НОВАЯ БУЙНАЯ ХВАЛЯ ТЭРАКТАЎ У ІРАКУ

Віталь Цыганкоў, Прага

Новыя і самыя маштабныя за апошнія месяцы тэракты адбыліся ў дні, калі жыхары Іраку пачынаюць адзначаць сьвяты мусульманскі месяц Рамадан.

Самы апошні на дадзены момант напад адбыўся каля офісу прадстаўніцтва Міжнароднага чырвонага крыжа ў Багдадзе, дзе падарвалася начыненая выбуховымі рэчывамі машына. Выбух забраў жыцьці 15 чалавек.

Амэрыканскі генэрал Марк Гэртлінг паведаміў, што гэта быў самагубчы тэракт. Тэрарыст быў спынены каля прапускнога пункту офісу. Вырашыўшы, што ён ня зможа падысьці бліжэй, самагубца падарваў свой аўтамабіль, які, дарэчы, меў адзнаку Чырвонага крыжа.

Прадстаўніца Чырвонага крыжа Нада Думані заявіла: “Мы заўсёды верылі, што мы абароненыя той гуманітарнай працай, якую робім. Мы верылі, што нашая прысутнасьць у Іраку ад 1980 году паказвае нашую поўную нэўтральнасьць. Калі гэты напад паўплывае на нашую дзейнасьць, то першымі ад гэтага пацерпяць самі іракцы”.

Яшчэ чатыры тэракты адбыліся ў панядзелак у Іраку. Аўтамабілі, начыненыя выбухоўкай, падарваліся каля міністэрства прамысловасьці, таксама каля пастарункаў у Багдадзе і горадзе Карх. Сярод ахвяраў – тры амэрыканскія жаўнеры, аднак большасьць – ірацкія паліцыянты і выпадковыя мінакі.

Варта нагадаць, што ў нядзелю адбыўся абстрэл ракетамі гатэлю “Рашыд” у Багдадзе, у якім знаходзіўся намесьнік міністра абароны ЗША Пол Вулфавіц. У выніку абстрэлу забіты амэрыканскі вайсковец – 15 асобаў параненыя. Вулфавіц не пацярпеў. Дзяржсакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл гэтак адрэагаваў на сэрыю новых тэрактаў у Іраку:

(Паўэл: ) “Мы не чакалі, што супраціў у Іраку будзе такім інтэнсіўным і гэткім працяглым. Аднак Пол Вулфавіц быў вітаны як вызваліцель на поўначы Іраку. Я таксама быў сустрэты як вызваліцель, калі я быў на поўначы і ў іншых частках краіны, якія я наведаў месяц таму”.

Тры новыя ахвяры сярод амэрыканскіх вайскоўцаў павялічылі да 112 чалавек агульную лічбу амэрыканцаў, што загінулі ў Іраку пасьля 1 траўня, калі прэзыдэнт Буш абвесьціў пра заканчэньне ваенных дзеяньняў у Іраку.