У ЮРМАЛЕ ПРАХОДЗІЦЬ БАЛТЫЙСКІ ФОРУМ

Юры Сьвірко, Юрмала

Расейскі Савет вонкавай і абароннай палітыкі, вельмі ўплывовы ў Маскве, падаў на Балтыйскі форум грунтоўны аналітычны даклад, прысьвечаны трансфармацыі былых камуністычных дзяржаваў. У разьдзеле пра вынікі гэтай трансфармацыі зазначаецца: “Ва Ўкраіне і Беларусі практыкуецца працягваньне паўнамоцтваў дзейных уладаў, дзеля чаго выкарыстоўваюцца ці могуць выкарыстоўвацца ўсенародныя рэфэрэндумы, што аб’ядноўвае гэтыя краіны з постсавецкай Цэнтральнай Азіяй”.

Далей даклад СВАП сьцьвярджае: “У Беларусі ў выпадку палітычных зьменаў сыстэма можа быць дэмантаваная, але можа аднавіцца празь нейкі час”. У кулюарах Балтыйскага форуму кажуць, што менавіта гэтым дакладам расейская эліта ўрэшце прызнала, што ёсьць альтэрнатыва кіраваньню А.Лукашэнкі. Такім чынам, пра расейска-беларускую інтэграцыю ў Маскве асабліва ня думаюць. Расейцаў больш цікавіць інтэграцыя з Эўразьвязам. Далей робіцца выснова: “Канфрантацыйны сцэнар цалкам выключаны, з прычыны сутнаснай зацікаўленасьці Расеі ў разьвіцьці партнэрскіх стасункаў з Эўразьвязам”.

А потым як адзін з чыньнікаў, што перашкаджаюць гэтаму партнэрству, згадваецца Беларусь, а таксама Ўкраіна, якіх крытыкуюць за нястачу палітычных свабодаў.

Даклад СВАП падкрэсьлівае замежнапалітычную эвалюцыю Пуціна пасьля пашырэньня НАТО і Эўразьвязу, і ніводнага слова не прысьвячае саюзнай дзяржаве ці нават саюзу зь Беларусьсю. Аднак жа афіцыйны прадстаўнік Беларусі на Балтыйскім форуме прарэктар менскай Акадэміі кіраваньня Яўген Матусевіч выступіў з прамовай, якая проста выпала з кантэксту юрмальскай канфэрэнцыі.

Спадар Матусевіч заявіў, што праца над стварэньнем саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ідзе пастаянна і настойліва. Ён жа прызнаў:

(Матусевіч: ) “Чым далей зацягваецца працэс рэфармаваньня, чым больш цягнецца сытуацыя з прыняцьцем канкрэтных дакумэнтаў палітычнага, юрыдычнага, эканамічнага і абароннага характару, тым больш зьніжаецца, натуральна, узровень настрояў у падтрымку інтэграцыйных рухаў дзьвюх дзяржаваў. Пачыналі мы ў свой час з таго, што 82% насельніцтва рэспублікі найактыўнейшым чынам падтрымлівала працэс інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй. Цяпер рэальны ўзровень падтрымкі – 62%”.

Яшчэ адзін удзельнік форуму, былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч сказаў:

(Марыніч: ) “Мяне вельмі сур’ёзна ўзрадавала, што расейская эліта, якая прысутнічае на Балтыйскім форуме, больш прагматычна ацэньвае інтэграцыйны працэс – і ў тым уласны шлях інтэграцыі й супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Гэта вельмі станоўчы чыньнік”.