ЗША: ПЛЯНЫ ЯДЗЕРНЫХ УДАРАЎ УСЯГО ТОЛЬКІ ТЭОРЫЯ

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У нядзелю Дзяржаўны сакратар Колін Паўэл і кіраўнік Аб’яднанага кіраўніцтва штабоў гэнэрал Рычард Маерс выступілі ў праграмах тэленавінаў, каб супакоіць эўрапейскіх і блізкаўсходніх лідэраў і растлумачыць, што амбіцыйныя канцэпцыі ядзерных нападаў ёсьць толькі тэарэтычнымі распрацоўкамі часткі вайны супраць тэрарызму.

“Мы не павінны разумець гэта ў тым сэнсе, што Злучаныя Штаты плянуюць ужываньне ядзернай зброі ў нейкай непрадбачанай сытуацыі, якая можа скласьціся ў недалёкай будучыні, – сказаў Паўэл у праграме навінаў CBS “Тварам да нацыі” і дадаў: – Такога няма. Тое, што зрабіў Пэнтагон – гэта звычайнае ваеннае канцэптуальнае дасьледаваньне, якое прэзыдэнт вывучыць і потым дасьць свае інструкцыі для далейшых дзеяньняў”.

У свавю чаргу генэрал Маерс сказаў праграме CNN наступнае: “Паўтараю, што гэта ня плян. Але гэта неабходная інфармацыя для прэзыдэнта краіны, патрэбная на той выпадак, калі мы альбо нашыя сябры ці супольнікі будуць атакаванымі зброяй масавага зьнішчэньня”.

У той самы час памочнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс сказала: “Гэта сталая практыка, калі прэзыдэнт мае накірункі адказу ў выпадку ўжываньня супраць нас зброі масавага зьнішчэньня з боку іншай дзяржавы... Адзіны спосаб прадухіліць такое ўжываньне – гэта даць выразна зразумець, што адказ будзе зьнішчальным”.

Ня многія ўрады пасьпелі адрэагаваць на інфармацыю з Пэнтагону, паколькі яна зьявілася толькі пры канцы тыдня. Не было ніякіх афіцыйных камэнтароў і з боку Расеі ды Кітая – дзьвюх ядзерных дзяржаваў, улучаных у сьпіс патэнцыйных супаратаў. Затое неафіцыйная рэакцыя часта была вельмі колкай.

“Я думаю, што гэта непрымальна для бальшыні людзей. Выглядае, што адміністрацыя Буша ўзяла курс на вяртаньне да стратэгіі халоднай вайны”, – сказаў дырэктар кітайскага Інстытуту міжнародных зносінаў Ян Ксуэтонг.

Сярод тых, хто зразумеў інфармацыю літаральна і даў ёй просталінейную ацэнку, быў і прадстаўнік расейскай Думы, які заявіў, што пасьля 11 верасьня “ЗША страцілі кантакт з рэчаіснасьцю, у якой яны жывуць”.

Адзін з экспэртаў заявіў, што інфармацыя пра ядзерныя ўдары ставіць у сур’ёзную сытуацыю прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра, які падтрымлівае антытэрарыстычную стратэгію Злучаных Штатаў. Адзначым, што сёньня для перамоваў з Блэрам у Лёндан прыехаў віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні.

Фарук Аль-Шараа – міністар замежных справаў Сірыі, якая знаходзіцца ў сьпісе патэнцыйных цэляў атакі сказаў, што ягоная краіна будзе зьвяртацца ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў, каб Рада Бясьпекі ААН пацьвердзіла параўдзівасьць інфармацыі пра сьпіс патэнцыйных краінаў-мэтаў атакі. У той самы час кіраўнік сырыйскага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Гайхам Аль-Кейлані бачыць у паведамленьні Пэнтагону спробы запалохаць блізкаўсходніх супаратаў Злучаных Штатаў у часе бязладзьдзя ў рэгіёне.

Непакорны Ірак заявіў, што ЗША засяроджанае не на ўжываньні ядзернай зброі, а на зьнішчэньні ўраду Садама Хусэйна.

Прадстаўнік іранскага ўраду Абдулах Рамэзанзадэхэ заявіў, што ЗША здольныя атакаваць якую заўгодна краіну, але сёньня Іран не разглядае сябе беспасярэднім адрасатам такой атакі.