НАПЯРЭДАДНІ ВЫСТУПУ ДЖОРДЖА БУША Ў ААН ІРАК ЗАСТАЕЦЦА “ЗОНАЙ ВАЕННЫХ ДЗЕЯНЬНЯЎ”

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Аналітыкі зьвязаюць сёньняшні выбух у Іраку з тым, што ён адбыўся напярэдадні выступу на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з прамовай датычна будучыні Іраку.

І падставы дзеля гэтага ёсьць. Крыху болей за месяц таму ужо быў напад на офіс ААН у Багдадзе. Тады загінулі 23 чалавекі, уключна з кіраўніком прадстаўніцтва Сэрджыё Віера дэ Мэлам. Але дадам, што апошнім часам істотна вырасла напружанасьць у Іраку. Напэўна, у гэты ланцуг можна дадаць і суботні замах на жыцьцё сябра Кіруючай рады Іраку, адной з трох жанчынаў, што ўваходзяць у Раду, Акілы Аль-Хашэмі.

Яна была ў складзе дэлегацыі, якая павінна была заняць месца Іраку ў ААН. Чакаецца, што ААН дазволіць часоваму ўраду Іраку заняць гэтае месца. Узмацненьне гвалту ў Іраку відавочнае – ад 1 траўня, з моманту, калі Буш абвесьціў канец баявых дзеяньняў, ужо забітыя болей як 160 амэрыканскіх вайскоўцаў, разам ад пачатку ваеннай кампаніі 20 сакавіка ахвярамі сталі болей як 300 амэрыканцаў.

Працяг гвалту выклікае пытаньне аб амэрыканскім кіраваньні краінай і, натуральна, узьнікае неабходнасьць павелічэньня ролі ААН у пост-садамавым Іраку.

Заўтра на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН выступіць прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. А напярэдадні ён у адмысловым інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу Fox News заявіў, што ён зьбіраецца пацьвердзіць у ААН “правільнасьць свайго рашэньня пра пачатак вайны зь Іракам” і што тыя, “хто далучыўся да ЗША таксама мелі рацыю”.

Буш падкрэсьліў, што сьвет стаў нашмат лепшым без Садама. Буш таксама заявіў, што ён будзе прасіць іншыя нацыі – сябры ААН, каб яны таксама зрабілі болей, дзеля забесьпячэньня бясьпекі і аднаўленьня Іраку.

У гэтым жа інтэрвію Буш сказаў і пра магчымую дапамогу ААН у палітычным разьвіцці Іраку. На ягоную думку, яна магла б быць у напісаньні тэксту канстытуцыі Іраку і назіраньні за выбарамі, калі тыя будуць адбывацца.

ЗША перадалі ў Раду Бясьпекі ААН рэзалюцыю ў ірацкім пытаньні. Цяпер яны шукаюць міжнароднай падтрымкі, каб рэзалюцыю ўхвалілі. Але застаюцца супярэчнасьці ў пазыцыях паміж ЗША і Вялікай Брытаніяй (з аднаго боку) і Францыяй, Нямеччынай (з другога).

Заўтра Джордж Буш зьбіраецца ў Нью-Ёрку паасобку сустрэцца з кіраўнікамі Францыі і Нямеччыны. У гэты ўікенд у Бэрліне кансультаваліся між сабой Шырак, Блэр і Шрэдэр. Але пра зьбліжэньне можна казаць толькі ў тым сэнсе, што яны паразумеліся ў неабходнасьці большага ўплыву ўсясьветнай супольнасьці ў Іраку і што, як сказаў у суботу Блэр, ключ да паразуменьня ў ірацкім пытаньні ляжыць у ААН.

Зрэшты, прэзыдэнт Францыі Жак Шырак сёньня перад вылетам у Нью-Ёрк заявіў, што ягоная краіна ня заблякуе ірацкай рэзалюцыі ЗША, што датычыць выправы ў Ірак міжнародных сілаў. Але ён папярэдзіў, што не падтрымае рэзалюцыю, калі ў ёй ня будзе ўказаны тэрмін дасягненьня поўнага сувэрэнітэту Іраку, г. зн. перадачы ўлады самім іракцам.

Францыя і Нямеччына таксама супраць накіраваньня сваіх войскаў у Ірак. Нямеччына, прыкладам, выказала іншыя магчымасьці сваёй дапамогі Іраку – яна можа навучаць ірацкія паліцэйскія і вайсковыя сілы. А Францыя прапанавала дэталёвы плян як мага болей хуткай перадачы ўлады іракцам.

Вяртаючыся да інтэрвію Буша, што выйшла ў эфір мінулай начы, дык прэзыдэнт ЗША сказаў таксама, што незалежна ад таго, што асобныя краіны не пагаджаліся з мэтазгоднасьцю ваеннай акцыі ў Іраку, яны цяпер разам з усёй ўсясьветнай супольнасьцю ня могуць ня ўдзельнічаць у вырашэньні глябальных праблемаў.

І ў адным шэрагу з такімі глябальнымі праблемамі, як пашырэньне зброі, СНІД, голад – праблема аднаўленьня і Іраку, і Афганістану. А вось, што тычыцца наданьньня ААН непасрэдна большых паўнамоцтваў у вырашэньні ірацкіх праблемаў, прэзыдэнт заявіў, што “ня ўпэўнены, што зараз гэта неабходна”. Цалкам сваю пазыцыю Джордж Буш агучыць заўтра на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.