды праводзяць амэрыканскія войскі. У Злучаных Штатах і Вялікай Брытаніі “Ісламскі рух Узбэкістану” унесены ў сьпіс тэрарыстычных арганізацыяў. Баевікі гэтага руху ажыцьцяўлялі некалькі гадоў таму рэйды ва Ўзбэкістан, Кыргызстан і Таджыкістан, удзельнічалі на баку талібаў у вайне з амэрыканцамі ў Афганістане ў 2001-2002 годзе”.
(Дракахруст: ) “Так, відаць менавіта гэты “сьлед” меў на ўвазе прадстаўнік МЗС Узбэкістану калі казаў, што сёньняшнія тэракты ў Ташкенце і Бухары ёсьць працягам падзеяў, што адбыліся ў Мадрыдзе і якія адбываюцца на поўдні Аўганістану. Праўда, у адрозьненьні ад Мадрыду мэтай сёньняшніх выбухаў у Ташкенце былі, гледзячы па ўсім, міліцыянэры – прадстаўнікі дзяржаўнага апарату”.
(Каліноўскі: ) “Я хацеў бы прагадаць, што ў 1999 годзе некаторыя выказвалі думку, ці не былі тагачасныя тэракты арганізаваныя самімі ўладамі, каб мець падставу абрынуць рэпрэсіі на апазыцыю, як на сьвецкую, гэтак і на ісламісцкую, апраўдаць жорсткія парушэньні правоў чалавека ў краіне. Шмат хто адзначае, што шэраг аўтарытарных рэжымаў выкарыстоўвае міжнародную барацьбу з тэрарызмам як індульгенцыю на бязьлітасную расправу са сваімі палітычнымі апанэнтамі. Хаця кансьпіралягічная вэрсія сёньняшніх тэрактаў ва Ўзьбэкістане падаецца ўсё ж мала абгрунтаванай”.
(Дракахруст: ) “Вы маеце рацыю. Як той казаў, нават у тых, хто хварэе на манію перасьледу, могуць быць ворагі. Узбэкістан – ключавы партнэр Злучаных Штатаў у рэгіёне ў змаганьні з міжнародным тэрарызмам. Наўрад ці тэрарысты сваімі нападамі спадзяюцца адразу і наўпрост паўплываць на палітычную сытуацыю ва Ўзбэкістане, як тое адбылося ў Гішпаніі, дзе падзеі 11 сакавіка спрыялі паразе правага ўраду на выбарах. Але сёньняшнія напады ў Ташкенце і Бухары могуць быць актамі помсты рэжыму Карымава з боку тэрарыстаў.
Гэта сапраўды д’ябальская альтэрнатыва : шмат рэжымаў у рэгіёне ўяўляюць сабой тыповыя ўсходнія дэспатыі. Але альтэрнатыва ім – не дэмакраты эўрапейскага кшталту, а ісламскія фундамэнталісты.
Праўда, варта адзначыць, што такую дылему часткова спарадзілі самі дэспаты, падаўляючы любыя праявы грамадзянскай свабоды”.
(Каліноўскі:) “Тым часам пагрозы тэрактаў застаюцца і ў іншых краінах. У прыватнасьці, дырэктар амэрыканскага Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Робэрт Мюлер сёньня выказаў свой клопат наконт магчымасьці новых тэрарыстычных актаў гэтым летам. Тэрарысты, маючы перад вачыма прыклад уплыву на вынік гішпанскіх выбараў тэрарыстычных атак у Мадрыдзе, ахвярамі якіх сталіся 190 чалавек, могуць захацець паўплываць і на амэрыканскія выбары. У ЗША ў прыватнасьці тэрарысты могуць захацець паўплываць на падзеі і атакаваць партыйныя канвэнты для намінаваньня кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратаў і рэспубліканцаў, якія пройдуць улетку ў Бостане і Нью-Ёрку.
Іншы клопат праваахоўных органаў – бясьпека сёлетніх Алімпійскіх гульняў у Грэцыі. Падрыхтоўка да гэтых гульняў ідзе зь цяжкасьцямі, выбіваючыся з графіку, пачынаючы ад будаўніцтва стадыёнаў і да ўпарадкаваньня тэрыторыяў.
Праблема бясьпекі ў Атэнах, на жаль, не зьяўляецца выключэньнем, – кажа спадар Мюлер. Нягледзячы на тое, што на арганізацыю бясьпекі спартоўцаў і гледачоў на Алімпійскіх гульнях пайшлі сотні мільёнаў даляраў, тым ня менш досьвед Мюнхенскай алімпіяды 1972 году, калі палестынскія экстрэмісты забілі 8 ізраільскіх атлетаў, і бомбавай атакі ў Атланце на гульнях 1996 году, паказвае, што гэтую рызыку нельга ігнараваць”.